Незайздросная доля Платона Галавача

У 1932 годзе першы «тоўсты» беларускі часопіс «Полымя» зведаў кардынальныя змены. Крыху іншай стала назва выдання, якое выходзіла 10 гадоў — цяпер яно звалася «Полымя рэвалюцыі», а таксама ў яго нарэшце з’явіўся першы афіцыйны «адказны рэдактар» — ім стаў Платон Галавач.

Платон Галавач

Платон Галавач


Біяграфія гэтага беларускага літаратара мала чым адрозніваецца ад жыццяпісаў іншых пісьменнікаў «станка і плуга» той пары. За выключэннем хіба адной акалічнасці: Галавач, будучы даволі здольным і таленавітым чалавекам, які займаў важныя пасады, часта заставаўся пры гэтым другім нумарам. Прыходзіў на змену іншым, па ўжо пратаптанай сцяжыне.
Нарадзіўся Платон Галавач 18 красавіка 1903 года ў простай сялянскай сям’і на Бабруйшчыне. З ранняга ўзросту цяжка працаваў, быў пастушком, троху вучыўся. Юнаком далучыўся да камсамола, займаў ужо на пачатку 1920-х гадоў нейкія пасады ў бальшавіцкай сістэме. Такі быў тады час, калі зусім маладыя людзі маглі камандаваць і цэлымі арміямі.
Сярэдзіна 1920-х гадоў — зорны час для Галавача. Увосень 1925 года ён дэбютуе на старонках «Савецкай Беларусі» з даволі схематычным апавяданнем «Загубленае жыццё», дзе кепскі і хцівы пан бэсціць бедную сялянскую дзяўчыну. Меркавана, што публікавацца ён пачаў троху раней — у самым пачатку 1920-х, але публікацыі тыя так і не выяўлены. Хіба што невялікія вучнёўскія замалёўкі.
Ужо праз 2 гады выходзіць ягоная дэбютная кніга прозы «Дробязі жыцця». Змест апавяданняў даволі характэрны для літаратуры таго часу, можна сказаць мэйнстрымны — аўтара цікавіць тэматыка нядаўнай Грамадзянскай вайны, класавых супярэчнасцей і шчыры спадзеў на светлае камуністычнае заўтра. Варта разумець, што літаратурнае пакаленне Платона Галавача, якое перажыло некалькі войнаў, рэвалюцыйнае ліхалецце і галечу, шчыра верыла ў ідэалы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Успрымалі яе, як сваю.
Што праўда, людзі старэйшага веку падобную прозу ўспрымалі ў штыкі. Вядомы мовазнаўца Мікола Байкоў абрынуўся на дэбютную кнігу Галавача з крытыкай, закрануўшы таксама двух Міхасёў — Чарота і Зарэцкага. Свой водгук складальнік знакамітага беларуска-расійскага слоўніка скончыў не вельмі кампліментарна: «Аднак жа, трэба прызнацца, што нашае жыццё дае побач з трухлявым гніллём, рэшткай мінуўшчыны і шмат парасткаў сьветлай будучыны. Заўважыць праявы гэтай сьветлай будучыны нават у «дробязях» нашага жыцьця — першачарговая задача нашых бэлетрыстых».
На той момант Платон Галавач быў, можа, і не самым папулярным з маладых аўтараў, але дакладна заўважным чыноўнікам у ранняй БССР. Ён працуе сакратаром камсамола, актыўна друкуецца ў перыёдыцы з публіцыстычнымі артыкуламі і крытычнымі творамі. У канцы 1920-х гадоў яго нават абяруць у склад ЦВК БССР разам з Янкам Купалам і Якубам Коласам. Такім хуткім кар’ерным ростам мог пахваліцца тады далёка не кожны беларускі літаратар, а просты чыноўнік дык і пагатоў.
Добры знаўца мовы і бліскучы стыліст Ян Скрыган вывеў партрэт Платона Галавача ў сваім аўтабіяграфічным рамане «Кругі» такім:
«За вочы я ведаў яго даўно, але асабіста пабачыцца не шанцавала. У гэтым не было ніякага дзіва — яго пасада першага сакратара ЦК камсамола Беларусі не давала магчымасці надта раскідацца часам. Дзівіць магло хіба толькі другое: як ён пры такой пасадзе выбірае хвіліну, каб яшчэ і пісаць. І пісаць не абы-як: і сур’ёзна, і па-чалавечы глыбока, і многа. Яго кніга «Дробязі жыцця» на той час у параўнанні з кніжкамі другіх маладнякоўцаў выглядала як добры том. А колькі ўсякай грамадскай і службовай работы — пасяджэнняў, выступленняў, дакладаў! А новыя апавяданні ў свежых нумарах часопісаў! І ўсё гэта па-гаспадарску ўдумліва і па-грамадзянску мужна. Глыбока ў душы я паважаў яго, і нават імя — Платон — было як бы апраўданнем гэтае павагі. У такім старадаўнім імі было нешта надзіва простае і народнае, з ім звязвалася ўяўленне нечага спакойнага і разважлівага. А прозвішча — Галавач — як бы дапаўняла гэтае ўяўленне. І хацелася думаць, што ён пажылы, бо іначай адкуль у яго творах было б столькі сталасці».
У лютым 1928 года Платон Галавач становіцца кіраўніком «Маладняка» — першага буйнога літаратурнага аб’яднання беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Праўда, на гэты момант арганізацыя de facto не існуе — заснаваная ўвосень 1923 года, яна не вытрымала выпрабаванне часам і распалася ў 1926-м. Калі з яе сышлі найбольш амбітныя і таленавітыя пісьменнікі — Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Адам Бабарэка ды іншыя. Яны ствараюць сваё аб’яднанне — «Узвышша».

