Гульня ў кураняцю, ці Чырвоныя лініі Тайваньскага праліву
Самалёт спікера ніжняй палаты амерыканскага парламенту Нэнсі Пэлосі пакінуў тэрыторыю Тайваня і накіраваўся ў бок Паўднёвай Карэі. Таго страшнага, чаго шмат хто чакаў, і што магло б прывесці да ўзброенага сутыкнення дзвюх наймагутнейшых дзяржаў свету — ЗША і Кітая — не адбылося. Чырвоныя лініі, якія аддзяляюць свет ад гэтай бяды, перасечены не былі. Але выдыхаць з палёгкай яшчэ зарана.
Існуе ў Злучаных Штатах такая забаўка — завецца «гульня ў кураняцю (“баязліўца”)». Два чалавекі сядаюць у свае аўтамабілі і на высокай хуткасці імчацца адзін насустрач аднаму. Прайграе той, хто першым збочыць. Назва гэтай гульні ў пэўны час пачала выкарыстоўвацца для пазначэння любой рызыкоўнай гульні, якая можа пагражаць удзельнікам вялікімі праблемамі ці нават гібеллю, затое пераможца забірае ўсё. У такім сэнсе гэтае паняцце было перанесеным у эканоміку і палітыку. «Тэорыя гульняў», на якой грунтавалася палітыка ЗША ў эпоху Халоднай вайны, выкарыстоўвала прынцып гэтай гульні для вырашэння некаторых пытанняў з СССР.
Цяпер прынцыпы «гульні ў кураняцю» ахвотна выкарыстоўваюцца як Злучанымі Штатамі, так і кіраўніцтвам КНР у адносінах паміж сабой. Найчасцей яе прыкметы прасочваюцца як раз у сітуацыі вакол Тайваня.
Карані праблемы — у гісторыі сярэдзіны ХХ стагоддзя. Грамадзянская вайна паміж нацыяналістычнай партыяй гаміньдан, якая кіравала ў той час Кітайскай Рэспублікай, і камуністычнай партыяй завяршылася перамогай апошняй. У выніку ў 1949 годзе была ўтвораная Кітайская Народная Рэспубліка пад кіраўніцтвам камуністаў, а гаміньдан быў вымушаны рэціравацца на Тайвань, дзе і застаўся пад прыкрыццём нешырокага Тайваньскага праліву і абаронай Злучаных Штатаў.
І гаміньдан, і КПК бачылі сваёй задачай аднавіць адзінства Кітая (канечне, кожны бачыў аб’яднаны Кітай пад сваім кіраўніцтвам). Гэта выклікала спрэчкі, сваркі, канфліктныя сітуацыі, але ў цэлым абодва бакі мелі нешта адзінае на мэце — аб’яднаную краіну, што ў пэўнай ступені змяншала градус напругі. Сітуацыя змянілася, калі на мяжы стагоддзяў на Тайвані з’явіліся ўплывовыя палітычныя сілы, якія паставілі сваёй мэтай не ўз’яднанне Кітая, а абвяшчэнне паўнавартаснай незалежнасці Тайваня. І вось тут з’явілася першая чырвоная лінія — для кіраўніцтва мацерыковага Кітая абвяшчэнне незалежнасці «мяцежнага» вострава азначае падставу для вайны.
Гэта значыць, што КНР усёй моцай сваёй Народнай Вызвольнай Арміі абрынецца на Тайвань з мэтай гвалтоўнага далучэння. Тут пралягае другая чырвоная лінія — для Злучаных Штатаў атака на Тайвань, які карыстаецца амерыканскімі гарантыямі, будзе азначаць ранняе ці позняе ўцягванне ва ўзброены канфлікт з КНР.
Тое, што наступствы такога канфлікту будуць катастрафічнымі, не выклікае аніякага сумнення. Адзін толькі той факт, што на Тайвані вырабляецца каля 60% усіх паўправаднікоў у свеце, якія спажываюць буйнейшыя вытворцы лічбавай тэхнікі, можа даць уяўленне пра гіганцкі ўплыў гэтых падзеяў на сусветную эканоміку. І гэта — акрамя таго, што ўдзельнікамі канфлікту будуць дзве ядзерныя дзяржавы. Гэта разумеюць усе, у тым ліку — амерыканскае і кітайскае кіраўніцтвы. Таму асноўнай задачай для іх з’яўляецца захаванне статус-кво на абодвух берагах Тайваньскага праліву, бо ад ягонага парушэння пацерпяць усе. А гэтага не хоча ніхто. Таму галоўная задача як амерыканцаў, так і кітайцаў — пільнаваць, каб выпадкова не перакрочыць праз праведзеныя паўз праліў умоўныя чырвоныя лініі.
