Беларускі ваенна-патрыятычны цэнтр — пастаўшчык моладзі для расейскіх сілавікоў?
Некалькі разоў мы ўжо чулі пра тое, што беларусы ваююць ва Украіне на баку Расійскай Федэрацыі. Але як яны туды трапляюць? Некаторых, як высвятляецца, вучаць гэтаму з маленства.

У Рэчыцы Гомельскае вобласьці існуе ваенна-патрыятычны цэнтр дапрызыўнае падрыхтоўкі моладзі «Скіф». Гэты «патрыятычны» цэнтр займаецца патрыятызмам зусім не той дзяржавы, дзе знаходзіцца, і вядомы рэгулярным удзелам у прарасейскіх мерапрыемствах.
Але, апроч таго, прадстаўнікі «Скіфа» штогод удзельнічаюць у расейскіх ваенна-спартовых спаборніцтвах.
У першую чаргу гаворка ідзе пра спаборніцтвы па зьмешаным адзінаборствы з назвай «Вышыня 776», прысьвечаныя памяці расейскае роты, якая ваявала ў Чачэніі. Праводзіць гэтыя турніры Арганізацыя зьмешаных адзінаборстваў і яе кіраўнік Сяргей Еўдакімаў. Паводле словаў Еўдакімава, задума гэтага турніра была сумеснай — яго і ягонага «даўняга сябра» кіраўніка «Скіфа» Уладзіміра Габрава.
Дарэчы, Сяргей Еўдакімаў як мінімум двойчы прыязджаў у Беларусь і завітваў у госьці да «Скіфа» — ў чэрвені 2016-га і ў чэрвені 2019 года.
Пасьля пачатку паўнамаштабнае агрэсіі Расеі супроць Украіны Еўдакімаў заснаваў у Курску так званую «народную дружину PEZEPV», якая, паводле ягонай задумцы, мусіць «наводзіць парадак» у Курскай вобласьці.
Але вернемся да спаборніцтваў «Вышыня 776». Іх мэтай зьяўляецца падрыхтоўка моладзі да службы ў элітных падраздзяленьнях спецпрызначэньня і АМАПу. Такім чынам прадстаўнікі сілавых структураў Расеі, якія прысутнічаюць на гэтых турнірах, маюць магчымасьць прыглядзецца да беларускае моладзі, і нельга выключаць, што ў далейшым хтосьці зь выхаванцаў «Скіфа» акажацца ў шэрагах расейскіх сілавікоў або арміі, то-бок злачынных структураў.

Тым больш, што, як высьветлілася, прынамсі ў 2024 годзе арганізатары спаборніцтва пералічылі грошы ад продажу квіткоў і спонсарскія сродкі расейскім вайсковым часткам, якія бяруць удзел ва ўзброенай агрэсіі супроць Украіны.
Таксама «скіфаўцы» прынамсі аднойчы ўдзельнічалі ў турніры «Юны спецназавец», які праводзіцца пад куратарствам расейскае Службы прызначэньня пакараньняў (ФСИН) і Росгвардыі.
Ваенна-спартыўны трыатлон «Юны спецназавец» у 2019 годзе выйграў грант Фонда прэзідэнта Расейскае Федэрацыі. У тым жа 2019 годзе прадстаўнікі цэнтра «Скіф» упершыню прынялі ўдзел у гэтым спаборніцтвы.
У далейшыя гады ў навінах пра трыатлон «Юны спецназавец» пра ўдзельнікаў з Беларусі не гаварылася.
Цесная «звязка» беларускіх «ваенна-патрыятычных клубаў» з расейскімі сілавікамі не можа не турбаваць. Таму што яны, такім чынам, узрошчваюць альбо прарасейскую «пятую калёну» ў Беларусі, альбо наўпрост рыхтуюць беларускую моладзь да ўдзелу ў расейскіх ваенных авантурах.
Глядзіце таксама
