Па гамбургскім рахунку. Што стаіць за продажам часткі порта Гамбурга Кітаю?
Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер у пачатку красавіка, крыху больш чым праз месяц пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, раскрытыкаваў сваю папярэднюю пазіцыю адносна Расіі. Ён прызнаў, што ідэя «ўтварэння агульнаеўрапейскага дома з удзелам Расіі» была хібнай, як і ідэя ўключыць гэтую краіну ў сістэму еўрапейскай бяспекі.
Памылковай ён прызнаў і сваю пазіцыю па падтрымцы праекта «Паўночнага патоку-2», які вёў да павелічэння залежнасці Германіі ад расійскага газу, а таксама пагаршаў адносіны паміж Германіяй і Польшчай, краінамі Балтыі, Славакіяй, Украінай, Швецыяй і Даніяй, чым падрываў еўрапейскае адзінства.
Цяпер, падаецца, Штайнмаер зрабіў высновы са сваіх мінулых памылак, што пацвярджаюць і ягоныя заявы пасля візіту ва Украіну ў мінулы чацвер, падчас якога яму давялося некаторы час правесці ў сховішчы з-за пагрозы ракетнага абстрэлу з боку Расіі. Як, па ідэі, мусілі зрабіць гэта і іншыя кіраўнікі Германіі. У тым ліку федэральны канцлер Шольц, які год таму таксама адстойваў неабходнасць запуску «Паўночнага патока-2» на той падставе, што гэта, маўляў — выключна эканамічны праект, які не трэба палітызаваць.
Тым не менш, падзеі гэтага года, а таксама рашэнне, прынятае нямецкім урадам на мінулым тыдні, прымушаюць шмат каго ў Германіі (і не толькі) сумнявацца: ці былі зроблены высновы з памылак датычна нямецка-расійскіх адносін? Выкліканы падобныя сумненні тэмай продажу долі ў кантэйнерным тэрмінале порта Гамбурга. Продажу не якой-небудзь заходняй кампаніі. І не заходняй краіне — Кітаю.
Ні для каго не сакрэт, што Кітайская Народная Рэспубліка мае вялікі інтарэс да марской лагістыкі і, адпаведна, да партовай інфраструктуры, размешчанай у розных частках свету. Дадатковы стымул да гэтага інтарэсу дала «Ініцыятыва Пояс-Шлях» (ІПШ) — праект глабальных гандлёвых калідораў, ініцыяваны яшчэ ў 2013-м Сі Цзіньпінам, які цяпер зрабіўся, хутчэй за ўсё, адзінаўладным і пажыццёвым кіраўніком Кітая.
Для Кітая марскі гандаль і, адпаведна, парты маюць вялікае значэнне не толькі як фактары развіцця нацыянальнай прамысловасці і падмурак для існавання найбуйнейшых кітайскіх гарадоў, размешчаных на усходнім узбярэжжы краіны. У прыватнасці, у першай дзясятцы буйнейшых партоў у свеце сем пазіцый належаць кітайскім партам, з шанхайскім у якасці лідара. Парты — гэта яшчэ і магчымасць адыгрываць істотную ролю ў глабальным сусветным гандлі, і не толькі праз транспарціроўку тавараў, але і праз кантроль над лагістыкай. Дзеля гэтага Кітай актыўна карыстаецца такім інструментам, як інвеставанне ў парты ў самых розных кутках зямлі.
Кітайскія фірмы пачалі займацца інвеставаннем у замежныя парты яшчэ ў 90-х. Цяпер у свеце налічваецца каля 835 актыўных марскіх партоў. Кітай мае свой капітал мінімум у 96 з іх, размешчаных на тэрыторыі 63 краін. Найбольшая колькасць такіх партоў знаходзіцца на атлантычных узбярэжжах Еўропы, Афрыкі і абедзвюх Амерык, але найбольшая канцэнтрацыя іх назіраецца ў басейне Індыйскага акіяна (пераважна — паўднёвае ўзбярэжжа Азіі) і ўсходнім Міжземнамор’і. Таксама кропкамі канцэнтрацыі партоў з прысутнасцю кітайскага капіталу з'яўляюцца тыя месцы, якія могуць лічыцца «болевымі кропкамі» марскога суднаходства — раёны праліваў і каналаў, праз якія праходзяць асноўныя транспартныя шляхі: Армузскі праліў, што вядзе ў Персідскі заліў, Суэцкі канал, Малакскі праліў (найістотнейшы для марскога злучэння паміж Індыйскім і Ціхім акіянамі), Ла-Манш, Басфор. У гэтых месцах размешчана 53 такіх порты.
