Аркадзь Куляшоў: рэпрэсіі, вайна і важнасць заставацца беларусам

6 лютага нарадзіўся беларускі паэт, аўтар слоў песняроўскага хіта «Алеся» Аркадзь Куляшоў. Да яго дня народзінаў мы падрыхтавалі тэкст, у якім глядзім на жыццё і творчасць паэта праз прызму тых рэчаў, якія хвалююць цяперашніх беларусаў: рэпрэсіі, вайна і лёс нашай краіны.

Фота nlb.by


Фота nlb.by

Куляшоў і рэпрэсіі

Аркадзь Куляшоў не быў рэпрэсаваны, але быў на крок ад гэтага.

Жонка Куляшова Аксана Вечар мела старэйшую сястру, якая была замужам за Платонам Галавачом — празаікам, намеснікам наркама асветы БССР, кіраўніком літаб’яднанняў «Маладняк» і «Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў». 

У 1937-м яго арыштавалі, судзілі як «главу трацкісцкай змовы супраць Главы дзяржавы» (фармулёўка гучыць, як штосьці вельмі знаёмае нам з навін, праўда?) і расстралялі.

Глядзіце таксама

Куляшоў сябраваў з Галавачом: менавіта Платон Раманавіч прыдумаў імя для ягонай дачкі Валянціны. Для сям’і Куляшовых гэта быў удар, яны не верылі ў вінаватасць Галавача. А пасля арышту сябра ўвесь 1937 год Куляшова адмаўляліся друкаваць. Фінансавае становішча сям’і станавілася ўсё горш і горш. Куляшова выклікалі ў Саюз пісьменнікаў і пад пагрозай выключэння прапанавалі разысціся з жонкай — сваячкай «ворага народу». 

Абмяркоўваючы сітуацыю з жонкай, Куляшоў сказаў: «Усё застанецца, як ёсць. Грош цана паэту, здольнаму на здраду». Пара пабралася ў 1935-м годзе, але з-за ўсіх акалічнасцяў Куляшоў быў супраць афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу аж да 1951 года. 

«Калі мяне раптам арыштуюць, — наказваў ён жонцы, — ты павінна будзеш ад мяне адрачыся, тады табе і дзецям, магчыма, удасца, ацалець», — так узгадвае словы бацькі дачка паэта Валянціна Куляшова.

Летам 1938 года ў вёсцы каля хаты, дзе штогод адпачывалі Куляшовы, з'явіліся нейкія чужыя людзі. Яны змяняліся, але каля дома пастаянна хтосьці знаходзіўся. Так паўтаралася тры дні. Першым на гэта звярнуў увагу Куляшоў і пачаў развітвацца з жонкай. Назаўтра, калі яны выйшлі з дома, гатовыя да разлукі, каля хаты нікога не было. Незнаёмцы больш не вярталіся.

Пасля вайны старшыня Савета Міністраў БССР Панцеляймон Панамарэнка, які заўсёды добра ставіўся да Куляшова, расказаў яму, што ў 1938 годзе да яго на подпіс прынеслі ордэр на арышт. У спісе былі імёны Купалы і Коласа, а апошнім у ім, трынаццатым, быў Аркадзь Куляшоў. Панамарэнка адмовіўся падпісаць ордэр, вельмі рызыкуючы, выехаў з ім у Маскву на прыём да Сталіна і быў прыняты. У выніку Коласа і Купалу ўзнагародзілі ордэнамі Леніна (як рэзка ў той час мяняліся настроі ўлады!), а Куляшова пакінулі ў спакоі.

Фота profi.adu.by

Фота profi.adu.by

Вялікі боль прынеслі Куляшову рэпрэсіі ягоных блізкіх сяброў-паэтаў — Змітрака Астапенкі і Юлія Таўбіна. Ён пасябраваў з імі, калі паступіў вучыцца ў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Там яны гуртаваліся ў студыі тагачаснага літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Пакуты ад страты ён пераварыў у цыкл вершаў і паэм «Маналог» — так гучала яго вершаванае слова пра ахвяры рэпрэсій, прысвечанае сябрам:

Няма куды сваю жалобу ўскласці
Hi жонкам, ні знаёмым, ні бацькам.
Сябры мае, хіба аб гэтым шчасці
У маладосці марылася нам?

