БХД падала заяўкі на пікеты супраць распальвання Расіяй вайны ва Украіне і генацыду хрысціянаў Іраку

Кіраўніцтва аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" падало заяўкі на пікеты 28 жніўня каля дыппрадстаўніцтваў Расіі і Іраку ў Менску.



bchd4.jpg

Галоўная мэта пікетаў — патрабаванне міру і спынення вайсковых канфліктаў. Ля амбасады Расеі актывісты БХД плануюць выступіць супраць умяшальніцтва Расіі ва ўнутраныя справы Украіны і распальвання ёю канфлікту на ўкраінскім усходзе, ля амбасады Іраку — патрабаваць тэрміновага спынення генацыду і пераследу хрысціянаў і іншых рэлігіных меншасцяў краіны джыхадыстамі і абароны ўладамі гэтай азіяцкай краіны пераследуемых.

Заяўкі на пікеты падалі адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі, каардынатары менскіх гарадской і абласной арганізацый аргкамітэту Вольга Кавалькова і Павел Пракаповіч.

Даты пікетаў вельмі сімвалічна супадаюць з набліжэннем 75-й гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны, якая таксама распачалася з папушчальніцтва сусветнымі лідарамі дзеянняў краін-агрэсараў: Нямеччыны, Італіі і Японіі.
Прэсавая служба БХД