Як найміты расейскай ПВК трэніравалі беларускіх дзяцей на беларускай базе

Пачынаючы з 2008 года, на тэрыторыі 969 вайсковае базы рэзерва танкаў каля мястэчка Ўрэчча ў Менскай вобласьці штогод праводзіцца ваенна-патрыятычны лагер для падлеткаў «Патрыёт». У якасьці інструктараў там зь дзецьмі займаюцца прадстаўнікі прарасейскае парамілітарнае групоўкі «Казачы спас». І, як высветлілася, найміты «Вагнера».

«Уладзімір» побач з удзельнікам «Славянскага корпуса»

«Уладзімір» побач з удзельнікам «Славянскага корпуса»

Ініцыятарам стварэньня лагера называе сябе протаіерэй БПЦ Алянсандр Драгун. Настаяцель Сьвята-Мікалаеўскай царквы ва Ўрэччы Аляксандр Драгун займае царкоўныя пасады з 1996 года, да таго ён служыў ва ўнутраных войсках.

З боку афіцэраў вайсковае базы правядзеньне лагераў курыраваў тагачасны намеснік камандзіра базы па ідэялагічнай працы падпалкоўнік Генадзь Карака. Ён ў 1992 годзе скончыў Свярдлоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае танка-артылерыйскае вучылішча ў расейсім горадзе Екатэрынбург. У 2018 годзе, калі Генадзь Карака ўжо перайшоў працаваць у Менскае кадэцкае вучылішча намеснікам дырэктара па выхавальнай працы, месцам правядзеньня стала ўказвацца стала ўказвацца Менскае кадэцкае вучылішча. А калі ён у 2021 годзе зайняў пасаду кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхаваньня ў сярэдняй школе нумар 2 ва Ўрэччы, месцам правядзеньня лагера «Патрыёт» пачала ўказвацца згаданая школа. Пры гэтым фактычным месцам, дзе адбываюцца трэніроўкі падлеткаў, дагэтуль застаецца тэрыторыя 969 вайсковае базы.

Інструктары пры ўдзеле вайскоўцаў займаюцца з падлеткамі агнявой, тактычнай, страявой і медыцынскай падрыхтоўкай, асновамі тапаграфіі. Аб тым, чым напаўняюць галавы дзяцей падчас правядзеньня лагераў «Патрыёт», сьведчыць распарадак дня на першыя два дні знаходжаньня ў лагеры ў ліпені 2024 года, разьмешчаны на старонцы школы ва Ўрэччы: ў першы дзень — паўгадзіны на «духоўна-маральнае выхаваньне», паўтары гадзіны на «грамадзянска-патрыятычнае выхаваньне», і кожны дзень з 20:15 да 21:00 — прагляд тэлепраграмы афіцыйных навінаў.

Апроч навучэньня вайсковым дысцыплінам, да падлеткаў перыядычна прыязджаюць супрацоўнікі міліцыі з распавядамі аб сваёй працы.

2014 год. Афіцэр МУС дэманструе электрашокер Sphinx

2014 год. Афіцэр МУС дэманструе электрашокер Sphinx

Гэтая гісторыя з ваенна-патрыятычнымі лагерамі «Патрыёт» прыкметная ня толькі тым, што на тэрыторыі дзейнае вайсковае часткі беларускае арміі трэніруе дзяцей прарасейская ваенізаваная групоўка, але і адной абставінай, якая высьветлілася ў працэсе вывучэньня здымкаў.

У расповедзі пра лагер «Патрыёт», які праводзіўся з 10 да 19 жніўня 2013 года, гаворылася, што інструктарамі зьяўляліся тры прадстаўнікі «Казачага спаса». Але на здымку 6 ад 2013 года бачныя чатыры чалавекі, якія стаяць ля ўваходу ў адзін з будынкаў вайсковае часткі. На здымку 7 бачныя тыя ж чатыры чалавекі, якія стаяць у памяшканьні.

Другі справа на здымку 7 — Пётр Шапко, кіраўнік «Казачага спаса». Першы зьлева — Андрэй Асбестаў (магчыма, гэта псэўданім), які таксама належыць да казакоў, і які, як бачна зь іншых здымкаў, таксама праводзіў заняткі з падлеткамі. Малады хлопец, што стаіць першым справа — гэта, хутчэй за ўсё, трэці інструктар «Казачага спаса». А вось чалавек, які стаіць паміж Шапко і Асбеставым — вельмі цікавая асоба.

Здымкі, на якіх ён перыядычна зьяўляецца падчас правядзеньня лагераў «Патрыёт», дазволілі ідэнтыфікаваць ягоны акаўнт у сацсетцы «ўкантакце». Імя ўладальніка акаўнта ўказана як «Влад Имир», таму меркавана ён мае імя Ўладзімір. У інфармацыі аб сабе «Ўладзімір» указаў, што служыць у 10-й асобнай брыгадзе спецпрызначэньня ГРУ ГШ Расеі, а месцам жыхарства ўказаў вёску Молькіна Краснадарскага края.

Згаданая брыгада (вайсковая частка нумар 51532) сапраўды дыслякуецца каля Молькіна. Але гэтая мясьціна таксама вядомая як трэніровачная база расейскае прыватнае вайсковае кампаніі (ПВК) «Вагнэр».

Маецца здымак, на якім «Ўладзімір» стаіць побач зь іншым баявіком, які ў сваім акаўнце «ўкантакце» разьмясьціў скрыншот кантракта з расейскай ПВК «Славянскі корпус». 

«Славянскі корпус», які называюць папярэднікам ПВК «Вагнэр», быў зарэгістраваны з назвай «Slavonic Corps Limited» двома расейцамі ў Ганконзе ў студзені 2012 года. У верасьні 2013 года ўдзельнікі «Славянскага корпуса», якіх набралося 270 чалавек, былі накіраваныя ў Сірыю для дапамогі Башару Асаду. Дарэчы, ў матар'яле, падрыхтаваным Украінскім цэнтрам аналітыкі і бясьпекі, згадваецца, што частка баявікоў была перавезеная з Пецярбурга ў Сірыю празь Менск.

18 кастрычніка 2013 года, калі адбылося першае сутыкненьне гэтай групы баявікоў з праціўнікам, яны пацярпелі паразу і іх хутка вывезьлі ў Расею. Пасьля асноўная частка «Славянскага корпуса» ўлілася ў створаную ў 2014 годзе ПВК «Вагнэр».

Знайшліся і іншыя доказы належнасьці гэтага чалавека да «Славянскага корпуса». У дыскусіі пад артыкулам на старонцы topwar.ru разьмешчаны здымак, на якім ён прысутнічае, ідэнтычны (ня лічачы заблюранага твару) здымку 10, і сказана, што гэта «супрацоўнік Slavonic Corps Limited».

Падчас правядзеньня ваенна-патрыятычных лагераў «Патрыёт» гэты «Ўладзімір» заўважаны прынамсі ў 2013, 2014 і 2015 гадах.

Такім чынам, пранікненьне «рускага міру» да беларускіх школьнікаў пачалося задоўга да таго, як яно стала «мэйнстрымам». Тыя, каго вучылі гэтыя «інструктары» ў 2013-2014 гадах, ужо сталі дарослымі людзьмі. І таму не вельмі зьдзіўляюць паведамленьні, якія раз-пораз зьяўляюцца ў нашай інфармацыйнай прасторы пра тое, што «беларус загінуў у вайне ва Украіне з расейскага боку». Гэта і ёсць вынік выхаваньня беларускіх дзяцей расейскімі парамілітарнымі ўтварэньнямі.