Што сказаў Сі Цзіньпін на адкрыцці з'езду Камуністычнай партыі Кітая?

Выглядае на тое, што Кітай таксама рыхтуецца да вайны. Вось толькі з кім?

Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін

Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін


Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін на адкрыцці з'езду Камуністычнай партыі Кітая заклікаў да паскарэння вайсковага развіцця і абвясціў пра адсутнасць змен у палітычным курсе на абвастрэнне адносін з Вашынгтонам і ўзмацненне кантролю кіруючай Камуністычнай партыі над грамадствам і эканомікай. Ён выступаў перад 2000 дэлегатаў гадзіну і 45 хвілін, прамову транслявала нацыянальнае тэлебачанне. З'езд Кампартыі праходзіць на фоне хваравітага спаду ў другой па велічыні эканоміцы свету і напружанасці ў адносінах з Вашынгтонам і азіяцкімі суседзямі па пытаннях гандлю, тэхналогій і бяспекі, піша агенцтва «Associated Press».
Планы партыі прадугледжваюць «стварэнне квітнеючага грамадства» да сярэдзіны стагоддзя і «аднаўленне гістарычнай ролі Кітая як палітычнага, эканамічнага і культурнага лідара». Пекін пашырыў сваю прысутнасць за мяжой, уключаючы шматмільярдную ініцыятыву «Адзін пояс, адзін шлях» па будаўніцтве партоў і іншай інфраструктуры ў свеце, але эканамісты папярэджваюць, што адмена рынкавых рэформ можа перашкодзіць эканамічнаму росту.
«Наступныя пяць гадоў будуць вырашальнымі», — сказаў Сі Цзіньпін у сваёй прамове. Ён неаднаразова спасылаўся на лозунг пра «амаладжэнне кітайскай нацыі», які ўключае ў сябе адраджэнне ролі партыі як эканамічнага і сацыяльнага лідара і вяртання «залатога стагоддзя» Кітая.
З'езд Кампартыі КНР павінен вызначыць кіраўнікоў на наступныя пяць гадоў. Чакаецца, што 69-гадовы Сі Цзіньпін парушыць традыцыю і прызначыць сябе на трэці пяцігадовы тэрмін генеральным сакратаром і прасуне ва ўладу сваіх саюзнікаў.


Кіраўніцтва Камуністычнай партыі ў 1990-х гадах пагадзілася абмежаваць паўнамоцтвы Генеральнага сакратара двума пяцігадовымі тэрмінамі ў спробе прадухіліць паўтарэнне барацьбы за ўладу папярэдніх дзесяцігоддзяў. Сі Цзіньпін ясна даў зразумець пра свае намеры ў 2018 годзе, калі з Канстытуцыі Кітая было выключана абмежаванне на два тэрміны прэзідэнцтва. Чыноўнікі заявілі, што дазволяць яму застацца, «калі гэта неабходна для правядзення рэформ».
Вайсковаму крылу партыі, Народна-вызваленчай арміі, неабходна «абараняць годнасць і асноўныя інтарэсы Кітая», сказаў кітайскі кіраўнік, маючы на ўвазе спіс тэрытарыяльных прэтэнзій і іншых пытанняў, па якіх Пекін заяўляе, што гатовы пачаць вайну.
Кітай, які валодае другім па велічыні ваенным бюджэтам у свеце пасля Злучаных Штатаў, спрабуе пашырыць свой уплыў і распрацоўвае балістычныя ракеты і авіяносцы.
«Мы будзем працаваць хутчэй, каб мадэрнізаваць ваенную тэорыю, асабісты састаў і ўзбраенне, — сказаў Сі Цзіньпін. — Мы ўмацуем стратэгічны патэнцыял Узброеных Сіл».
Аналітыкі чакаюць, ці зможа спад, у выніку якога эканамічны рост упаў ніжэй за палову ад афіцыйнага мэтавага паказчыка ў 5,5% на год, прымусіць Сі Цзіньпіна пайсці на кампраміс і ўключыць у кіраўніцтва партыяй і краінай прыхільнікаў рынкавых рэформ і прадпрымальнікаў.
Партыя ўзмацніла дамінаванне дзяржаўнай прамысловасці і ўклала грошы ў стратэгічныя ініцыятывы, накіраваныя на стварэнне аднаўляльных крыніц энергіі, электрамабіляў, камп'ютарных чыпаў, аэракасмічных і іншых тэхналогій.
Такая тактыка выклікала скаргі на тое, што Пекін неналежным чынам абараняе і субсідуе сваіх вытворцаў, яякія толькі пачынаюць весці бізнес, і прывяла да таго, што тагачасны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп павысіў тарыфы на кітайскі імпарт у 2019 годзе, з чаго пачалася гандлёвая вайна паміж ЗША і КНР, якая адбілася на сусветнай эканоміцы. Пераемнік Трампа Джо Байдэн захаваў гэтыя санкцыі і ўзмацніў абмежаванні на доступ кітайцаў да амерыканскіх тэхналогій.
Кампартыя таксама зрабіла больш жорсткім кантроль над прыватным сектарам, запусціўшы антыманапольныя меры, меры па абароне даных і іншыя рэпрэсіі. Пад палітычным ціскам яны накіроўваюць мільярды долараў на распрацоўку чыпаў і іншыя партыйныя ініцыятывы. Цэны на іх акцыі на замежных біржах упалі праз нявызначанасць будучыні гэтых кампаній.