Вяло нас музы строгай блаславенне
На шлях цяжкі, ды што казаць аб тым...
Я — ваша памяць, вы — мае сумленне,
Я — дрэўка, вы — трывалы сцяг на ім.

У 1930-я Куляшоў хадайнічаў перад Панамарэнкам за літаратурнага крытыка Рыгора Бярозкіна.

Дачка Куляшова Валянціна ўзгадвае: «Калі 5 сакавіка 1953 года я пачула па радыё, што памёр Сталін і кінулася ў кабінет да бацькі, ён жорстка адрэзаў: «Не смей плакаць! Не варта!».

Нягледзячы на тое, што сталінскі рэжым рэпрэсаваў яго сяброў і пагражаў яго сям’і, Куляшоў напісаў некалькі дзясяткаў вершаў, якія ўсхваляюць камунізм і атрымаў шмат дзяржаўных прэмій і ўзнагарод імя тых самых Леніна і Сталіна. Напрыклад, верш «Бацька», у якім яўна праглядаецца вобраз Сталіна. А цяпер у ім праглядаецца яшчэ асацыяцыя з цяперашняй Беларуссю і Расіяй:

Ён — бацька мой, сям'і ў яго багата, 
Яго красой красуецца зямля, 
Ён кожны год, калі бывае свята, 
Ідзе на плошчу Красную
з Крамля.

Зірні на рысы твару дарагога, 
Як я, ты зразумееш
зноў і зноў, 
Што гэта бацька родны, у якога 
Шмат на вяку загінула сыноў.

Цяпер нельга адназначна сказаць, ці працягваў Куляшоў верыць у камунізм альбо гуляў па правілах партыі з-за ўласнай бяспекі і бяспекі сваіх блізкіх. Хаця мы ведаем прыклады з гісторыі, калі і гэта не выратавала пісьменнікаў ад рэпрэсій.

Глядзіце таксама

Куляшоў і вайна

«Калі немцы напалі на СССР, ён паехаў за намі з Хоцімска ў Мінск. Мы ж, наадварот, выехалі ў Хоцімск. Нашы цягнікі размінуліся на адной дарозе. 24 чэрвеня Мінск перажыў жудасную бамбардзіроўку, і бацька разам са знаёмым журналістам і выкладчыкам пад бомбамі шукаў ваенкамат, каб запісацца на фронт. У Калодзішчах на армейскім пляцы толькі чырвоныя пятліцы нагадвалі пра тое, што тут была армія — усе сталічныя ваенкаматы ўжо выехалі. Убачыўшы гэта, бацька страціў прытомнасць. Гэта быў яго першы інфаркт. Сябры па няшчасці неслі яго барысаўскімі балотамі тры дні. Урэшце Куляшоў устаў на ногі, і яны дабраліся да Оршы, дзе яшчэ дзейнічаў прызыўны пункт», — так распавядала пра пачатак вайны для Куляшова ягоная дачка Валянціна.

Фота library-mogilev 

Фота library-mogilev 

Аркадзя Куляшова накіравалі вучыцца ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам. З ліпеня 1941 года ён працаваў на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов» у 11-й арміі Калінінскага фронту. Удзень ён рыхтаваў да публікацыі звесткі з перадавой, а ноччу — займаўся ўласнай творчасцю.

На фронце ён пісаў ваенныя вершы — па-руску і па-беларуску. Пісаў паэт і фельетоны — у газеце надрукавана 80 такіх тэкстаў, у большасці аўтарства Куляшова, у іх ён прыдумаў персанажа Аляксея Пятрова і распавядаў пра яго подзвігі на вайне. Выходзілі яны пад загалоўкам «Рассказ о том, как бьет врагов на фронте Алексей Петров». 

Фота archives.gov.by

Фота archives.gov.by

Яшчэ Куляшоў зрабіў гумарыстычную рубрыку з назвай-пародыяй на фашысцкую газету «Фелькишер Беобахтер» — «Вралишер Тарабахтер» — дзе ў рыфмаванай форме выкрываў хлусню ворага аб становішчы на фронце.

