Арышт сенатаркі Шарэйка: перайшла дарогу чыноўнікам?

На птушкафабрыцы называюць сваю версію арышту дырэктаркі.



sharejka.jpg

Ганна Шарэйка. Фота pridvinje.by
14 жніўня са згоды Савета Рэспублікі сенатарка Ганна Шарэйка была пазбаўлена дэпутацкай недатыкальнасці і затрыманая. Яе вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы, якую яна ўзначальвае.

На прадпрыемстве ананімна расказваюць, што прычынай арышту мог стаць канфлікт з іншым прадпрыемствам. Маўляў, летась да дырэктара птушкафабрыкі звярнуліся з прадпрыемства, якое выпускае кармы для птушак. Прапанавалі заключыць кантракт. Шарэйка адмовілася: не сышліся на кошце-якасці. У выніку яна заключыла дамову з латвійскай кампаніяй. Нібыта нават з улікам размытнёўкі атрымлівалася танней, чым закупаць у Беларусі. Беларуская ж кампанія карысталася падтрымкай абласных чыноўнікаў. Такое «самаўпраўства» камусьці не спадабалася.


А па выніках 2013 года птушкафабрыка апынулася ў мінусах, бо грошы інвеставалі ў сваё пашырэнне. І ў сукупнасці ўсё стала падставай для пільнай праверкі. Магчыма, нейкія крокі мэнэджараў палічылі перавышэннем службовых паўнамоцтваў, адзначаюць на фабрыцы.
«З адназначным выразным стаўленнем да яе я не сутыкаўся. Але мала ў горадзе, у Беларусі людзей, якіх ведаюць як кіраўніка канкрэтнага прадпрыемства, якое істотна развілася. Фабрыка стала знакавым, пазнавальным брэндам. Прадукцыя была разнастайнай. Яны стварылі ўласную сетку рознічнага гандлю, кавярні, рэстарацыю, месца адпачынку. Густоўныя, як прынята ў нас казаць, еўрапейскага тыпу месцы. Гэта была і ініцыятыва Ганны Васільеўны. На фабрыцы імкнуцца да культурнага адпачынку работнікаў», — расказаў жыхар Віцебска Віталь.
Віцябчук Сяргей заўважыў, што пра магчымы арышт Шарэйка загаварылі яшчэ ў пачатку ліпеня, калі адбыліся арышты іншых людзей на фабрыцы. І калі падчас «Славянскага базару» перад канцэртамі называліся спонсары, агучылі прозвішча і Шарэйка. І некаторыя здзівіліся, бо думалі, што яна ўжо не ў фаворы, калі не пад арыштам. «Калі пра кагосьці, як у выпадку з арыштам намесніка старшыні аблвыканкама Кавалёвым, хадзілі чуткі, абмяркоўваліся версіі, то пра яе нічога не кажуць — ніякіх версій я не чуў», — адзначыў Сяргей.
Па яго словах, фабрыка давала працу вялікай колькасці людзей з навакольных вёсак. «Заробкі там, наколькі ведаю, добрыя».
А крамы і кавярні фабрыка будавала не толькі ў цэнтры Віцебска, а і ў новым раёне Білева, дзе яшчэ нават няма ўсёй інфраструктуры. І людзям гэта падабалася.
Віцебская бройлерная фабрыка — гэта вялікая вытворчасць, якая размяшчаецца ў розных месцах. Тут адбываецца ўвесь вытворчы цыкл: ад атрымання яек і вырошчвання маладняку да перапрацоўкі мяса ў гатовую прадукцыю. Фабрыка ўключае ў сябе цэх завадскога маладняку, цэх бацькоўскага статку кур-нясушак, два бройлерныя цэхі, цэх інкубацыі, два цэхі забою і перапрацоўкі мяса птушкі, цэх гатовай прадукцыі. У прадпрыемства ёсць уласныя крамы.
Віцебскай бройлернай фабрыцы належыць брэнд «Ганна».
«Яшчэ гадоў 10 таму здавалася, што наблізіцца да ўзроўню заходнееўрапейскіх прадпрыемстваў нерэальна. А сёння ўжо замежныя спецыялісты дзівяцца нашым поспехам. У прыватнасці, аб’ёмам і якасці перапрацоўкі з мяса птушкі, якой на Захадзе мала хто займаецца», — адзначала ў адным з інтэрв’ю Шарэйка.
nn.by