«Я разумею, чаму новыя прынцыпы амерыканскай палітыкі падабаюцца саюзнаму тэлевізару»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае, што агульнага ў Дональда Трампа і саюзнага тэлевізара. Яны, канешне, адзін аднаму падабаюцца. Але саюзнаму тэлевізару лепш не радавацца непрадказальнасці Трампа — можа балюча прыляцець, адкуль не чакалі.
![cbe161018c.jpg cbe161018c.jpg](/img/v1/images/cbe161018c.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739609615&w=528)
Нешта мне раптам згадалася, што здзяйсняць вербальныя інтэрвенцыі — гэта табе не перамяшчаць грузы, спакаваныя ў баваўняную тару. Мабыць, з боку міжнароднай абстаноўкі надзьмула. Ведаеш, вось гэта вось усё: ЗША, гатовыя паслаць войскі ва Украіну, але мяне няправільна зразумелі. Расійская і ўкраінская дэлегацыі правядуць перамовы ў Мюнхене, але расійскай дэлегацыі побач з Мюнхенам нават не стаяла. Я дамоўлюся з Саудаўскай Аравіяй і абвалю кошты нафты, але Саудаўскай Аравіі танная нафта дарма не патрэбная (Цэны на нафту, дарэчы, пачалі расці).
Карацей, я так разумею, гэта такі асаблівы дыпламатычны стыль — бура ў шклянцы, і бессэнсоўны, але бязлітасны націск ва ўсе бакі. Таму што пакуль усё шакавана трымцяць і не паспяваюць ачомацца, можна выяўляць з сябе вялікую дыпламатычную перамогу.
Ну там, сказаць, што забярэш у Украіны рэдказямельных металаў на 500 мільярдаў долараў. Таму што 500 мільярдаў рэдказямельных металаў — гэта такая ашаламляльная сума, якая тлумачыць усе патаемныя спружыны геапалітыкі любому фермеру з Аёвы і эмігранту з Брайтан-Біч. Ну, яны ж не пойдуць пытацца ў Гугла пра тое, што ўвесь рынак рэдказямельных металаў за мінулы год склаў 12 мільярдаў долараў з перспектывай росту да 12,5 мільярдаў у гэтым годзе.
А да таго часу, калі прэзідэнт Зяленскі скажа, што свае рэдказямельныя металы ён усё роўна не аддасць, мэтавая аўдыторыя ўжо забудзецца пра гэтыя няшчасныя 500 мільярдаў. Таму што будзе зачараваная зіхатлівымі перспектывамі люстраных гандлёвых пошлін. І зноў не пойдзе высвятляць, што люстраныя пошліны па вызначэнні не маюць сэнсу.
А да таго часу, калі з люстранымі пошлінамі ўсё рассмокчацца натуральным чынам, з'явяцца якія-небудзь новыя зіхатлівыя перспектывы. Таму што сакрэт поспеху не ў пошлінах і рэдказямельных металах. Сакрэт поспеху ў тым, каб перад тварам сваёй аўдыторыі выгляд мець хвацкі і... ну хай будзе «маладцаваты».
І я разумею, чаму новыя прынцыпы амерыканскай палітыкі так падабаюцца саюзнаму тэлевізару. Таму што ў саюзнага тэлевізара сапраўды такі ж галоўны прынцып: усё роўна, што ты кажаш, галоўнае казаць гучна і пераканаўча. Таму што мэтавая аўдыторыя сёння ўсё роўна не ўспомніць, пра што ты казаў учора. А пра што будзеш казаць заўтра, ты і сам яшчэ не ў курсе.
Але я хачу табе сказаць, што дарма ў саюзным тэлевізары так радуюцца. Таму што прынцып зварачальнасці прынцыпаў працуе ва ўсе бакі адразу. У залежнасці ад акалічнасцяў, якія канкрэтна склаліся, і інфармацыйных патрэбаў. А што саюзнаму тэлевізару губляць? У яго інфармацыйныя патрэбы таксама, бывае, змяняюцца па два разы на дзень.
Так што яшчэ больш актуальны мой напамін пра сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.