У франтавых умовах Куляшоў напісаў выдатныя паэтычныя творы за вельмі кароткі час. У жніўні 1942 года была напісана паэма «Сцяг брыгады» — твор у форме дзённіка салдата-сцяганосца:

Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,
Родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны.
Міма дрэў, міма дрэў
Усю ноч я ішоў, — за спіною
Родны горад гарэў,
І не ведала сэрца спакою.

Паэма была вельмі папулярная сярод ваенных, а таксама была высока ацэнена калегамі-пісьменнікамі. 

Таксама Куляшоў піша такія значныя ваенныя паэмы, як «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24». За паэму «Сцяг брыгады» ў 1946 годзе Куляшову прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР першай ступені. Грашовую ўзнагароду ад прэміі паэт патраціў на пабудову новай хаты для бацькам у Хоцімску, бо іх дом спалілі фашысты.

Фота archives.gov.by

Фота archives.gov.by

Са снежня 1943 года і да вызвалення Беларусі паэт знаходзіўся ў Беларускім штабе партызанскага руху.

Куляшоў і Беларусь

Аркадзь Куляшоў пачаў пісаць вершы ў дзяцінстве:

По морю лодочка несется, 
А в ней красавица сидит. 
Она в той лодке бьется, 
На милого глядит.

Гэтая страфа — самае ранняе з таго, што Куляшоў запомніў са сваіх дзіцячых вершаў, на момант напісання чатырохрадкоўя яму было шэсць гадоў. Верш напісаны па-руску: бацькі паэта былі настаўнікамі і па традыцыі дарэвалюцыйных часоў, калі беларуская мова была забароненай, выкладалі на рускай мове. Дома ў Аркадзя быў грамафон, на якім ён слухаў рамансы на рускай мове: Вяльцавай, Панінай, песні Плявіцкай і оперныя арыі. А першай кнігай, якая адкрыла Куляшову факт, што па-беларуску можна пісаць літаратуру, была купалаўская «Жалейка». На той момант хлопчыку было 10 гадоў.

Куляшоў сам прызнаваўся, што на яго аказалі моцны ўплыў рускія пісьменнікі, асабліва Аркадзь Аляксандравіч вылучаў Лермантава. Але нават нягледзячы на моцны ўплыў рускай культуры, Куляшоў хацеў заставацца беларускім пісьменнікам і ўвогуле беларусам.

«Твардоўскі не раз раіў яму пісаць па-руску. Там і наклады былі другога парадку, і ганарары. Скажам, перакладчык паэзіі Куляшова Якаў Хелемскі атрымліваў болей за аўтара. Аднак бацька і чуць пра гэта не хацеў», — пісала ў сваіх успамінах Валянціна Куляшова, дачка паэта.

Калісьці, яшчэ будучы на службе ў Беларускім штабе партызанскага руху, Куляшоў жонцы ліст аб тым, што яму прапанавалі пасаду ў штабе партызанскага руху ў Маскве. Ён яе прыняў, але толькі ў 1944 годзе, калі Чырвоная армія ўступіла на беларускую зямлю. Куляшоў баяўся, што «перастане быць тым, кім ёсць — беларускім паэтам».

Аляксандр Твардоўскі і Аркадзь Куляшоў. Фота archives.gov.by

Аляксандр Твардоўскі і Аркадзь Куляшоў. Фота archives.gov.by

Напрыканцы жыцця Куляшоў звярнуўся да тэмы паўстання 1863 і вобраза Кастуся Каліноўскага, прысвяціўшы гэтаму важнаму герою Беларусі драматычную паэму пад назвай «Хамуціус» (такім быў адзін з псеўданімаў Каліноўскага). На жаль, паэма засталася амаль незаўважанай як крытыкамі, так і калегамі паэта.

Уваскрасай, народзе мой сярмяжны,
З маўклівых курганоў і дамавін.
Паўстань для новай бітвы, дух адважны,
Як з каменю агонь, як дым з агню.

Маючы магчымасці «асесці» ў Расіі, атрымаць большыя ганарары і, верагодна, большую вядомасць, Куляшоў усё роўна выбіраў Беларусь. Куляшоў адчуваў сябе беларусам і нікім іншым быць не хацеў.

Пішу: я, сведка ўсіх падзей,
Сірочых слёз, вайны, разлукі,
Жадаю шчасця для людзей...
Я знаю, што такое мукі.