Рэвалюцыя Сі. Кітай чакаюць перамены

Перамены, замацаваныя вынікамі ХХ з’езда КПК, які завяршыўся тыдзень таму, утварылі новую канцэпцыю палітычнага кіравання Кітая. Але якімі будуць вынікі гэтых рэвалюцыйных пераменаў?

1200x800.jpg

ХХ з’езд Камуністычнай партыі Кітая яшчэ да свайго пачатку прэтэндаваў на эпітэт «гістарычны». Для тых, хто памятае гісторыю СССР, ягоны парадкавы нумар (ХХ) шчыльна асацыяваўся з тымі досыць радыкальнымі зменамі, якія прынёс Савецкаму Саюзу з’езд КПСС з аналагічным нумарам. Для іншых галоўнай інтрыгай было пытанне: ці здолее Сі Цзіньпін застацца, насуперак традыцыі, кіраўніком партыі (а значыць, і дзяржавы) на наступны пяцігадовы тэрмін. Гэта, па меркаванні некаторых назіральнікаў, было б сапраўднай рэвалюцыяй у канцэпцыі палітычнага кіравання ў Кітаі.

Нельга казаць, што гэтая інтрыга была такой у поўнай ступені. Уласна, рэвалюцыя ва ўсведамленні нормаў і прынцыпаў партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва ў Кітаі была гучна анансаваная яшчэ на мінулым — ХІХ з’ездзе КПК, які адбыўся ў далёкім ужо 2017 годзе.

Сістэма палітычнага кіраўніцтва КНР звонку выглядае складанай, з шматлікімі інстытуцыямі і пасадамі. Але прынцыповая схема выглядае досыць проста. Асноўная ўлада належыць Цэнтральнаму Камітэту Камуністычнай партыі Кітая, у склад якога ўваходзяць каля 300 чалавек. Сярод іх абіраецца Палітбюро — 25 вышэйшых кіраўнікоў, якія займаюцца выпрацоўкай рашэнняў. Але найбольш істотныя рашэнні выпрацоўваюцца і прымаюцца ў яшчэ больш вузкім коле — Пастаянным Камітэце Палітбюро. 

На дадзены момант у яго ўваходзяць сем чалавек. Менавіта яны і вызначаюць палітыку кітайскай дзяржавы як унутры краіны, так і за ейнымі межамі. Па законе і Палітбюро, і Пастаянны Камітэт абіраюцца Цэнтральным Камітэтам. Але фактычна іхні склад фармуецца ў адпаведнасці з нефармальнымі традыцыямі, у адпаведнасці з якімі, у новы склад трапляюць толькі тыя, хто быў ухвалены чальцамі папярэдняга складу. То-бок, гэтыя органы фармуюцца праз прызначэнні вышэйшым кіраўніцтвам краіны.

Узначальвае і Пастаянны Камітэт, і Палітбюро, і сам ЦК адзін і той жа чалавек: генеральны сакратар ЦК КПК. Па традыцыі, якая склалася з 1993 г., яго ж абіраюць старшынёй КНР (ці «прэзідэнтам», як звычайна завецца гэтая пасада ў заходніх публікацыях). Адбываецца гэта на Усекітайскім сходзе народных прадстаўнікоў, які праводзіцца звычайна ў сакавіку года, наступнага за партыйным з’ездам. Нягледзячы на тое, што па Канстытуцыі гэты орган з’яўляецца носьбітам найвышэйшай улады ў краіне, а таксама прымае законы, ягоная роля зводзіцца да зацвярджэння рашэнняў, прынятых вышэйназванымі партыйнымі органамі. Пасада старшыні КНР дае кантроль па-над другой буйнейшай эканомікай у свеце па намінальным ВУП. Урэшце генеральны сакратар займае яшчэ адну пазіцыю — старшыні Цэнтральнай вайсковай камісіі. 

Гэта значыць, ён з’яўляецца і галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Кітая — найбуйнейшай на дадзены момант арміяй у свеце. Спалучэнне гэтых трох пасадаў і робіць іхняга ўладальніка «найвышэйшым лідарам» КНР і адным з наймагутнейшых людзей у свеце.

Тэрмін знаходжання на пасадзе генеральнага сакратара КПК не вызначаны, але з 90-х ён па традыцыі абмяжоўваўся двума пяцігадовымі тэрмінамі. У нефармальнай абстаноўцы кітайскія палітыкі маглі кінуць заўвагу свайму таварышу, які намякаў на магчымасць застацца ва ўладзе на больш працяглы час: «Ты што, разумнейшы за Дэн Сяапіна?» (той, як вядома, не трымаўся за ўладу і пакінуў свае пасады добраахвотна). Акрамя таго, існавала і нефармальнае правіла, якое таксама абмяжоўвала доўгае знаходжанне ва ўладзе: узроставы цэнз. 

