Актывісты БХД сабралі 1,5 тыс. подпісаў за здраўпункт на рэчавым рынку ў Гродне (фота)
Актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Гродне збіраюць подпісы сярод прадаўцоў і наведвальнікаў рэчавага рынку за тое, каб на яго тэрыторыі адчыніліся здраўпункт, аптэка і дзіцячая пляцоўка для дзяцей да сямі гадоў. Пад зваротам падпісаліся каля 1,5 тысяч грамадзян.

"Здраўпункт на рынку вельмі патрэбны. Здараецца, што "хуткія" сюды даехаць проста не паспяваюць. Нядаўна так памёр чалавек", — кажа каардынатар аргкамітэту БХД па Гродзеншчыне Мікола Баўсюк.
"Людзі падтрымліваюць збор подпісаў, удзячныя. Пытаюцца, хто гэта робіць. Мы тлумачым, што ініцыятыва зыходзіць ад БХД, а запыт — ад грамадзян", — адзначае ён.
У бліжэйшых планах гарадзенскіх актывістаў — вырашэнне праблемаў у мікрараёне Дзевятоўка, дзе існуюць вялікія праблемы са стаматалогіяй і моцна загружанае дзіцячае аддзяленне паліклінікі.
Апроч таго, паведаміў Мікола Баўсюк, у мястэчку Свіслач зараз ідзе збор подпісаў за прыцягнення інвестараў, бо пасля закрыцця цагельнага заводу многія людзі засталіся без працы.


