«Законы эканомікі — гэта табе не беларуская Канстытуцыя. Падмануць іх можна, але ненадоўга»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра няўмольныя законы эканомікі, і пра тое, што цяпер не час рабіць лішнія рэзкія рухі на тэму новага ўзаемаразумення і ўсёдаравання гаранта.
Прабач, буду сёння пра сумнае. Таму што ў сумным назапасілася шмат цікавага. Ну а што ты хацела? У гаранта стабільнасці якое было электаральнае абяцанне? Што год будзе цяжкім. Пацан сказаў — пацан зробіць. Таму што што-небудзь добрае яму і паабяцаць шкада, і выканаць не атрымаецца. А дрэннае за яго само сабой зробіцца. Усё як ён любіць.
Вось Белстат палічыў як гандлявалі летась, і аказалася, што гандлявалі не вельмі весела. Гэта значыць, спачатку было весела, а потым стала не вельмі. Гандлёвы дэфіцыт за мінулы год аказаўся 5,4 мільярды долараў, і толькі за снежань ён быў больш за мільярд.
Нічога не хачу сказаць, што 5,4 мільярды — гэта такі ўжо вялікі рэкорд. Бывала і больш. У 2010-м годзе было амаль дзесяць. І нічога. Калі не лічыць, што пасля яго быў 2011-ты і інфляцыя больш за сто адсоткаў.
Але гандлёваму дэфіцыту не трэба хвалявацца. У яго яшчэ ўсё наперадзе. Ён яшчэ можа паставіць новыя рэкорды. Таму што сёлета для новых рэкордаў склаліся ўсе неабходныя ўмовы. Не трэба нават моцна старацца.
На расійскім рынку канчаецца месца для беларускіх тавараў. Вось калі з сярэдзіны мінулага года яно канчалася так паволі, то зараз гэта ўжо становіцца прыкметна нават няўзброеным вокам. Таму што расійская эканоміка апошнія тры гады была занадта неэканомнай. Але пра перспектывы расійскай эканомікі я ўжо, была справа, табе распавядаў, таму не буду паўтараць.
А ў беларускага гандлю акрамя расійскага рынку няма асаблівых альтэрнатыў. Таму што паход па далёкай дузе прынёс камусьці шмат радасці і геапалітычнага ўзаемаразумення, але беларускаму гандлю ён не прынёс нічога акрамя страт. За мінулы год беларускі экспарт на далёкай дузе ўпаў на 9 працэнтаў, а за снежань наогул на 23. На блізкай дузе экспарт таксама падаў, але гэта было пакуль не так балюча. Балюча яшчэ будзе.
Таму што свае грошы заканчваюцца, зарабіць няма дзе, а бясплатна грошай не дае нават старэйшы саюзнік. Можна было б памацаць па кішэнях беларускіх кампаній, як сёй-той прывык рабіць. Таму што сёй-той прытрымліваецца такога жыццёвага прынцыпу, калі ўсё што маё, то маё, а што тваё, то таксама маё.
І ён абавязкова яшчэ пашарыць. Але праблема ў тым, што пашарыць можна, а знайсці няма чаго. Пасля двух гадоў унікальнага цэнавага эксперыменту, аналагаў якому няма, у гэтых кішэнях мала што засталося. І калі своечасова не завязаць з эксперыментамі, то хутка не застанецца наогул нічога. А завязваць прыходзіцца ў самы непадыходзячы момант. Калі, як я табе толькі што сказаў, грошай няма, зарабіць няма дзе, а бясплатна больш не даюць.
А калі цяпер раптам завязаць, то інфляцыя возьме рэванш за папярэднія два гады зневажанняў. Таму што законы эканомікі і здаровага сэнсу — гэта табе не беларуская Канстытуцыя. Падмануць іх можна, але ненадоўга.
І я што табе хачу сказаць з гэтай нагоды? Вось калі гаранта пакінуць сам-насам з яго стабільнасцю, то стабільнасць у яго сама сабой скончыцца. Галоўнае цяпер не рабіць лішніх рэзкіх рухаў на тэму новага ўзаемаразумення і ўсёдаравання гаранта. Усе рэзкія рухі, якія трэба, гарант сам сабе зробіць.
Гэта пакуль яшчэ не вельмі прыкметна няўзброеным вокам, але ў горшым стане стабільнасць была толькі ў 2020-м, пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.