«Спячая ячэйка». У Гомелі пачаўся суд над сябрамі, якія стварылі чат і падтрымалі Украіну
Яшчэ адзін палітычны працэс, які выразна паказвае, ува што пераўтварылася Беларусь пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
У Гомельскім абласным судзе 6 лютага пачаўся судовы працэс над трыма жыхарамі абласнога цэнтра, якіх абвінавачваюць адразу паводле некалькіх «палітычных» артыкулаў. Хлопцаў абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса, «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім» (арт. 361-1 ч. 1), а таксама ў «абразе Лукашэнкі» (арт. 368 ч. 1).
Як паведамляе гомельскае выданне «Флагшток», працэс праходзіць у закрытым рэжыме, таму сутнасць абвінавачання невядомая. Згодна з раскладам суда, справу разглядае суддзя Алег Харошка.
Абвінавачаных трое — гэта Дзмітрый Папкоў, Ігар Чарнавусаў і Уладзімір Каменаў. Ужо амаль год знаходзяцца ў зняволенні: столькі доўжылася следства.
Іх і яшчэ аднаго гамельчука жорстка затрымалі ў сакавіку 2023 года. Тады сілавікі зрабілі справаздачу аб раскрыцці «злачыннай групы», якая «збіралася ў гаражным кааператыве», якую назвалі «спячай ячэйкай экстрэмістаў».
На міліцэйскім відэа было паказана, як група сілавікоў у поўным абмундзіраванні ўваходзіць у будынак і кладзе тварам у падлогу аднаго з мужчын. У доказ іх «віны» паказалі бел-чырвона-белы сцяг, намаляваны на сцяне гаража, нанесены фарбай на цэглу герб «Пагоня» і партрэт Чэ Гевары, нагадваюць журналісты.
Сяброў прымусілі запісаць «пакаяльнае відэа» і сказаць пра тое, што яны стварылі чат, дзе перапісваліся паміж сабой, а пасля ўварвання Расіі ва Украіну нібыта некалькі разоў у перапісках абразілі Лукашэнку, таксама пісалі «няправільныя» каментары.
Яшчэ адно абвінавачанне — хлопцы нібыта «мелі знешнія сувязі» з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць за Украіну. Мяркуючы з усяго, менавіта гэта стала падставай для распачынання крымінальнай справы паводле артыкула «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Судзяць траіх хлопцаў, лёс чацвёртага невядомы. Усе
яны родам з Гомеля і, мяркуючы па пастах у сацыяльных
сетках, даўно сябравалі, разам удзельнічалі ў міжнароднай
гульні ў Beer Pong у Гомелі. Цяпер ім пагражае шматгадовае зняволенне.