Выява Фары Вітаўта на выставе ў Гародні
Выставу да 100-годдзя Івана Мядзведзева, якая расказвае пра яго падарожжы і вандроўкі, адкрылі ў Гарадзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Экспазіцыя ўяўляе сабой яго малюнкі і эскізы, сярод якіх і вядомая выява гарадзенскай Фары Вітаўта.

Пра аўтара расказвае супрацоўніца мастацкага аддзела музея Юлія Смародзінава:
– Нарадзіўся ў Расіі, вучыўся ў мастацкай вучэльні імя Рэпіна. Быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. У 1947 годзе стаў сябрам Саюза архітэктараў. Пасля вайны ён удзельнічаў у адбудове мінскага Дома ўраду. Адначасова пачаў займацца і станковым мастацтвам. На сваіх працах ён выяўляў і свае падарожжы: Кранштат і ўзбярэжжа Балтыйскага мора. У 1959 годзе Іван Мядзведзеў пераехаў у Мінск.

Ён быў галоўным мастаком Мінска і зрабіў эскізы да яго святочнага аздаблення, калі святкавалася 900-годдзе горада. Цэлы шэраг акварэляў, прысвечаных Беларусі і нашаму гораду – Гародні. Мастак адлюстроўваў пераважна старажытную частку горада ў перыяд 50-х гадоў, занатоўваючы відарысы вуліц, якія сёння змяніліся, а таксама архітэктурных помнікаў, якія цяпер выглядаюць па-іншаму. Гістарычную цікавасць уяўляе таксама будаўніцтва Гарадзенскай абутковай фабрыкі, выява Гарадской воданапорнай вежы, а таксама выгляд гісторыка-археалагічнага музея з боку Нёмана.

На адкрыццё выставы прыйшлі гарадзенскія мастакі і краязнаўцы, а таксама гарадзенцы, якім цікава пабачыць выявы амаль 60-гадовай даўніны. Выставу можна ўбачыць да канца лета.
Андрэй Мялешка, budzma.by
Фота Яна Лялевіча