Кітай накіроўвае знішчальнікі ў Тайланд для сумесных вучэнняў

Ваенна-паветраныя сілы Кітая накіроўваюць знішчальнікі і бамбавікі ў Тайланд для сумесных вучэнняў, якія павінны прайсці заўтра, 14 жніўня.

Кітай накіруе знішчальнікі і бамбавікі на сумесныя вучэнні з Тайландам. Фота: «Associated Press»

Кітай накіруе знішчальнікі і бамбавікі на сумесныя вучэнні з Тайландам. Фота: «Associated Press»


Вучэнні будуць уключаць падтрымку з паветра, удары па наземных мэтах і разгортванне малых і буйных войскаў, цытуе «Associated Press» заяву Міністэрства абароны Кітая.
Вайсковая актыўнасць Кітая ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, якая пастаянна ўзрастае, устрывожыла Злучаныя Штаты і іх саюзнікаў і абвострыла напружанасць паміж дзвюма найбуйнейшымі эканомікамі свету.
Вучэнні «Falcon Strike» пройдуць на базе каралеўскіх ВПС Тайланда Удорн непадалёк ад мяжы з Лаосам. У іх таксама возьмуць удзел тайскія знішчальнікі і самалёты ранняга папярэджання з абедзвюх краін. Манеўры прызначаныя на той час, калі ЗША праводзяць баявыя вучэнні з Інданезіяй, Аўстраліяй, Японіяй і Сінгапурам у рамках найбуйнейшай ітэрацыі вучэнняў «Super Garuda Shield».


Нагадаем, напружанасць у рэгіёне павялічылася пасля візіту на Тайвань спікеркі Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлосі. У адказ Кітай накіраваў ваенныя караблі і самалёты для «вучэнняў» у акваторыі побач з Тайванем. Нядаўна улады КНР апублікавалі так званую «Белую кнігу», у якой выклалі сваю дактрыну «адзінага Кітая» і паабяцалі, што «вучэнні» паблізу Тайваня цяпер будуць праходзіць пастаянна. У апошніх з іх кітайскія вайскоўцы рэпетавалі напад на востраў. Курт Кэмпбэл, галоўны дарадца прэзідэнта Джо Байдэна па Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, заявіў у пятніцу, што ЗША распачнуць рашучыя крокі для падтрымкі Тайваня, уключаючы адпраўку ваенных караблёў і самалётаў праз водны шлях шырынёй 160 кіламетраў (100 міль), які падзяляе Тайвань і Кітай.


Што датычыцца Тайланда, то міністр абароны ЗША Лойд Осцін наведаў гэтую краіну ў чэрвені ў рамках намаганняў па ўмацаванні таго, што ён назваў «беспрэцэдэнтнай сеткай альянсаў і партнёрстваў Амерыкі» ў рэгіёне.