Новыя акцыі «жоўтых камізэлек»: 11 чалавек пацярпелі ад падпалу будынка
У Францыі 16 сакавіка прайшла чарговая, васямнаццатая акцыя пратэсту руху «жоўтых камізэлек», паведамляе Радыё Свабода. 11 чалавек у Парыжы пацярпелі ў выніку падпалу пратэстоўцамі банка. З другога паверха падпаленага будынка ўдалося эвакуяваць жанчыну з дзіцем. Як заявіў міністар унутраных спраў Францыі, Крыстоф Кастанэр, будынак падпалілі наўмысна.
![ru.tsn.ua ru.tsn.ua](/img/v1/images/9e2428586acc1f4f37e563034095b7f3.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
ru.tsn.ua
На бульвары Рузвельта, непадалёк ад Елісейскіх палёў, эвакуявалі жыхароў падпаленага будынка. На першым паверсе гэтага будынка знаходзіцца банк. 11 чалавек атрымалі раненні. Кіраўнік МУС Францыі Крыстоф Кастанэр у сваім твітэры назваў падпальшчыкаў «забойцамі».
Удзельнікі акцыі пачалі ўзводзіць на Елісейскіх палях барыкады, паведамляе AFP. Некаторыя «жоўтыя камізэлькі» паспрабавалі напасці на паліцэйскі грузавік. Акрамя таго, удзельнікі акцыі нападаюць на крамы і кідаюць камяні ў паліцэйскіх. Тыя ў адказ ужываюць слезацечны газ і вадзяныя гарматы.
Міністр унутраных спраў Крыстоф Кастанэр абвясціў, што ў Парыжы выйшлі пратэставаць ад сямі да васьмі тысяч чалавек, паўтары тысячы з іх — «ультраагрэсыўныя», якія выйшлі на акцыю, каб біцца і нападаць на паліцыю.
Мэр Парыжу Ан Ідальга асудзіла дзеянні вандалаў і заклікала ўсіх да спакою. Паводле яе, у сувязі з падзеямі ў горадзе пачаў працаваць крызісны цэнтр.
Паводле дадзеных МУС Францыі, да 14.30 у акцыі прынялі ўдзел 14 500 чалавек па ўсёй краіне.Як адзначае AFP, лідары «жоўтых камізэлек» маюць намер прадэманстраваць, што праз чатыры месяцы пратэсты па-ранейшаму моцныя. У мінулую суботу акцыя руху стала самай нешматлікай — у ёй, паводле дадзеных паліцыі, прынялі ўдзел 26 700 чалавек па ўсёй краіне. Гэта ў дзесяць разоў менш, чым у пачатку пратэстаў, 17 лістапада, калі на вуліцы краіны выйшлі 282 000 чалавек.
Пратэсты «жоўтых камізэлек» пачаліся з патрабаванняў адмяніць павышэнне падаткаў на аўтамабільнае паліва. Аднак неўзабаве пратэстоўцы сталі патрабаваць і адстаўкі прэзыдэнта краіны Эманюэля Макрона. Адна з асноўных прэтэнзіяў пратэстоўцаў — што палітычная эліта аддалілася ад праблем простых людзей.
У снежні Эманюэль Макрон пайшоў на шэраг эканамічных саступак, аднак ужо ў навагоднім звароце ягоны тон змяніўся. Макрон заявіў, што ўрад працягне праграму эканамічных рэформаў і «не будзе даваць ніякіх патуранняў пры забеспячэнні грамадскага парадку».
Радыё Свабода