«Мабыць, як пры СССР будуць забіраць пашпарты ці прымусова з гарадоў пхаць людзей у вёску»

Палітолаг — пра вельмі просты рэцэпт захавання і развіцця сяла, і чаму ён невыканальны для беларускай дзяржавы.

img_20210412_143206__1___1__logo.jpg.webp

На праваслаўнае Раство падчас наведвання храма ў Шаршунах Лукашэнка ў прамове перад прыхаджанамі заявіў, што ў дзяржаў, якія разбурылі вёскі, «няма будучыні».

— Згубім вёску — згубім дзяржаву, яе проста не будзе. Таму я вам абяцаю як чалавек, які вырас на вёсцы, ведаючы жыццё сельскага чалавека, складанасці і цяжкасці, я зраблю ўсё, каб захаваць нашу вёску. Каб вёска — яна сёння ёсць карміліца нашых людзей, фундамент нашай дзяржавы — была моцнай, магутнай і квітнеючай, — заявіў правіцель.

Але ж рэч у тым, што падобныя пафасныя абяцанні падтрымаць вёску беларусы чуюць рэгулярна, а вынікі за 30 гадоў знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе не тое каб пазітыўныя. Так, паводле звестак Белстату, з 1994 да 2023 года колькасць сельскага насельніцтва скарацілася з 3,3 мільёна чалавек да 1,99 мільёна. Нікуды не падзеліся, нават узмацніліся і праблемы з працай, гандлем, дасяжнасцю адукацыі і медабслугоўвання.

Улады, вядома ж, знаходзяць пэўныя рашэнні: напрыклад, задзейнічаюць у бітве за ўраджай вайскоўцаў, а яшчэ павялічваюць колькасць мэтавікоў і падаўжаюць тэрмін адпрацоўкі для іх. Але ці выправяць сітуацыю такія захады, ці «фундамент дзяржавы» працягвае крышыцца і развальвацца?

Пра тое, чаго чакаць беларускай вёсцы ад новай хвалі «ратавання» і чаму дзяржпадтрымка не прыносіць плёну, «Филин» пагутарыў з экс-дзяржслужачым, палітолагам Анатолем Котавым.

— Галоўная праблема беларускай вёскі, з чаго вынікае, што нічога не зменіцца, а будзе толькі горш — гэта падыход уладаў да разумення таго, што патрэбна людзям, якія яшчэ жывуць і працуюць на вёсцы, ці наадварот, якія адтуль з’язджаюць — чаму яны гэта робяць.

Вядома, можна ўсё спісваць на тое, што ў заходняй цывілізацыі (а мы ўсё ж бліжэй да Захаду) ручная праца становіцца менш запатрабаванай, ідзе механізацыя і г.д. То-бок, суцяшаць сябе тым, што працэс скарачэння людзей на вёсцы носіць натуральны характар.

Але ж праблема, якая за 30 год не вырашаная і да вырашэння якой беларускія ўлады нават не наблізіліся — права ўласнасці на зямлю. Даступнасць зямлі для тых, хто жадае на ёй працаваць.А таксама гарантыі недатыкальнасці гэтага права ўласнасці ў доўгатэрміновай перспектыве.

Гэта вельмі простая рэч: чым далей, тым менш людзей гатовыя працаваць не на сваім і жыць не ў сваім. І калі з жытловай нерухомасцю (не бяром пад увагу штучныя аграгарадкі, гэта асобная гісторыя) яшчэ больш-менш нармалёва, тут прыватная ўласнасць існуе — то з зямлёй, якую нехта і жадаў бы апрацоўваць, браць яшчэ большы аб’ём земляў, ствараць буйнейшую гаспадарку, — тут сістэмная бяда, якая не вырашаецца.

А гэта, натуральна, не спрыяе таму, каб людзі заставаліся ў вёсцы і працавалі на зямлі. Наогул цяжка знайсці краіну, дзе былі б прыгожыя, дагледжаныя вёскі — і не было б прыватнай уласнасці на зямлю.


Глядзіце таксама

Усё, што «сацыялістычна-камуністычна-камунальнае», дзе людзей фактычна прымушаюць працаваць на чужой зямлі, прыводзіць да таго, што яны пачуваюцца не гаспадарамі, а наймітамі. Адсюль і стаўленне адпаведнае: усё наўкол калгаснае, то-бок, нічыйнае.