На пасады ў партыйным кіраўніцтве маглі прэтэндаваць людзі, не старэйшыя за 67 год. Тыя, хто дасягаў 68-гадовага ўзросту, у выбарах ужо не ўдзельнічалі, а з наступленнем 69-годдзя пакідалі свае пасады. Гэтае правіла было ўсталявана таксама ў 90-х тагачасным найвышэйшым лідарам Цзян Цзэмінем, і з таго часу з яго не было выключэнняў.

76398680_original.jpg

Праз гэта ў кітайскай палітыцы існавала традыцыя «змены пакаленняў», калі састарэлыя лідары, якім споўнілася 69 год, саступалі свае пазіцыі больш «маладым». Да першага пакалення адносяць Маа Цзэдуна і ягоных паплечнікаў. Другое пакаленне звязана з Дэн Сяапінам і дзейнічала ў 80-х — пачатку 90-х. Трэцяе — час лідарства Цзян Цзэміня (з 1992 па 2002), чацвёртае — Ху Цзінтаа (2002-2012). Пачынаючы з трэцяга пакалення, узнікла традыцыя напярэдадні другой (завяршальнай) пяцігодкі папярэдняга пакалення ўводзіць у склад Пастаяннага Камітэта прадстаўніка «малодшага» пакалення ў якасці будучага пераемніка. Так было з Ху Цзінтаа, так было і з самім Сі, які прадставіў пятае пакаленне. 

А вось ён, у сваю чаргу, у 2017-м гэтага не зрабіў. Чым ужо тады даў зразумелы сігнал, што шостага — не будзе. Прынамсі, у бліжэйшай перспектыве. Больш за тое, ён не мог абірацца ў 2022-м, бо яму б ужо споўнілася 69 год. Такім чынам, рэвалюцыя, якая праз калена ламала былыя традыцыі, адбылася яшчэ тады. ХХ з’езд мусіў толькі аформіць ейныя вынікі.

Нягледзячы на тое, што напярэдадні з’езду па сацыяльных сетках і дробных сайтах прайшла хваля паведамленняў пра «дзяржаўны пераварот» у Бэйдзіне (Пекіне), ніхто з аналітыкаў не сумняваўся, што ў Сі ўсё цудоўна атрымаецца, і новых, нечаканых «рэвалюцыяў» не адбудзецца. Нават скандальная гісторыя з вывадам з залі, дзе праходзіў з’езд, былога найвышэйшага лідара КНР і папярэдніка Сі на гэтай пасадзе Ху Цзінтаа не выклікала вялікага ўсхвалявання каментатараў. Бо ўсе разумелі: гэта не ёсць істотным, што б не стаяла за гэтай падзеяй — спроба нечаканай фронды з боку Ху, ягоны кепскі стан здароўя, ці жаданне Сі прадэманстраваць сваю абсалютную ўладу над партыяй і ейнымі чальцамі. 

Больш істотным з’яўляецца тое, як Сі бачыць будучыню Кітая, дзеля чаго он і зладзіў сваю рэвалюцыю. Ды й не толькі Кітая, калі ўлічыць тую ролю, якую гэтая краіна адыгрывае ў свеце.


Гэтае бачанне Сі таксама агучыў раней у сваёй канцэпцыі «Сацыялізм з кітайскай спецыфікай у новую эпоху». У адрозненне ад папярэдніх канцэпцыяў, якія вызначалі эпохі кіравання Цзян Цзэміня, Ху Цзінтаа і першую пяцігодку самога Сі, акцэнт у ёй зроблены не на эканамічным развіцці і дасягненнях, а на аднаўленні велічы кітайскай нацыі. Пры гэтым не надта складана зразумець, якім чынам Сі жадае вырашыць гэтую задачу.

Адным з ключавых пунктаў ягонай дактрыны з’яўляецца распаўсюд кіраўнічай ролі КПК на ўсе сферы жыцця. У рамках даягнення гэтай мэты асаблівую ролю набываюць сілавыя структуры. Канечне, усе ведаюць, што і да гэтага Кітай не быў той краінай, якая вызначаецца сваімі свабодамі. Але цяпер, падобна, усё робіцца яшчэ больш жорсткім. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў новым складзе кіраўнічых органаў кампартыі і, адпаведна, дзяржавы.

У прыватнасці, у новы склад Палітбюро КПК быў уведзены міністр дзяржаўнай бяспекі Чэнь Вэньцін. Міністэрства дзяржаўнай бяспекі з’яўляецца асноўнай выведкавай і контрвыведкавай службай КНР, і ўвядзенне ягонага кіраўніка ў склад Палітбюро дае яму шырокі доступ да рэсурсаў, неабходных, у тым ліку, для працы з вялікімі данымі і штучным інтэлектам. Па меркаванні заходніх аналітыкаў, такое прызначэнне прывядзе да больш актыўнай і агрэсіўнай дзейнасці МДБ за межамі КНР. 

