Эканаміст: Лічбы па інфляцыі адлюстроўваюць рэальнасць так жа, як лічбы на выбарах Лукашэнкі
Тыдзень таму Лукашэнка выявіў розніцу паміж «праўдай» і «беларускай праўдай» і загадаў зрабіць «сапраўдны» тэлеканал «без хлусні». Эканаміст Яраслаў Раманчук на прыкладзе сённяшніх эканамічных паказчыкаў кажа, што азначае «праўда па-лукашэнкаўску».
— Лукашэнка ў чарговы раз заклапаціўся інфармацыйным забеспячэннем сваёй таталітарнай дзейнасці, — кажа Яраслаў Раманчук на канале «Эканоміка здаровага сэнсу». — Ён хацеў бы пры дапамозе прапаганды, зомба-скрыні прыкрыць тое, як 30 гадоў вядзе краіну не за цывілізаваным светам. Яго праўда — тая самая агітацыя, якая льецца на галаву беларусаў.
Эксперт прапануе зірнуць на шэраг эканамічных паказчыкаў, каб зразумець розніцу.
— Узяць, напрыклад, інфляцыю. Для таго каб атрымаць рэальныя даныя, трэба вымераць сотні паказчыкаў і параўнаць цэны, якія павінны быць у адкрытым доступе. У Амерыцы чатыры буйныя арганізацыі манітораць толькі інфляцыю. Глядзяць, звяраюць свае звесткі з афіцыйнымі, таму чалавека падмануць складана, — адзначае эксперт. — У Беларусі даведацца праўду пра рост коштаў немагчыма, таму што кошык тавараў і паслуг засакрэчаны. Доступ да яго толькі ў тых людзей, якія, уласна, і падаюць гэтыя лічбы.
Даныя па інфляцыі з'яўляюцца выключна ідэалагічным паказчыкам, які толькі прыкладна адлюстроўвае рэальнасць. А можа, нават не прыкладна. Гэта як з бюлетэням падчас «выбараў». Колькі б ні галасавала за Лукашэнку, усё роўна будзе 80-90%.
Тое ж самае, на думку эканаміста, адбываецца з курсам беларускага рубля, дзе праўду ўстанавіць немагчыма.
— Колькі трэба намаляваць — столькі намалююць. Таму што Нацыянальны банк актыўна працуе з банкамі, якія робяць заяўкі на куплю валюты і забяспечваюць ільвіную долю таго самага попыту. У сітуацыі, калі няма свабоднага перамяшчэння капіталу, што хочам — то малюем, — упэўнены Яраслаў Раманчук.
Трэці паказчык — валавы ўнутраны прадукт.
— Гэта наогул шырокае поле для творчасці. А ўрэшце будзе атрыманы вынік, які пажаданы для галоўнага начальніка, галоўнага агранома, спецыяліста па лубіну, люцэрне і іншых сельгасраслінах, — адзначае Яраслаў Раманчук. — Ведаем мы, наколькі рэальна вырасла беларуская эканоміка? Не ведаем. Таму што праўда схаваная за метадалагічнымі хітрыкамі.
Ён звяртае ўвагу на тое, што некалі на сайце Белстата выніковыя зборнікі па прамысловасці, сельскай гаспадарцы, інвестыцыях, гандлі складалі 400-500 старонак, тады як цяпер — 30-40 старонак.
— Усё астатняе — не для шырокай публікі. Таму што людзі, якія разумеюць, што стаіць за лічбамі, цалкам спакойна маглі б узяць і пераправерыць і выкрыць урадавую хлусню, — тлумачыць эканаміст.
Яшчэ адзін паказчык «праўды ад Лукашэнкі» — гэта, на думку Раманчука, сярэднія заробкі, пенсіі і ўзровень сацыяльнай абароненасці ў цэлым.
— Тут праўда ад Лукашэнкі адна: мы накармілі народ, мы адвялі ад прорвы. Маўляў, у Беларусі ўсяго толькі 350-400 тысяч чалавек у зоне беднасці. Усе астатнія жывуць нармальна, — прыводзіць афіцыйную статыстыку Яраслаў Раманчук. — Але калі ж прымяніць іншую метадалогію і палічыць так, як лічаць у іншых краінах, то за рысай беднасці будзе 20-25% насельніцтва, а тое й больш. Практычна ўсе пенсіянеры, якія атрымліваюць сярэднюю пенсію крыху больш за 200 долараў, трапляюць у зону рызыкі беднасці. А беларускія ўлады кажуць, што ў нас усё добра.
Лукашэнка, які настойвае на «беларускай праўдзе», насамрэч кажа «хлусіце», але хлусіце так, каб вам верылі. Ён з 1994 года ніводнага тыдня, ніводнага месяца не руліў без хлусні. Хлусня — гэта падмурак яго інфармацыйнага ідэалагічнага забеспячэння, гэта яд, які накіраваны толькі на выкананне адной задачы — захаванне Лукашэнкі ва ўладзе, — заключае эканаміст.
Паводле Салідарнасці