І вось тут, парадаксальна, каб лініі захоўваліся, абодва бакі мусяць пераконваць адзін аднаго, што яны не з’яўляюцца «кураняцямі». То-бок, сядаць у машыны і ціснуць педалі ў падлогу. І чым далей разгортваюцца падзеі, тым больш газу вымушаны дадаваць кіроўцы.
З прыходам у Белы дом цяперашняй адміністрацыі сітуацыя пагоршылася. Байдэн адразу абвясціў, што адносіны з Кітаем і, у прыватнасці, стрымліванне яго эканамічнай і палітычнай экспансіі, з’яўляюцца галоўнай мэтай ягонай знешняй палітыкі. Кітай гэта добра зразумеў, і падхапіў гульню. Што хутка адбілася на сітуацыі вакол Тайваня. За апошні год значна павялічылася колькасць пралётаў кітайскіх вайсковых самалётаў праз ідэнтыфікацыйную зону паветранай абароны Тайваня. Рэкорд быў пастаўлены ў кастрычніку мінулага года — больш за 50 самалётаў адначасова парушылі ўмоўную лінію (але не чырвоную!). Палёты працягваюцца і сёлета, хоць і не з такой інтэнсіўнасцю.
У адказ у канцы чэрвеня бягучага году амерыканскі флот накіраваў у Тайваньскі праліў свой самалёт электроннай выведкі Poseidon P-8A, які праляцеў роўна па цэнтры праліва, што выклікала пратэсты кітайскага боку. Да гэтага варта дадаць неаднаразовыя абяцанні, агучаныя самім Байдэнам, аказаць Тайваню ваенную дапамогу ў выпадку сілавой спробы захапіць востраў з боку КНР. Раней кіраўніцтва ЗША на такія заявы не йшло.
І вось на гэтым фоне — візіт Пэлосі, які прыводзіць кітайскае кіраўніцтва ў стан нежартоўнага шаленства. Канечне, ніхто не збіраўся збіваць самалёт з ёй на борце — ды ніхто і не верыў у такую магчымасць. Пераход напружвання ва ўзброены канфлікт не патрэбны цяпер кітайскаму кіраўніцтву. Эканоміка Кітая цяпер дэманструе не самыя лепшыя паказальнікі, у краіне расце ўнутранае напружанне ў сувязі з бесперапыннымі лакдаўнамі, звязанымі з пандэміяй кавіду, а ўвосень мусіць адбыцца з’езд КПК, на якім Сі Цзіньпін хоча вырашыць прынцыповую для сябе праблему захавання ўлады на наступны тэрмін у пяць год. Узброены канфлікт з наймагутнейшай дзяржавай свету — апошняе, чаго можна пажадаць у такой сітуацыі.
Для амерыканцаў перарастанне сітуацыі з напружанай у нешта большае — таксама варыянт зусім не пажаданы. Ні з пункту гледжання эканомікі, ні з пункту гледжання палітыкі гэта не прынясе аніякіх дывідэндаў. Не кажучы ўжо пра ўсе тыя вайсковыя рызыкі, якія цягне за сабой узброены канфлікт з такой моцнай дзяржавай, як КНР.
Таму ўперамежку з пагрозлівымі выкрыкамі і кітайцы, і амерыканцы спяшаліся запэўніць адзін аднаго, што асноўнай мэтай застаецца захаванне статус-кво і недапушчэнне ваеннага сцэнару развіцця падзеяў. Гэта гучала і ў памкненні Белага дому адмежавацца ад дзеянняў Пэлосі, і ў заявах самой Пэлосі, што яна аніякім чынам не збіраецца заахвочваць тайваньскае кіраўніцтва да абвяшчэння незалежнасці Тайваня. Гэта гучала і з вуснаў Сі Цзіньпіна пад час ягонай нядаўняй тэлефоннай размовы з Байдэнам, калі ён імкнуўся запэўніць свайго суразмоўцу, што галоўнае — гэта развіццё эканомікі, а для гэтага патрэбны мірныя адносіны.
Але вось тут і ўзнікае парадокс: каб захаваць статус-кво і не выклікаць у праціўніка жадання перасекчы чырвоныя лініі, трэба дэманстраваць, што ты — не «кураняця». А гэта значыць — педаль у падлогу!
