Пратэстоўцы ў Сербіі занялі будынак дзяржаўнага тэлеканала

У Бялградзе ўжо 15-ы тыдзень запар ідуць шматтысячныя акцыі пратэсту супраць прэзідэнта. На гэты раз дэманстранты ўварваліся ў будынак дзяржаўнага тэлеканала.

47840191_303.jpg

Каля 50 удзельнікаў акцый пратэсту супраць палітыкі сербскага прэзідэнта Аляксандра Вучыча ўварваліся ў суботу, 16 сакавіка, у будынак дзяржаўнага тэлеканала РТС у Бялградзе. Яны патрабавалі ад тэлеканала даць ім прамы эфір і абвінавацілі яго кіраўніцтва ў неаб'ектыўным асвятленні падзеяў. Паліцыі атрымалася без прымянення сілы вывесці пратэстуючых з будынка.
У суботу ў Бялградзе працягнуліся штотыднёвыя дэманстрацыі супраць прэзідэнта — гэтая субота стала 15-й з моманту пачатку акцый. Штотыднёвыя шматтысячныя выступы супраць курсу прэзідэнта Вучыча ў Бялградзе і іншых гарадах Сербіі пачаліся пасля жорсткага збіцця апазіцыянера Борка Стэфановіча 23 лістапада 2018 года ў горадзе Крушевац на поўдні Сербіі.
Актывісты руху грамадзянскага пратэсту патрабуюць стварыць у краіне ўмовы для свабодных і сумленных выбараў і забяспечыць незалежнасць СМІ.

«Альянс за Сербію» і рух грамадзянскага пратэсту


Пратэстуючых падтрымліваюць, у прыватнасці, члены апазіцыйнага «Альянсу за Сербію», які аб'ядноўвае палітычныя партыі шырокага спектру, ад левых да вельмі правых. Аднак самі ўдзельнікі руху грамадзянскага пратэсту не спяшаюцца заключаць афіцыйны саюз з «Альянсам».
Актывісты абвінавачваюць палітыкаў, многія з якіх знаходзіліся ва ўладзе да 2012 года, у тым, што яны не здолелі правесці важныя рэформы, і, такім чынам, дазволілі Вучычу сёння выкарыстаць уладу ў сваіх інтарэсах.
dw.com