«Крыніцы беларускага эканамічнага цуду заканчваюцца і цуд заканчваецца разам з імі»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра тое, што беларускую АЭС будавалі не для таго, каб яна працавала. І другую АЭС плануюць будаваць з той жа мэтай. Аднак будоўлі можа перашкодзіць заканчэнне эканамічнага цуду ў саюзніка. А значыць і заканчэнне беларускага росквіту.
Мне тут учора нагадалі, што я даўно не жартаваў, а між тым беларуская атамная станцыя ўжо месяц стаіць на планава-прафілактычным рамонце. Ну гэта значыць часткова на планава-прафілактычным, а часткова на рамонце невядомага паходжання.
Але я на самай справе чаму не жартаваў пра рамонт атамнай станцыі? Таму што я ўжо не ўпэўнены, што гэта ўсё яшчэ жарт. Асабліва ўлічваючы, што яны па-ранейшаму хочуць пабудаваць сабе другую. Дзеля міру, росквіту і дабрабыту Рэспублікі.
Ну і трошкі, вядома, дзеля расійскага крэдыту, які можна асвоіць на будаўніцтве другой станцыі. Таму што крэдыт, які асвоілі на будаўніцтве першай станцыі, трэба цяпер аддаваць, а грошай, па-першае, няма, а па-другое — шкада. І пагадзіся, што калі пісьменна асвоіць расійскі крэдыт, то другая станцыя можа не працаваць не горш за першую. Таму што ў засваенні грошай, асабліва чужых, галоўнае, вядома, не вынік, а працэс.
Вось на першай станцыі асвоілі шэсць мільярдаў чужых грошай і цяпер яна можа не працаваць столькі, колькі ёй хочацца. Таму што не важна, у сутнасці, дзе канкрэтна асвоіць гэтыя грошы. Проста беларускі росквіт плаўна ўступае ў цяжкія часы. Заўваж, не я гэта сказаў, а гарант стабільнасці. Гаранту лепш відаць. Гарант ведае пра росквіт тое, чаго нам у тэлевізары не распавядаюць.
Што там ведаць? Гэта нармальны жыццёвы цыкл беларускага росквіту. Спачатку ён квітнеючы, а потым у яго адразу пачынаюцца цяжкія часы. І чым больш росквіт квітнеў, тым цяжкія часы потым бываюць цяжэйшыя.
Таму што, як сказаў гарант стабільнасці, калі б у саюзніка ўсё было добра, то ў яго ўсё было б проста выдатна. Але ў саюзніка не вельмі добра і таму з беларускім росквітам бяда. Яму няма куды квітнець.
Таму што месца на расійскім рынку для беларускіх тавараў становіцца менш, а на іншых рынках беларускае імпартазамяшчэнне чамусьці не карыстаецца попытам. (Не магу сабе нават зразумець, па якой такой загадкавай прычыне).
Праўда, попытам карысталіся бензін і беларускі калій. Але пасля таго, як Расія перастала даплочваць свайму саюзніку за тое, што саюзнік купляў у яе нафту, прадаваць беларускі бензін стала не так выгадна, як раней. Выгадна стала яго, можа, нават і не прадаваць. А беларускі калій, пасля таго як сёй-той у сваёй рынкавай мудрасці абваліў на яго сусветныя цэны, аказалася больш выгадна пакінуць там, дзе ён ляжыць.
Так што крыніцы беларускага эканамічнага цуду заканчваюцца і цуд заканчваецца разам з імі. Вось да канца электаральнага цыклу цуду яшчэ хопіць, а далей ужо як пойдзе. Зрэшты, росквіту не прывыкаць.
Вось хацеў пажартаваць, а сам не заўважыў, як атрымалася меланхалічна пра сумнае. А мне ж яшчэ трэба нагадаць табе пра сакалоў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыкі і Цапкалы.