Удзельнікі канферэнцыі Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк», люты 1928

Удзельнікі канферэнцыі Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк», люты 1928

Частка маладнякоўцаў, сярод якіх і заснавальнікі арганізацыі Міхась Чарот і Алесь Дудар, далучаюцца да «Полымя» — літаратурнага аб’яднання, што паўстала ў канцы 1927 года і згуртавала маладых і ўжо прызнаных аўтараў. За ім стаяў Зміцер Жылуновіч, які быў ідэйным натхняльнікам і стварэння часопіса з такой самай назвай у снежні 1922 года. Далучыўся да яго з часам і Міхась Зарэцкі, які на той момант стаў вельмі папулярным аўтарам.

Платон Галавач, узяўшыся кіраваць тым, што засталося ад «Маладняка», разам з таварышамі абрынаецца з крытыкай на «ўзвышанцаў» і «палымянцаў». Яму шчыра не падабаюцца іх эстэтычныя пошукі. Палеміка паміж рознымі пісьменніцкімі суполкамі часта выходзіць за межы прыстойнасці: дыскусіі аб тым, як менавіта і якія творы трэба пісаць, набываюць парой вельмі эмацыйны характар. Каб пераканацца ў тым, дастаткова пагартаць тагачасныя выданні…

У траўні 1928 года Платона Галавача прызначаюць рэдактарам «Чырвонай Змены» — найбольш масавай моладзевай газеты ў БССР таго часу. Галавач за даволі хуткі час збірае вакол сябе паплечнікаў і аднадумцаў. Многія з іх потым стануць прызнанымі класікамі ў беларускай літаратуры — Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Алесь Звонак ды іншыя. Галавач спрабуе нават стварыць вакол выдання сваё літаратурнае аб’яднанне, каб выхоўваць моладзь у адпаведнасці з дэклараванымі ідэаламі. А яму самому на гэты момант усяго 25 гадоў…


