Імя «сенатаркі» Шарэйкі было гандлёвым брэндам

У Віцебску імя «сенатаркі» Ганны Шарэйкі, якую на пазачарговай сэсіі Савета Рэспублікі пазбавілі недатыкальнасці, ведае бадай што кожны. Бо гандлёвая марка птушкафабрыкі, дзе яна працавала дырэктарам, так і называецца — «Ганна».



hanna.jpg

Імя кіраўніцы стала не толькі гандлёвым брэндам: пад назовам «У Ганны» у Віцебску працуюць две кавярні, рэстарацыя ў абласным цэнтры і ўстанова прыдарожнага сэрвісу «Прыазёрны двор «У Ганны» каля мястэчка Должа па дарозе з Віцебска на Гарадок.
Праўда, прызначаны для «дальнабойшчыкаў» аб’ект карыстаецца попытам не столькі ў кіроўцаў, колькі ў аматараў адпачынку на прыродзе, гаворыць актывіст з Гарадка Леанід Гаравы:
«Гэта будавалася па праграме „500“, згодна з якой трэба было ўзвесці 500 аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. Стаіць кавярня пры дарозе Р115 Віцебск —Гарадок, але кіроўцы тут мала спыняюцца. Тут гуляюць вяселлі ды іншыя святы адзначаюць, пераважна прыежджыя з Віцебска».
«Сенатарка» Ганна Шарэйка ў Савеце Рэспублікі была ў камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, а таксама прадстаўляла Віцебскі, Дубровенскі, Лёзненскі і Гарадоцкі раёны.

Ці адчуваўся яе сенатарскі клопат у Гарадку?


Адказвае Леанід Гаравы: «Ганна Шарэйка часта згадвалася ў нашай раённай газеце. Пісалі пра дзейнасць Шарэйкі ў камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Пра нацыянальную бяспеку асабліва не вялося, толькі пра наладжванні гандлёвых сувязяў Беларусі з рознымі краінамі. Прыяжджала сюды Ганна Шарэйка, мабыць, толькі аднойчы — сустракалася з жыхарамі вёскі Бычыха, абяцала вырашыць іхныя праблемы... Нічога асабліва з таго, што яна сенатарка, не адчувалася. Хіба толькі тое, што ў нас ёсць крама „Ганна“ — фірмовая крама птушкафабрыкі. Памяшканне выкупілі ў „Райгазу“, і гэтая крама заўжды рабіла вялікі таваразварот, параўнальны хіба з „Еўраоптам“. Там дзейнічае і сістэма зніжак, і прадукты заўжды свежыя. Гэта ж цэлая сетка крамаў тут, на Віцебшчыне».
Па ўсіх знешніх прыкметах, птушкафабрыка «Ганна» з'яўляецца паспяховым прадпрыемствам. А яго кіраўніцтва — схільным да навацыяў у пошуку новых шляхоў збыту. Прыкладам, з 2013 году ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» пачала вытворчасць прадукцыі з маркіроўкай «Халяль»: як сказана на інтэрнэт-сайце прадпрыемства, гэта прадукты «не толькі чыстыя з пункту гледжання духоўнасці, але і чыстыя з пункту гледжання экалогіі, правільнага дыетычнага харчавання».
Прадукцыя з эмблемай у форме яйка і вясёлай курачкай усярэдзіне неаднаразова займала першыя месцы ў розных намінацыях міжнародных выставак харчовых тавараў. А дырэктарка птушкафабрыкі Ганна Шарэйка была ўзнагароджана ордэнам Пашаны, медалём «За працоўныя заслугі», была прызнана пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2008» у намінацыі «За высокі прафесіяналізм».
Птушкафабрыку неаднаразова наведваў Аляксандар Лукашэнка. Апошні раз, у 2006 годзе, ён вельмі ўхвальна паставіўся да дзейнасці прадпрыемства, а Ганна Шарэйка падзялілася з ім планамі наконт рэканструкцыі вытворчасці, на якую на той час былі патрэбны 65 мільярдаў рублёў.
А ў 2012 годзе дырэктарка птушкафабрыкі стала гераіняй вялікага скандалу: падчас абмеркавання бюджэту на наступны год у Савеце Рэспублікі яна заявіла, што беларускія дзяржбанкі спынілі выдачу крэдытаў на фінансаванне дзяржпраграм і павысілі маржу да стаўкі рэфінансавання (30%) да 12-15 адсоткавых пунктаў. Прынамсі, такая сітуацыя склалася з крэдытамі ў беларускіх рублях па праграме развіцця птушкагадоўлі, і «пад такія стаўкі не можа крэдытавацца ні адно, нават паспяховае прадпрыемства», — сказала тады Ганна Шарэйка.
«Беларусбанк» тут жа выпусціў прэс-рэліз, у якім фактычна абвінаваціў сябра Савета рэспублікі Ганну Шарэйку ў хлусні. На тым усе размовы пра скандальны выступ сенатаркі сціхлі.
Новы скандал вакол віцебскай бройлернай птушкафабрыкі разгарэўся ўжо сёлета: у ліпені Следчы камітэт распачаў расследванне справы пра карупцыю ў дачыненні да шэрагу службовых асобаў з ліку адміністрацыі птушкафабрыкі. Некалькі чалавек былі затрыманыя паводле падазрэння ў злоўжыванні паўнамоцтвамі. Затрыманне самой Ганны Шарэйкі тады было немагчымым — з-за недатыкальнасці, якой яе пазбавілі 14 жніўня.
Ганна Шарэйка нарадзілася ў 1960 годзе ў вёсцы Антопалле Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут, Усерасійскі навукова-даследчы і тэхналагічны інстытут птушкагадоўлі. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.
Працавала ў саўгасе «Слідчаны» Чашніцкага раёна, у аб’яднанні «Белсельгастэхніка». Кар’еру на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы пачала з пасады аператара.
svaboda.org