Таксама ў Кітаі ўзмоцнілі грамадскае назіранне і цэнзуру сродкаў масавай інфармацыі і Інтэрнэту, зрабілі больш жорсткім кантроль над прыватным жыццём з дапамогай ініцыятывы «Сацыяльны крэдыт», якая адсочвае асобных людзей і карае за розныя парушэнні — пачынаючы ад махлярства і заканчваючы раскідваннем смецця.
Сі Цзіньпін заявіў, што партыя будзе ўмацоўваць «упэўненасць у сабе і сілу» ў галіне тэхналогій, удасканальваць сістэму адукацыі Кітая і прыцягваць замежных экспертаў.
Да Сі на сцэне далучыліся партыйныя лідары, у тым ліку яго папярэднік на пасадзе лідара партыі Ху Цзіньтао, былы прэм'ер Вэнь Цзябао і Сун Пін, 105-гадовы ветэран партыі, які спансаваў раннюю кар'еру Сі Цзіньпіна, што паказвае на тое, што цяперашні генсек Кампартыі не сутыкаецца з сур'ёзнай апазіцыяй і, відаць, мае намер утрымліваць уладу надалей.
Ён не згадаў пра ўварванне Расіі ва Украіну, якое Пекін адмаўляецца крытыкаваць, выступіў у абарону падаўлення дэмакратычнага руху ў Ганконгу, заявіўшы, што партыя дапамагла былой брытанскай калоніі «ўступіць у новы этап, на якім яна аднавіла парадак і рух да росквіту».
Урад Сі Цзіньпіна таксама падвяргаецца крытыцы ў сувязі з масавымі затрыманнямі і іншымі злоўжываннямі ў дачыненні пераважна да мусульманскіх этнічных груп і зняволеннем крытыкаў кіраўнікоў Кітая.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» папярэдзіла, што падаўжэнне тэрміну знаходжання Сі Цзіньпіна ва ўладзе стане «катастрофай для правоў чалавека». У дадатак да ўмоў унутры Кітая, у заяве «Amnesty International» гаворыцца пра намаганні Пекіна па «пераглядзе самога значэння правоў чалавека» ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Сі Цзіньпін заявіў, што Пекін не стане адмаўляцца ад магчымага прымянення сілы супраць Тайваня, які лічыць сваёй тэрыторыяй. Пекін актывізаваў намаганні па запалохванні тайванцаў, накіроўваючы да выспы знішчальнікі і бамбавікі. Гэтая кампанія яшчэ больш узмацнілася пасля візіту спікеркі Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі ў жніўні.
«Мы будзем працягваць імкнуцца да мірнага ўз'яднання, — сказаў Сі Цзіньпін. — Але мы ніколі не будзем абяцаць адмовіцца ад прымянення сілы. І мы пакідаем за сабой права прыняць усе неабходныя меры».


Урад Тайваня адказаў, што яго 23-мільённы народ мае права вызначаць сваю ўласнаю будучыню і не прыме патрабаванняў Пекіна. У заяве ўрада ўтрымліваецца заклік да Кітая «адмовіцца ад навязвання палітычных рамак і прымянення ваеннай сілы і прымусу».