«Кіберпартызаны»: прапагандысцкі «ютуб» будзе рабіць А1?

«БелТА» мае намер стварыць беларускі аналаг папулярнага відэасэрвіса YouTube. Навошта гэта, колькі каштуе і хто будзе распрацоўшчыкам, расказалі «Кіберпартызаны».

_belarus_zyccjo_ljudzi_sacsetki_mabilnik_bjaspeka_2024_fota_novy_czas.jpg

Прапагандысты паабяцалі ў верасні запусціць беларускі клон YouTube. «Кіберпартызаны», якія ў кастрычніку 2023 года праніклі ва ўнутраную сетку «БелТА», атрымалі доступ да дакументаў праекта і расказалі падрабязнасці.

Паводле звестак «Кіберпартызанаў», праектам «беларускага YouTube» на пачатку 2023 года па даручэнні Лукашэнкі занялося дзяржагенцтва «БелТА».

Беларускі клон відэахостынгу спатрэбіўся, бо на арыгінальным YouTube прапагандысцкія відэа перыядычна выдаляюць за парушэнне правілаў супольнасці, піша «Зеркало». Так, у 2021 годзе на Youtube заблакавалі відэа з выступам Аляксандра Лукашэнкі на плошчы Перамогі 9 траўня. А ў 2022 годзе пад блакаванне трапіў канал Саюзнай дзяржавы «БелРос», які атрымліваў папярэджанні ад адміністрацыі за распаўсюд недакладнай інфармацыі і прапаганду гвалту.

На старце распрацоўшчыкі беларускага сэрвісу чакаюць максімум тры тысячы наведвальнікаў адначасова ў першы год, а ў другі — не больш за 20 тысяч адначасовых падключэнняў і да 50 тысяч — падчас грамадска значных падзей.


Глядзіце таксама

Мяркуючы па атрыманых хакерамі дакументах, першапачаткова відэахостынг планавалася назваць на беларускай мове, але гендырэктарка «БелТА» Ірына Акуловіч палічыла, што гэта дрэнна адаб'ецца на пошукавых запытах.

«Магчыма, таму спыніліся на працоўнай назве "Видео.бел"», — пішуць «Кіберпартызаны».

Перамовы па стварэнні беларускага клона YouTube вяліся з некалькімі IT-кампаніямі, але актыўна — з дзвюма: ААТ «ІнДэв Салюшэнс» і правайдарам «А1».

Паводле інфармацыі «Кіберпартызанаў», «ІнДэв Салюшэнс» было зарэгістравана ў снежні 2022 года. Ужо ў першыя некалькі месяцаў пасля старту кампанія пачала супрацоўнічаць з вядучымі ВНУ краіны і Міністэрствам аховы здароўя, а таксама стала рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій.

«Дырэктарам "ІнДэв Салюшэнс" з'яўляецца Алег Белякоў, былы супрацоўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ). Ён жа ўваходзіць у рабочую групу па фармаванні і выкананні дзяржаўнай праграмы "Лічбавае развіццё Беларусі" як прадстаўнік ААЦ. Больш за тое, згодна з юрыдычным адрасам на сайце "ІнДэв Салюшэнс", кампанія знаходзіцца ў тым жа будынку, што і "Нацыянальны цэнтр абмену трафікам" пад кіраваннем ААЦ», — пішуць «Кіберпартызаны».

У дарожнай карце на распрацоўку відэахостынгу для рэспубліканскіх тэлеканалаў, доступ да якой атрымалі «Кіберпартызаны», таксама фігуруе беларуская даччыная кампанія аўстрыйскага правайдвра «А1». Згодна з працоўнымі ліставаннямі супрацоўнікаў «БелТА», перамовы аб сумеснай рэалізацыі праекта вяліся з пачатку лета 2023 года.

Згодна з унутраным дакументам «БелТА», з прадстаўнікамі «А1» на сустрэчы 9 кастрычніка 2023 года нават абмяркоўваліся канкрэтныя выдаткі і планы.


Глядзіце таксама

«Так запуск і абслугоўванне відэахостынгу на працягу года прадстаўнікі "А1" папярэдне ацанілі ў 600-700 тысяч долараў, калі браць гатовае рашэнне на базе праграмнага забеспячэння "Вока". Аднак выдаткі ўжо праз месяц абмеркаванняў былі істотна скарэктаваны ў большы бок. Супрацоўнікі "БелТА" ацанілі неабходную суму для запуску і эксплуатацыі медыяплатформы ў першы год прыкладна ў 1,5−2 мільёны долараў, а штогадовыя выдаткі, пачынаючы з другога года — прыкладна ў мільён долараў», — расказалі хакеры.

Мяркуючы па даных з сайта дзяржаўных закупак, у лютым і сакавіку 2024 года агенцтва «БелТА» ўсё-ткі паспрабавала правесці адкрытыя конкурсы на паслугу па прадастаўленні сэрвісу відэавяшчання. Як сцвярджаюць «Кіберпартызаны», у іх прымала ўдзел і кампанія «А1». Канкурэнцыю склала ТАА «Медыятэк», чыю заяўку камісія па закупцы адхіліла.

«Паколькі летам гэтага года гендырэктарка "БелТА" Ірына Акуловіч упэўнена паабяцала, што дзяржаўны відэапартал запрацуе ўжо з канца жніўня, можам выказаць здагадку, што выканаўцу для праекта ўсё ж знайшлі», — зрабілі выснову «Кіберпартызаны».

Хто ім у выніку стаў — у расследаванні не паведамляецца.