Бізнес па-крычаўску: 7 месяцаў гендырэктар забіраў у падначаленых прэміяльныя
Як паведаміла прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, скончана расследаванне крымінальнай справы супраць былога гендырэктара ААТ «Крычаўцэментнашыфер». Яго вінавацяць у карупцыі.
«Следствам уснаноўлена, што, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, былы кіраўнік даваў незаконныя ўказанні кіраўнікам структурных адзінак арганізаваць на пастаяннай, сістэмнай
аснове збор і перадачу яму грашовых сродкаў з прэміяльных выплат работнікаў, якія былі абгрунтавана атрыманыя на падставе загадаў гендырэктара», — адзначылі ў СК. Па такой схеме
кіраўнік працаваў з сакавіка па верасень 2013. І атрымаў 214 мільёнаў рублёў. Падчас расследавання гэтую суму абвінавачаны кампенсаваў.
Таксама следчыя ўстанавілі, што кіраўнік браў грошы ад прадстаўнікоў прыватных прадпрыемстваў за вырашэнне пытанняў у сваёй кампетэнцыі.
На маёмасць і грошы абвінавачанага накладзены арышт — на агульную суму больш за 1 мільярд 670 мільёнаў рублёў. Ён знаходзіцца пад вартай. Па справе прыходзіць 148 пацярпелых. Матэрыялы
справы перададзены пракурору для накіравання ў суд.
nn.by