Кітай рэпетаваў напад на Тайвань. І яму спадабалася

Падчас вайсковых вучэнняў, якія Кітай распачаў у адказ на візіт спікеркі Палаты прадстаўнікоў амерыканскага Кангрэса Нэнсі Пэлосі, кітайскія вайскоўцы адпрацоўвалі напад на Тайвань. Улады КНР заявілі, што так цяпер будзе пастаянна.

0a62a312b43aecd8696925ffcedae.jpeg


Улады Тайваня абвінавацілі Пекін у тым, што сваімі паказальнымі ваеннымі вучэннямі ў тайваньскім праліве кітайская армія рэпетуе напад на востраў, паведамляе «Бі-бі-сі». ЗША падтрымалі Тайвань, абвінаваціўшы Пекін у правакацыйных і безразважных дзеяннях. Абвастрэнне ў рэгіёне працягваецца чацвёрты дзень пасля візіту на Тайвань спікеркі Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлосі.
Пасля гэтага кітайскія СМІ са спасылкай на афіцыйныя крыніцы паведамілі, што армія краіны цяпер рэгулярна збіраецца праводзіць ваенныя вучэнні з «тайваньскага» боку сярэдняй лініі, якая ў мінулым прымалася ў якасці неафіцыйнай марской мяжы паміж Тайванем і мацерыковым Кітаем. Афіцыйна гэты статус нідзе не зафіксаваны, і Пекін адмаўляе, што гэтая лінія яго да нечага абавязвае.
Кітайскае дзяржаўнае тэлебачанне паведаміла, што вучэнні будуць цяпер праводзіцца ў гэтай зоне рэгулярна. Сярэднюю лінію яна назвала «ўяўнай лініяй, прыдуманай у мінулым стагоддзі з улікам баявых патрэб амерыканскіх вайскоўцаў».


Кітайскія вучэнні доўжацца ўжо чацвёрты дзень, і ў нядзелю раніцай улады Тайваня вырашылі адказаць, выпусціўшы свае самалёты і караблі патруляваць сярэднюю лінію ў Тайваньскім праліве.
На фоне візіту Нэнсі Пэлосі афіцыйны Пекін, які лічыць Тайвань сваёй тэрыторыяй, зрабіў шэраг рэзкіх заяў. У акваторыі вакол Тайваня Кітайскі флот пачаў інтэнсіўныя вучэнні. Таксама КНР увяла санкцыі ў дачыненні да Тайваня.