Увосень 1928 года «Маладняк» рэарганізуецца ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў, па аналогіі з Расійскай асацыяцыяй пралетарскіх пісьменнікаў. Асноўная мэта — стварэнне ідэалагічна правільнай, выверанай «пралетарскай» літаратуры. Гэта акурат той перыяд, калі пачынаецца ўніфікацыя літаратурнага і культурніцкага жыцця ў Савецкім Саюзе. Свабодныя аўтары, якія маюць свой погляд, болей былі не патрэбныя. З гэтай пары пісьменнік ператвараўся з творцы ў рамесніка — мусіў ствараць літаратуру на патрэбу дня.
У гэты час маладнякоўская проза канчаткова робіцца плакатнай агітацыяй — павярхоўныя і схематычныя творы, якія ніякім чынам не адыходзяць ад генеральнай лініі. Разам з тым творы ўласна Галавача вылучаюцца нейкім змрочным песімізмам і бясконцай трывогай. Ён відавочна разумеў, што пісьменніка і чыноўніка ва ўласным жыцці трэба разводзіць. Пры гэтым не выклікае ніякага сумневу тое, што сам Платон Галавач быў адназначна чалавекам сістэмы.
У 1931 годзе Галавача абяруць сакратаром праўлення БелАПП. Гэта той час, калі змаганне з нязгоднымі набірала сваю моц. Многія з былых паплечнікаў і непрыяцеляў ужо былі за кратамі ці ў высылцы — яшчэ летам 1930 года была раскручана справа неіснуючага Саюза вызвалення Беларусі. У прэсе ішла барацьба з нацдэмамі ды іншымі класавымі ворагамі. Платон Галавач у гэтай сітуацыі займаў досыць цікавую і неадназначную пазіцыю — на кагосьці абрынаўся з крытыкай сам, а камусьці імкнуўся дапамагчы. У той час у яго яшчэ былі для гэтага рэсурсы.
Зрабіўся «адказным рэдактарам» часопіса «Полымя рэвалюцыі» Платон Галавач на зломе эпох, калі выйшла лёсавызначальная пастанова ЦК ВКП (б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый». Яе спачатку апублікавала ў канцы красавіка 1932 года «Праўда», а следам перадрукавала і «Савецкая Беларусь». Гэта быў фінальны акорд для ўсіх пісьменніцкіх суполак на савецкім абшары, бо паводле той пастановы мусіў быць створаны адзіны саюз пісьменнікаў.
Платон Галавач разам з аднадумцамі адгукнуўся шэрагам публіцыстычных артыкулаў — учорашнія маладнякоўцы не гублялі надзеі навязаць сваю візію таго, якой мае быць новая літаратура. Аднак у хуткім часе пад крытыку трапіць сам Галавач, якога стануць абвінавачваць у тым ліку і ў правых ухілах, і нават у безыдэйнасці. Цяпер такія закіды выклікаюць хіба што ўсмешку, а тады маглі дорага абысціся. У хуткім часе Галавача здымуць з пасады, а яго месца зойме Міхась Лынькоў, які будзе рэдактарам у «Полымі» да 1941 года. Нагодай для крытыкі былі творы Галавача, у тым ліку аповесць «Спалох на загонах» 1930 года, якая некалькі разоў цэнзуравалася — з яе цэнзурай выдаляліся «контррэвалюцыйныя і кулацкія выказванні». Ужо там заўважны відавочны разлад аўтара: Галавач вагаецца паміж высокім чыноўнікам, які мусіць падтрымліваць калектывізацыю, і сумленным пісьменнікам, які бачыць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць, і не хоча хлусіць ні людзям, ні самому сабе.


Варта разумець, што ў 1930-я гады цяжка было напісаць твор, які выбіваўся б з агульнай каляіны. Пісьменнік не павінен быў разважаць над уладкаваннем свету, не мог паказваць багаты ўнутраны свет сваіх герояў, яго задача — асвятляць у правільным фарватары калектывізацыю і індустрыялізацыю. То-бок пісаць бясконцыя раманы-эпапеі аб шчаслівых жыхарах калгасаў і рабочых на заводах. Такі схематызм у літаратуры прывёў да таго, што тагачасныя творы не выклікаюць цяпер асаблівай цікавасці. А нешматлікія даследчыкі і неабыякавыя чытачы — хіба што выключэнне, якое толькі пацвярджае правіла.
Скончылася гісторыя Платона Галавача прадказальна — як і іншых беларускіх літаратараў той пары, яго арыштуюць, асудзяць, а потым расстраляюць як «арганізатара тэрарыстычнай групоўкі» ў чорную ноч у кастрычніку 1937 года. Рэабілітацыя пісьменніка адбудзецца толькі ў другой палове 50-х гадоў, а вяртанне ў літаратурны кантэкст яшчэ пазней…