Віцебскія ўлады правялі сустрэчу з зацікаўленымі бакамі без зацікаўленых бакоў (фота)
Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт даслаў адказ на зварот 4108 жыхароў мікрараёнаў Білева ў Віцебску наконт выканання абяцанняў пабудаваць паліклінічны комплекс.
У адказе адзначана, што распрацаваны архітэктурны праект па першай чарзе аб'екту, які прайшоў экспертызу і атрымаў станоўчае экспертнае заключэнне. Усяго чэргаў чатыры. Патрабуецца шмат грошай — 5,6 млрд рублёў. Існуе Праграма ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя Віцебска і раёна на 2011–2015 гады, "у адпаведнасці якой прадугледжана і фінансаванне аб'ектаў". Далей распавядаецца, у якіх установах жыхары Білева могуць атрымаць медыцынскую дапамогу. 30 ліпеня адбылася сустрэча зацікаўленых бакоў у памяшканні школы №46.
"Праўда, тут канцоў не знойдзена. Абтэлефанаваўшы падпісантаў, мы высветлілі, што аб'явы пра сустрэчу былі дзе-нідзе павешаныя на пад'ездах за дзень да сустрэчы. Нас, зборшчыкаў і галоўных адрасантаў, на сустрэчу не пазвалі, нават пра тое мы даведаліся пастфактум, паколькі адказ быў нам накіраваны гарвыканкамам толькі 1 жніўня. Вось такі фармалізм і абыякавасць Віцебскага гарвыканкаму ў дачыненні да грамадзянаў", — адзначыла ініцыятар збору подпісаў, каардынатар віцебскага абласнога аргкамітэту БХД Таццяна Севярынец.
Яна таксама распавяла, што яе з Алёнай Шабуняй на 6 жніўня запрасілі на сустрэчу са старшынёй Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Міхаілам Партным, але раніцай 6 жніўня сустрэчу адмянілі, спаслаўшыся на тое, што старшыню адпраўляюць у саўгас на бітву за ўраджай.