Як заўважаюць эксперты ў сферы марской бяспекі, такая прысутнасць Кітая ў ключавых кропках марскіх транспартных шляхоў дае яму стратэгічную перавагу без задзейнічання жаўнераў і ваенна-марскога флоту. Але пры жаданні можна і жаўнераў задзейнічаць. Пакуль у Кітая толькі адна замежная ваенна-марская база — у Джыбуці, краіне на паўночным усходзе Афрыкі, на ўваходзе ў Чырвонае мора. Як указваюць аналітыкі, марскія пірсы можна выкарыстоўваць не толькі для пагрузкі-выгрузкі мірных тавараў, але і тавараў падвойнага ці наўпрост ваеннага прызначэння, а тое і ваенных аддзелаў, у тым ліку — Народнай Вызвольнай Арміі КНР. Такім чынам, тэрміналы і парты, якія належаць кітайскім дзяржаўным кампаніям, у будучыні могуць лёгка ператварыцца ў плацдармы і апорныя пункты. Акрамя таго, мець долю ў валоданні партамі і тэрміналамі ў іх — гэта яшчэ і мець доступ да інфармацыі, часам вельмі чуллівай, датычнай сусветнага бізнесу. А як вядома, хто валодае інфармацыяй, той валодае светам.
Таму істотна таксама зірнуць на блізкасць тых кітайскіх кампаній, якія маюць свае долі ў замежных партах, з урадам Кітая. Партамі за мяжой і партовымі тэрміналамі валодаюць, у асноўным, тры кітайскія кампаніі: «COSCO Shipping Ports» («COSCO»), «China Merchant Group» («CMG») і «Hutchison Ports» («Hutchison»). Дзвюм першым належыць галоўная роля ў прасоўванні кітайскіх інтарэсаў у замежныя парты. «COSCO» — гігант у сферы марской лагістыкі, займае чацвёртае месца сярод падобных кампаній, на яе прыпадае 11,2% кантэйнерных перавозак у свеце. Менавіта ёй належыць пераважны кантроль над портам Пірэй, найбуйнейшым у Грэцыі, пры гэтым два тэрміналы гэтага порта належаць ёй цалкам. Другі значны актыў гэтай кампаніі — порт Халіфа ў Абу-Дабі (ААЭ), якім яна валодае на 90%. Гэты порт з’яўляецца найбуйнейшым на Сярэднім Усходзе. Да гэтага дадаюцца 60% порта Пуэрта Чанкай у Перу (Паўднёвая Амерыка). Варта адзначыць, што з трох названых кампаній COSCO мае найвялікшую афіліяцыю з кітайскім урадам. Раней яна падпарадкоўвалася непасрэдна Міністэрству транспарту КНР, але і цяпер, пасля шэрагу трансфармацый, застаецца дзяржаўнай кампаніяй. Як адзначаюць аналітыкі, менавіта яна, у выпадку чаго, з найбольшай доляй імавернасці будзе дастаўляць байцоў НВА да пунктаў прызначэння.
Гэтая кампанія і праявіла інтарэс да долі ў адным з тэрміналаў порта Гамбурга. І нямецкія ўлады пайшлі ёй насустрач. Яшчэ ў верасні мінулага года было абвешчана, што планы прадаць кампаніі «COSCO» 35% кантэйнернага тэрміналу «Тolerort» маюць падтрымку з боку ўрада Германіі. Што ўжо тады выклікала вялікія пярэчанні як у гэтай краіне, так і за яе межамі.
Варта адзначыць, што адносіны Германіі і Кітая актыўна развіваліся пры папярэднім канцлеры — Ангеле Меркель. Тады нямецкі ўрад адназначна абіраў супрацу, а не канфрантацыю. Прычым нягледзячы на тое, што год таму Меркель, у апошні месяц свайго знаходжання на пасадзе канцлера, прызнала свае падыходы да супрацоўніцтва з Кітаем у некаторых аспектах «наіўнымі». Тым не менш, да канца свайго канцлерства яна настойвала на развіцці нямецка-кітайскіх адносін. Асабліва вабілі яе інавацыйныя тэхналогіі: квантавыя камп'ютары і штучны інтэлект, якія, па яе меркаванні, больш прасунутыя ў Кітаі і ЗША, чым у Еўропе. Між іншым, квантавыя камп'ютары, якія пакуль застаюцца, збольшага, гіпатэтычнай прыладай, у тэорыі могуць дазволіць лёгка ўзломваць коды шыфравання і апрацоўваць гіганцкія аб’ёмы даных.
