Усё толькі пачынаецца?
У 1990-х, пад стымулам агульнай турбулентнасці, галоснасці і развалу СССР развялося шмат усялякіх экстрасэнсаў і сектантаў, якія палохалі народ «канцом свету». Шчыра кажучы, тады я збіўся лічыць, колькі разоў мы перажылі той самы канец. Нешта падобнае адбываецца і цяпер: на тыдні мы перажылі дзве «Трэція Сусветныя».
Спачатку ўзнік канфлікт у Косава. Свет, помнячы пра гістарычна нядаўнюю югаслаўскую вайну спалохаўся, што ў Еўропе якраз «Трэцяя сусветная» і пачнецца. Пачнецца з абсалютна дробнай падставы па замене аўтамабільных нумароў і мытных дэкларацый. Але здаровы сэнс і міратворцы NATO не дапусцілі абвастрэння канфлікту.
Потым прадстаўніца ЗША Нэнсі Пэлосі злётала на Тайвань. Гэта раззлавала Кітай, які лічыць тую выспу сваёй тэрыторыяй. Кітайцы пачалі вайсковыя вучэнні, атачылі востраў ды ўвялі санкцыі да Тайваню. Але самалёт з Пэлосі не быў збіты, яна правяла там запланаваныя сустрэчы ды паляцела далей. Увогуле, цікава, што гістарычна гэта павінны быць не прэтэнзіі Кітаю на Тайвань, а прэтэнзіі Тайваню на Кітай, бо ў Тайвань эвакуяваўся ўрад Гаміньдану пасля паразы ў Грамадзянскай вайне з камуністамі і Маа Цзэдунам. Там была заснаваная «Кітайская рэспубліка», якая да 1970-х вызнавалася большасцю дзяржаў і міжнародных арганізацый, а да 1971 года яе прадстаўнік займаў у ААН месца камуністычнага Кітая.
Такім чынам, мы можам казаць, што цягам гэтага тыдня мы ўжо перажылі дзве «Трэція сусветныя». Калі згадаць яшчэ і шматлікія «канцы свету» з рознымі «календарамі майя», то ўзнікае пытанне – а ці можа нас увогуле нешта забіць?
Канешне, вырашэнне абодвух крызісаў мірным і адносна бяспечным шляхам якраз не дадало спакою кіраўніцтву Расіі і Беларусі. Гледзячы на паводзіны прапаганды, асабліва расійскай, ім было бы выгадна, каб у Еўропе ці Амерыцы ўзнік новы канфлікт, які б адцягнуў увагу ад Украіны. Ім было б добра, калі ўвага свету пераключылася на «больш актуальныя» падзеі. Але не. Наадварот: павольна, нябачна, але ўпэўнена рэакцыя на ўварванне Расіі ва Украіну і саўдзел у гэтым уварванні Беларусі рушыць наперад.
Мы ўжо неяк забыліся на санкцыі, уведзеныя з-за гэтага ўварвання. Канешне, «першы шок» ад іх увядзення ў сакавіку ўжо прайшоў. Аднак у тым і справа, што санкцыі дзейнічаюць паступова. Напачатку чэрвеня скончыўся так званы «льготны перыяд», які ЕС выдала для таго, каб бізнес мог завяршыць старыя кантракты з Беларуссю і Расіяй. І вельмі незаўважна гэтыя санкцыі пачалі працаваць напоўніцу.
Вынік па першым месяцы агаломшыў нават неспецыялістаў. Яшчэ ў траўні беларускі экспарт у ЕС склаў 451 млн долараў. У чэрвені ён аказаўся на ўзроўні ў 244 млн долараў. То-бок падзенне за месяц — амаль удвая! А калі параўноўваць з экспартнымі звесткамі за студзень — тады было 714 млн долараў, — то амаль утрая! І гэта — паказчыкі аднаго года.
Прычым, цікавы яшчэ адзін паказчык — імпарт тавараў у Беларусь з Еўропы. Як вядома, беларускія ўлады адказалі на заходнія санкцыі сваімі контрсанкцыямі, якія потым яны вымушаныя былі ці змяняць, ці адмяняць. Акрамя бюракратычнай свістапляскі гэтыя контрсанкцыі нічога не далі — імпарт як быў на ўзроўні каля 330 млн долараў штомесяц, так на тым жа ўзроўні і застаўся.
