«Навошта гаранту такі росквіт, у якім у яго не будзе яго асабістай стабільнасці?»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра тое, як барацьба за стабільнасць ператварыла «краіну для жыцця» ў «краіну для эміграцыі».
![image_9_1.png image_9_1.png](/img/v1/images/image_9_1.png?f=f&h=396&o=0&u=1737628269&w=528)
Учора экстрэмісты кібернетычнай накіраванасці (а можа нават і тэрарысты, я неяк апошнім часам не сачыў) напісалі, што ў 2022 годзе траціна мінчукоў хацела з'ехаць з Беларусі з палітычных матываў. Таму што 40 адсоткаў лічылі, што інтарэсы народа і ўлады разышліся ў процілеглых кірунках. І толькі 8 адсоткаў яшчэ мелі да ўладаў нейкія ілюзіі.
Як ты разумееш, экстрэмісты не самі гэтыя працэнты падлічылі. Яны скарысталіся звесткамі, якія былі ласкава, —але можа не вельмі добраахвотна — пададзеныя Мінскім гарвыканкамам. Таму што так Мінскі гарвыканкам такія даныя падае толькі каму належыць. А каму не належыць, таму ён і не дае.
Астатнія мясцовыя ўлады не былі такімі ветлівымі, каб даць аналагічныя даныя. Таму колькі народу хацела збегчы са стабільнасці з усёй краіны, мы дакладна не ведаем. Але нешта я магу здагадвацца, што лічбы там наўрад ці прынцыпова адрозніваюцца.
Гэта значыць, з 2022 года штатныя сведкі стабільнасці былі ў курсе, што народ хоча збегчы з гэтай стабільнасці куды далей. А мінімум паўмільёна ўжо збеглі. І ўжо нават сёй-той асабіста скардзіўся, што ў яго ў стабільнасці працаваць няма каму. Ну а што ён хацеў? Сведкам стабільнасці працаваць няма калі. Ім трэба сведчыць стабільнасць і выкрываць яе ворагаў.
Ну і вось, здавалася б, калі вы ведаеце дыягназ і ў курсе прычыны хваробы, то за два гады можна было ўжо заняцца лячэннем, а месцамі нават прафілактыкай. Каб не дапускаць рэцыдываў у будучыні. Я такую вар'яцкую думку скажу, што можа... Ворагаў стабільнасці можна было выкрываць неяк не так часта? Ці ўвогуле не выкрываць. Таму што тых ворагаў, якіх ужо выкрылі для адной стабільнасці і так зашмат.
І ў прынцыпе з барацьбой за стабільнасць можна было б злёгку прытармазіць. А лепш нават не злёгку. Таму што пасля чатырох гадоў барацьбы за стабільнасць стабільнасці трэба некаторы час каб акрыяць.
Але ўсё ж наадварот. Чым мацней у тэлевізары стабільнасць, тым больш за яе даводзіцца змагацца. Выкрытых ворагаў у стабільнасці становіцца больш з кожным днём, а іх злачынствы супраць стабільнасці з кожным днём усё больш экзатычныя. Таму што беларуская стабільнасць так уладкаваная, што невінаватых у яе няма. Ёсць толькі пакуль яшчэ не да канца выкрытыя.
А па-іншаму з мінаючым гарантам у стабільнасці ўжо не атрымаецца. Таму што навошта гаранту такі росквіт, у якім у яго не будзе яго асабістай стабільнасці?
А асабістая стабільнасць гаранта глыбока траўмаваная яшчэ з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.