Пэлосі: ЗША не могуць дапусціць «новай нормы» Кітая
Спікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлосі адрэагавала на заявы КНР: Злучаныя Штаты не могуць дазволіць Кітаю нармалізаваць новы ўзровень ціску на Тайвань.
На сённяшняй прэс-канферэнцыі спікерка ніжняй Палаты амерыканскага Кангрэса адказала на агрэсію Кітая ў дачыненні да Тайваня: «Мы бачым, як Кітай спрабуе ўсталяваць свайго роду новую норму. І мы проста не можам гэтага дапусціць», паведамляе «Reuters».
Афіцыйны Пекін заявіў у сераду, што ён «выканаў розныя задачы» вакол Тайваня, але працягне рэгулярнае патруляванне, працягваючы аказваць ціск на востраў.
«Мы адправіліся туды, каб падтрымаць Тайвань. Мы адправіліся туды, каб паказаць наша сяброўства і сказаць, што Кітай не можа ізаляваць Тайвань», — адзначыла Пэлосі.
Яна засмяялася, калі яе спыталі пра ўвядзенне Кітаем санкцый супраць яе і яе бліжэйшых сваякоў. «Каго гэта хвалюе?» — спытала спікерка. — Гэта для мяне другараднае, не мае ніякага дачынення да справы».
Нагадаем, сёння ў КНР апублікавалі «Белую кнігу» — інфармацыйны бюлетэнь, у якім улада выкладае сваю пазіцыю па важных пытаннях. Там раскрываецца тэзіс пра «ўз'яднанне» Кітая і Тайваня, што «з'яўляецца агульным імкненнем усіх кітайскіх сыноў і дачок» і нібыта грунтуецца на прынцыпах стваральнікаў сучаснай КНР — Маа Цзэдуна і Дэн Сяапіна.
Улады Кітая дадаюць, што Пекін гатовы да мірнага «ўз'яднання», аднак не выключаюць сілавы сцэнар захопу востраву, калі «не будзе іншага выбару».Таксама адзначаецца, што ў выпадку ўваходжання ў склад Кітая Тайваню гарантуюць, што ён будзе доўгі час мець высокую ступень аўтаноміі і зможа ўкараніць сацыяльную сістэму, якая будзе адрознівацца ад мацерыковай.