Новы ўрад Германіі, які прыйшоў да ўлады ў канцы мінулага года, дэманструе менш энтузіязму ў дачыненні да развіцця нямецка-кітайскіх адносін. З ягонага боку, у прыватнасці, гучыць крытыка наконт сітуацыі ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне, ды і далейшае развіццё эканамічных адносін ставіцца пад пытанне. Таму не дзіўна, што і кітайскія інвестыцыі ў порт Гамбурга не сустракаюць сярод цяперашняга нямецкага кіраўніцтва вялікай прыязнасці. Але ў гэтай ідэі існуе моцны абаронца. І гэта ні хто іншы, як Олаф Шольц.
Для новага канцлера Германіі тэма Гамбурга не з’яўляецца чужой: з 2011 па 2018 год ён быў мэрам гэтага горада. І наладжванне сувязей з Кітаем таксама ішло пад ягоным патранажам. Таму не дзіўна, што тэма атрымала сваё развіццё. У красавіку гэтага года, прыкладна тады ж, калі Штайнмаер каяўся ў сваёй памылковай палітыцы ў адносінах да Расіі, у мас-медыя з’явілася інфармацыя пра працяг разгляду прапановы «COSCO» нямецкім урадам.
Пазіцыя Шольца сутыкнулася з моцнай апазіцыяй, у якой аказаліся як палітычныя апаненты канцлера з шэрагу хрысціянскай дэмакратыі, так і ягоныя аднапартыйцы, у тым ліку — чальцы ўрада. Шэсць міністраў федэральнага кабінета выступілі з крытыкай гэтай здзелкі. У прыватнасці, міністр эканомікі Германіі Роберт Хабек: паводле яго меркавання, краіна патрапіць у надта вялікую залежнасць ад Кітая. А з гэтым у Германіі ўжо ёсць сумны досвед, калі яна трапіла ў газавую залежнасць ад Расіі. Катэгарычна супраць і выведачныя службы, у якіх адкрыццё доступу кітайцам да вялікіх аб’ёмаў істотнай для Германіі інфармацыі выклікае зразумелую трывогу. Бруна Каль, дырэктар BND — нямецкай службы знешняй выведкі — у сваім нядаўнім выступленні перад дэпутатамі Бундэстага адзначыў, што нямецкае кіраўніцтва «было надта самазадаволеным» у сваіх адносінах з Кітаем, што прывяло да «балючай залежнасці». Паўплываць на рашэнне Шольца, безумоўна, мусіла і цяперашняя пазіцыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, аднаго з бліжэйшых саюзнікаў Германіі і яе партнёра па NATO, які лічыць Кітай куды большай пагрозай сусветнай сістэме бяспекі, чым пуцінскую Расію.
Падавалася б, усё вядзе да адмоўнага адказу нямецкага кіраўніцтва на прапанову кітайскага боку па продажы яму долі ў гамбургскім порце. Тым больш нечаканай стала навіна, якая з’явілася ў мінулую сераду. Нямецкі ўрад на чале з Шольцам усё ж пагадзіўся падтрымаць здзелку. Праўда, гэта рашэнне было названа «кампрамісным», паколькі доля, якую саступаюць кітайцам, скарацілася з 35 да 24,9%. Пагрозу нацыянальнай бяспецы ацанілі ў 10,1%, што і «скінулі» з першапачатковай лічбы. Навіна выклікала шок не толькі ў Германіі, але і за яе межамі. Нават індыйскія медыя задаваліся пытаннем: ці сапраўды нямецкае кіраўніцтва засвоіла ўрок гісторыі з Расіяй?
У немцаў яшчэ ёсць магчымасць «адыграць назад», хоць зрабіць гэта будзе складана. 4 лістапада Шольц выпраўляецца з візітам у Кітай. Ён будзе першым еўрапейскім лідарам, які наведае гэтую краіну з 2019 года. І першым лідарам, які сустрэнецца з Сі Цзіньпінам пасля ХХ з’езду КПК, што аформіў ягоную амаль абсалютную ўладу над Кітаем. Тады, хутчэй за ўсё, і будзе вызначаны лёс здзелкі, як і ход далейшых нямецка-кітайскіх адносін. А вось будуць гэтыя адносіны гульнёй са станоўчым вынікам ці Германія так і застанецца краінай нявывучаных урокаў, пакажа толькі будучыня.