За 30 год, канстатуе Анатоль Котаў, рэжым Лукашэнкі не наблізіўся да вырашэння праблемы прыватнай уласнасці на зямлю. Для фермераў няма даступных крэдытаў на набыццё зямлі і тэхнікі, нават на тое, каб разбудаваць свае хаты, узбуйняць гаспадарку, «каб вёска, умоўна кажучы, з драўлянай рабілася каменнай».

Сітуацыю ў Беларусі палітолаг параўноўвае з суседняй Польшчай, дзе вёска хоць і была не цалкам «калгаснай», але пасля развалу СССР паўстала самая праблема: як заахвоціць людзей працаваць на зямлі і заставацца на сяле, асабліва ва ўсходніх рэгіёнах, бліжэйшых да Беларусі, так званая «Польшча Б».

— І толькі тым, што былі ільготныя крэдыты, субсідыі на тое, каб людзі займаліся сваёй справай — на сваім, менш чым за 30 гадоў яны дамагліся таго, што гэтай «польскай Б» ужо амаль няма, яна па развіцці дагнала, а дзе-нідзе і перагнала «Польшчу А», у прыватнасці, на вёсцы, — зазначае Анатоль Котаў.

— Аграгарадкі, ФАПы, вясковыя крамы — гэта ўсё добра, але не тады, калі яно ствараецца штучна. Няслушна меркаваць, што няма людзей у вёсцы таму, што няма лякарні: у нармалёвай сітуацыі лякарня сама з’явіцца, калі ў вёсцы ёсць людзі, калі ў іх ёсць галоўнае — матывацыя жыць і працаваць. Бо адзінае, што добра трымае людзей на зямлі — іхняя ўласнасць, свой дом і свая зямля.

Пакуль не будзе зменены гэты падыход — усё, што адбывалася з вёскай на працягу 30 гадоў, калі яе «ратавалі» і ў чарговы раз будуць «ратаваць», так і працягнецца. І насамрэч яе будуць далей забіваць.

Аналітык звяртае ўвагу, што яшчэ вынікае з прамоў правіцеля аб захаванні вёскі. Нядаўна Лукашэнка, прызначаючы памочніка па Віцебскай вобласці, распарадзіўся: маўляў, трэба браць людзей з горада, каб яны працавалі на складанай тэхніцы, «энерганасычаных  камбайнах і трактарах».

— Вынікае, што працаўнікі, якія засталіся ў вёсцы, не настолькі адукаваныя, каб працаваць на сучаснай тэхніцы. Нават калі пакінуць убаку момант, што і тэхніка не зусім сучасная — атрымліваецца, не хапае людзей з нармальным узроўнем адукацыі, і трэба ці то грашыма заманьваць, ці пад прымусам людзей з горада цягнуць, каб яны працавалі ў пасяўную ці ўборачную кампанію? Але ж гэта цалкам ненатуральны працэс, які сведчыць аб тым, што людзей у вёсцы значна менш, чым магло быць пры існуючым узроўні механізацыі.

Мабыць, як у «добрыя савецкія часы», якія так любіць згадваць Аляксандр Лукашэнка, будуць ці то забараняць з’язджаць — папросту адбіраць пашпарты, ці то прымусова з гарадоў пхаць людзей у вёску. І гэта зноў не прывядзе да нейкіх добрых вынікаў.

Калі б людзям далі ўласнасць, даступныя крэдыты, калі б у іх была поўная ўпэўненасць, што праз год-два гэтую зямлю не забяруць назад, бо інвестыцыі ў сельскую гаспадарку — перспектыва на дзесяцігоддзі, — гэта і было б тым чыннікам, які замацоўваў бы людзей на зямлі. Але тое не пра сучасную беларускую дзяржаву. Даць людзям не абмежаваную дзясяткамі ўзгадненняў уласнасць на зямлю — рэцэпт для дзеючай улады невыканальны.

P. S. Вось дзве свежыя навіны, якія цудоўна адлюстроўваюць стасункі паміж дзяржавай і працаўнікамі на вёсцы. У Беларусі МАРГ падаў у суд на фермера за не пазначаны ў дакументах памер капусты (яго аштрафавалі), а ў Германіі і Літве фермеры пачалі забастоўкі, патрабуючы захавання падатковых ільгот, у прыватнасці, коштаў на паліва (і ўрады вядуць з імі перамовы і гатовыя да саступак). Ці не праўда, якое рознае стаўленне да падмурку харчовай бяспекі дзяржавы?