Разам з месцам у складзе Палітбюро Чэнь атрымаў яшчэ і пасаду ў Цэнтральным Сакратарыяце — органе, які кіруе штодзённым жыццём партыі. Там ён, з усёй верагоднасцю, увойдзе ў склад Палітыка-юрыдычнай камісіі КПК, якая з’яўляецца галоўным партыйным органам бяспекі. Прызначэнне ў ейны склад Чэня дасць Сі магчымасць цалкам кантраляваць сітуацыю ў партыі і душыць любыя праявы непадпарадкавання.

У склад Цэнтральнага Сакратарыяту быў уведзены яшчэ адзін «сілавік» — міністр грамадскай бяспекі Ван Сяахун. Ён — стары паплечнік Сі, які працаваў з ім яшчэ ў 90-х, калі Сі быў кіраўніком правінцыі Фуцзянь. У Сакратарыяце яго, хутчэй за ўсё, чакае «барацьба з карупцыяй» — інструмент, які Сі даўно выкарыстоўвае супраць сваіх апанентаў у партыі.

Два «сілавікі» ў вышэйшых партыйных органах — справа для цяперашняга Кітая ўнікальная. Яна лішні раз падкрэслівае: Сі атрымаў абсалютную ўладу і кантроль над партыяй і дзяржавай. І калі раней яшчэ можна было дазволіць сабе тэарэтычна паразважаць пра магчымыя крокі па лібералізацыі жыцця ў краіне, цяпер пра гэта можна надоўга забыць.


У 80-я гады, калі палітыка рэформаў толькі пачалася, у Кітаі ўсур’ёз разглядалі пасля аднаўлення эканомікі перайсці да паступовых палітычных трансфармацыяў у бок большых свабодаў і ліберальнай дэмакратыі. Але моцны ўдар па гэтых поглядах нанеслі дзве падзеі: студэнцкія выступленні на плошчы Тхяньаньмэнь і распад СССР. Кітайскіх камуністычных лідараў вельмі напалохала перспектыва згубіць кантроль над тым, што адбываецца ў краіне, у чым яны бачылі пагрозу не толькі для сваёй улады, але і для палітычнага адзінства Кітая. Вядучым ідэолагам новага падыходу, які адвяргаў магчымасць палітычных пераменаў, з’яўляецца Ван Хунін

Менавіта ён распрацаваў палітычныя канцэпцыі Цзян Цзэміня, Ху Цзінтаа і самога Сі. І ён таксама ўваходзіць (што вельмі рэдкая з’ява для тэарэтыкаў) у склад Пастаяннага Камітэта Палітбюро. То-бок, ён з’яўляецца адным з кітайскіх полісімэйкераў.

Ван Хунін цяпер займае пазіцыю першага сакратара Сакратарыяту. Што характэрна, менавіта гэтую пасаду займалі Ху Цзіньтаа і Сі Цзіньпін перад сваім абраннем на пасаду генеральнага сакратара і найвышэйшага лідара. Але калі ўлічваць жаданне Сі заставацца на пазіцыі найвышэйшага лідара як мага даўжэй, перспектывы Вана (які толькі на два гады маладзейшы за Сі) заняць яе ў будучыні выглядаюць сумнеўнымі. Тым не менш сама прысутнасць на пасадзе з такой сімвалічнай значнасцю прыхільніка «жорсткага курсу» шмат што кажа пра намеры цяперашняга кітайскага кіраўніцтва.

ХХ з’езд прадэманстраваў, што кацёл палітычнага (і не толькі) жыцця ў Кітаі ад цяперашняга моманту пакрыты зверху надзейнай накрыўкай, якая прыцягнута да катла моцна зацягнутымі гайкамі. Што цалкам адпавядае ўяўленням Сі Цзіньпіна наконт таго, як мусіць выглядаць дзяржава, якая ўступае ў адкрытую барацьбу за сусветнае лідарства: усё падпарадкавана адной партыі, якая, у сваю чаргу, падпарадкавана аднаму чалавеку. Як будзе ісці гэтая барацьба і чым яна скончыцца — тут могуць быць розныя прагнозы. 

Але не пакідае адчуванне, што кітайскае кіраўніцтва ў страху перад лёсам СССР робіць усю тую ж памылку, якую рабілі ягоныя савецкія калегі: яно не бярэ ў разлік, што чым шчыльней закручаны гайкі, тым мацнейшым будзе выбух у выніку. А паколькі опцыя «аслаблення» гаек у канцэпцыі Сі не прадугледжана, гэта робіць новую рэвалюцыю ў Кітаі практычна непазбежнай.