А гэта азначае, што еўрапейскія санкцыі ўсё ж працуюць, а беларускія контрсанкцыі — не.
Што такое экспарт? Экспарт — гэта золатавалютныя рэзервы, якія на пачатак чэрвеня складалі 7,5 млрд долараў. У сувязі з тым, што імпарт з Еўропы пачаў перавышаць экспарт, значыць, грошы на кампенсацыю гэтай розніцы трэба аднекуль узяць. А значыць, ЗВР будуць скарачацца.
Але больш істотнае тое, што, як правіла, даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці цалкам ідуць у рэспубліканскі бюджэт. Імклівае падзенне экспарту азначае імклівае падзенне даходаў бюджэту, які і без таго знаходзіцца ў прыгнечаным стане. Наколькі гэты стан прыгнечаны, можна меркаваць па тым факце, што Мінфін «засакрэціў» інфармацыю аб выкананні галоўнага фінансавага дакументу на 2022 год. Калі б у нас з бюджэтам было ўсё добра, напэўна, інфармацыю не хавалі, а наадварот, паказвалі ўсім як сведчанне чарговага «беларускага эканамічнага цуду».
А гэта азначае, што не будуць расці заробкі бюджэтнікаў.
Канешне, улады яшчэ варушацца. Напрыклад, з 1 жніўня на 5% падвышаная такая штука, як бюджэт пражыткавага мінімуму — ад яго залежаць, у асноўным, сацыяльныя выплаты кшталту пенсій і дапамог. Аднак пры інфляцыі ў 17,6% гэтае павышэнне мае, хутчэй, псіхалагічна-тэрапеўтычны эфект, як у старым савецкім анекдоце: «Яны робяць выгляд, што нам плацяць — мы робім выгляд, што працуем». Канешне, чалавеку прыемна пабачыць, што лічба на рахунку павялічылася. Аднак, калі той жа чалавек прыйдзе ў краму, то зробіць выснову, што гэтага павелічэння яму ўсё роўна не хапае.
У адсутнасці грошай беларускім уладам застаецца вынаходзіць нейкія крокі ў стылі тых жа 1990-х. Днямі 10 медыкам, якія працуюць у мінскіх медустановах, уручылі ровары ад Мотавелазавода. Такім чынам іх узнагародзілі за аказанне меддапамогі пацыентам з COVID-19. Пры гэтым з 1 ліпеня дактароў пазбавілі «кавідных» надбавак.
З аднаго боку, і грошай медыкам не далі, з іншага — і склад «Мотавела» крыху разгрузілі. Цікава, ці радыя гэтаму самі медыкі, тым больш, што ровары выдаваліся, як у Ільфа і Пятрова, — тым, хто «актыўна ўдзельнічае ў жыцці галіновага прафсаюза». Але сам факт такога бартэру шмат пра што кажа.
І ўсё толькі пачынаецца. Можа быць яшчэ горш, таму што беларускія ўлады не спыняюць сваю палітыку рэпрэсій. На тыдні асудзілі да 5 гадоў зняволення журналістку Ірыну Слаўнікаву, якая супрацоўнічала з польскім каналам TVP. Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач заявіў, што Польшча гэтага прост так не пакіне і будзе ажыццяўляць розныя «іншыя дыпламатычныя мерапрыемствы па каналах ЕС і двухбаковых каналах», каб вызваліць Слаўнікаву і прадстаўніка польскай меншасці Анджэя Пачобута.
Пшыдач у той жа час адзначыў, што цяжка казаць, калі польскія і міжнародныя намаганні могуць даць эфект, бо Беларусь з'яўляецца краінай, якая праводзіць вельмі рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да грамадзян і не мяняе яе, нягледзячы на розныя міжнародныя дзеянні і ўвядзенне наступных пакетаў санкцый. Таму, падкрэсліў ён, інструменты, якія выкарыстоўваюцца ЕС, уключаючы санкцыі, «павінны ісці значна далей».
Такім чынам, Еўропа задумваецца над «беларускім пытаннем». І што яны прыдумаюць наконт «значна далей»? Напэўна, у Пшыдача ёсць думкі на гэты конт.