Прымусовы бартэр. Замест надбавак за COVID-19 медыкам выдалі ровары «Мотавела»

Як піша газета «Медицинский вестник», 10 медыкам, якія працуюць у мінскіх медустановах, уручылі ровары ад Мотавелазавода. Такім чынам іх узнагародзілі за аказанне меддапамогі пацыентам з COVID-19.

xcd341vf.jpg


— Выбраць тых, хто стане ўладальнікамі ровараў, было складана. Бо ў нас усе дактары — героі. Разам з Камітэтам па ахове здароўя Мінгарвыканкама стараліся выбраць найлепшых з найлепшых. Тых, хто не толькі дасягнуў высокіх паказчыкаў у працы, але і актыўна ўдзельнічае ў жыцці галіновага прафсаюза, — так растлумачыў старшыня Мінскага гаркама БПРЗ Георгій Будрэвіч.

Медыкі, безумоўна, героі, піша Е*рарадыё. Але каб атрымаць грашовую кампенсацыю за пастаянную працу з інфекцыяй, для чыноўнікаў, мабыць, гераізму недастаткова. З 1 ліпеня медыкаў і работнікаў устаноў сацабслугоўвання пазбавілі «кавідных» надбавак.

Замест іх Саўмін павінен забяспечыць павышэнне зарплаты медработнікаў за кошт стымулявальных выплат. І Міністэрства аховы здароўя ўжо прыдумала новую надбаўку. З 1 ліпеня яе будуць налічваць за працу ў сферы аховы здароўя ўсім катэгорыям медработнікаў. Аднак усталёўваць надбаўку будуць дыферэнцыравана, у залежнасці ад складанасці і інтэнсіўнасці выкананай працы.

Дый, безумоўна, «спіхнуць» прадукцыю мінскага мотавелазавода, якую проста так, падаецца, ніхто не набывае, — таксама карысна. Напэўна ж, «Мотавела» не аддала гэтыя ровары без грошай. Дый на фота бачна, што тыя ровары не абсталяваныя ні люстэркамі, на ручнымі тармазамі, што насамрэч «учорашні дзень» у вытворчасці ровараў...