Амерыканцы гэта зрабілі праз візіт Пэлосі — будзь ён ухвалены адміністрацыяй прэзідэнта, ці здзейснены насуперак ягонай волі. Крок цяпер — за кітайцамі. Ім — кроў з носу — трэба знайсці адэкватны адказ, каб працягнуць удзел у гульні. І, падаецца, яны знайшлі гэты адказ у правядзенні шырокамаштабных вайсковых вучэнняў. У ходзе гэтых вучэнняў тэрыторыя Тайваня будзе аточанай з усіх бакоў — не толькі з боку Тайваньскага праліву — узброенымі сіламі КНР. Не, гэта не будзе пераходам праз чырвоную лінію. Але ўжо надта гэта будзе нагадваць карціну Карыбскага крызісу, калі 60 гадоў таму свет аказаўся літаральна ў некалькіх хвілінах і ўчынках ад ядзернага канфлікту.
Не, такога сцэнару не хоча ніхто. Але не варта забываць, што калі ўсё ў хаце моцна паліта бензінам, і два чалавекі імчаць адзін на аднаго на поўнай хуткасці, застаецца верагоднасць адмовы тармазной сістэмы. У 1937 годзе паміж Кітаем і Японіяй была амаль аналагічная сітуацыя: высокая ступень напружанасці ў адносінах, але ніхто не жадаў перарастання яе ва ўзброены канфлікт. І тут пад час манеўраў знік салдат аднаго з японскіх падраздзяленняў. Пачаліся высвятленні абставінаў і ўзаемныя абвінавачанні кітайскіх і японскіх вайскоўцаў. Падобныя інцыдэнты былі тады нярэдкімі і вырашаліся на ўзроўні мясцовага камандавання. Але ў дадзеным выпадку ўсе раптоўна ўсталі ў позу. Слова — за словам, стрэл — за стрэлам… Артылерыю падцягнулі… Праз некалькі гадзін усё ўжо палыхала. Салдат, канечне, знайшоўся — цэлым і непашкоджаным. Але, далібог, не спыняць жа з-за гэтага вайну! Далейшае развіццё сітуацыі прывяло чалавецтва да таго, што ўвайшло ў гісторыю як Другая сусветная.
Дарэчы, і цяпер для Еўропы — асабліва Усходняй — абставіны складаюцца так, што апаліць можна не толькі броўкі. Сам факт пераключэння ўвагі на Усходнюю Азію пагражае нам значнымі праблемамі. Калі пачалася вайна ва Украіне, усе напалохаліся, што Кітай «пад шумок» пажадае прыдбаць Тайвань. Але гэта — вынік пераацэнкі істотнасці Расіі ў свеце (як, уласна, і Усходняй Еўропы). Затое ад ваеннага сутыкнення дзвюх звышдзяржаў у Тайваньскім праліве «шумок» будзе такім, што пад яго шмат што можа адбыцца і ў нас.
Калі ЗША будуць уцягнутымі ў канфлікт у Ціхаакіянскім рэгіёне, для нас істотна падвышаецца рызыка выхаду ўзброенага процістаяння Расіі і Захаду за межы ўкраінскай тэрыторыі. І гаворка тут не пра ўцягванне ва ўзброенае процістаянне Беларусі (хоць і пра гэта, безумоўна, таксама). Скарыстаўшыся адцягваннем сілаў ЗША на процілеглы бок зямнога шару, Расія можа паспрабаваць ажыццявіць сваю спрадвечную мару і нанесці ўдар па суседніх краінах Еўропы, якія так даўно і так моцна раздражняюць яе сваім існаваннем. Гэта, канечне, не будзе азначаць паразы свабоды і дэмакратыі — справа Расіі правальна і бесперспектыўна апрыёры. Але гэта будзе азначаць куды больш крыві, разбурэнняў, пакутаў, знішчаных і зламаных лёсаў людзей на шляху да перамогі.
Таму нам застаецца трымаць кулачкі, каб пад час вайсковых вучэнняў Кітая ў анікога з іхніх удзельнікаў не здарыліся дрыжыкі і не была націснутай якая-небудзь «крайняя кнопка», пасля чаго палыхне пажар, які непазбежна закране ўвесь свет. У нашых інтарэсах, як і ў інтарэсах ЗША і Кітая — захаванне чырвоных ліній непарушнымі. Але колькі часу на іхняе захаванне адвядзе «гульня ў кураняцю» — на гэта адказу ні ў каго няма.