Ігар Тышкевіч: Лукашэнка не вечны. Кітай абазначыў свой інтарэс да Беларусі

Аналітык Ігар Тышкевіч разважае пра афіцыйны мемарандум паміж Кітаем і Беларуссю і лічыць, што ў групу патэнцыйных пераемнікаў Лукашэнкі не патрапіць той, хто не з’ездзіць на агледзіны ў Пекін.

1508517090119486638.jpg

Кітай і Беларусь апублікавалі Сумесную дэкларацыю аб устанаўленні адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Ці азначае гэта перамогу беларускіх дыпламатаў? На што варта звярнуць увагу ў гэтым дакуменце? Пра гэта з аналітыкам Ігарам Тышкевічам размаўляў «Филин».

— Даволі цікавы пункт — кітайская ініцыятыва па глабальнай бяспецы даных і практычным супрацоўніцтве па кібербяспецы. З аднаго боку, гэта пэўная спроба знайсці дадатковую арыентацыю для беларускага IT-сектара ў кітайскім кірунку, а не толькі амерыканскім і еўрапейскім.

З другога, калі мы гаворым пра тэхнічнае супрацоўніцтва, то варта ўзгадаць такі тэрмін, як лічбавая дыктатура. Гэта актыўная праца з базамі даных, выяў і гэтак далей, якая пазбаўляе чалавека пэўнай прыватнасці. Часткова ў Беларусі гэта рэалізуецца.

Напрыклад, не так даўно прайшла інфармацыя: у Гродне ў 2019 годзе вісела 50 камер, а зараз — 5 000, з'яднаных у адну сетку з сістэмай распазнавання твараў. Тут можа быць як пазітыўны, так і негатыўны бок, залежыць ад палітычнага рэжыму краіны.

Калі рэжым у дзяржаве рэпрэсіўны, то з дапамогай такой сістэмы можна адсачыць і дастаць літаральна любога. А калі краіна больш дэмакратычная, гэта дазваляе вельмі моцна ашчаджаць на колькасці і штаце паліцыі.

Варта адзначыць і чарговыя дамоўленасці па «Вялікім камені». Сярод іх ёсць сумесны праект па будаўніцтве мультымадальнага чыгуначнага тэрмінала. Ва ўказе Лукашэнкі пра развіццё супрацоўніцтва з КНР ёсць пункт пра будаўніцтва да 2025 года ад мяжы Беларусі да «Вялікага каменя» так званай еўракаляі. Гэта чыгуначная каляя з еўрапейскай шырынёй.

Гэта вельмі дарагое задавальненне, як будаўніцтва, так і далейшае абслугоўванне. Але каляя стане вельмі моцнай канкурэнтнай перавагай. У такім выпадку анігілюецца эфект ад вузкага пляшкавага рыльца ў месцах памежнага афармлення ў Беларусі. Бо кантэйнеры з Кітая мусяць з адных вагонаў перагрузіцца на іншыя.

Наяўнасць такога інфраструктурнага праекта істотна павялічвае прапускную здольнасць Беларусі з пункту гледжання транзіту ў кірунку Кітай-Еўропа.

Гэта дэкларацыя ва ўказе Лукашэнкі ішла без канкрэтных лічбаў, далей фінансавання на праект не было. Калі гаворка ў мемарандуме вядзецца пра гэты праект, то я не выключаю, што ў 2023 годзе тэарэтычна бакі змогуць знайсці фінансаванне.

І, нарэшце, пытанне развіцця адносін між рэгіёнамі і правядзення «Форуму рэгіёнаў», якое падтрымліваюць абодва бакі.

Гэта такая «святая карова», якая працуе з Расіяй і якую спрабавалі запусціць з Украінай, калі адносіны былі лепшымі. Цяпер жа будуць спрабаваць правесці з КНР.

Пры належнай падрыхтоўцы гэта можа быць эфектыўна. Але ці яна будзе? І які будзе ўзровень прадстаўніцтва з боку Кітая?


— Улічваючы санкцыі Захаду і моцную залежнасць ад Расіі, ці можна назваць сітуацыю пераможнай для беларускага кіраўніцтва?

— Пакуль не. Так, Кітай паслаў сігнал, што Беларусь можа ўвайсці ў яго сферу інтарэсаў. Гэта плюс для Лукашэнкі — з пункту гледжання ягонай асабістай устойлівасці.

Напрыклад, у рэзалюцыі нямецкага Бундэстага па беларускім крызісе ў 2020 годзе гучаў зварот да Расіі вырашыць праблему. А Пекін дасылае зараз сігнал, што без іх згоды такога рабіць ужо не варта. І гэты сігнал, у першую чаргу, для краін Еўропы.

Другая рэч: падпісанне гэтага дакумента не азначае імгненнага пачатку яго рэалізацыі. Кітай умее чакаць. Так, яны гандлююць з Расіяй, і гэта, верагодна, прывядзе да павелічэння гандлёвага абароту, напрыклад, па калійцы.

Але што тычыцца інвестыцый і іншага — Кітай чакае зручнага моманту. У тым ліку таго, у якім фармаце скончыцца вайна з Украінай. Таму гэта задзел на будучыню і пэўныя рамкі. Ці дазволіць гэты дакумент Лукашэнку мець большае поле для манеўру з РФ? Так.

Таму што і Расія, і Беларусь зараз у аднолькавым становішчы з пункту гледжання паўз на кітайскім баку. Ці можа гэта ўсё прывесці да змены палітыкі Беларусі ў адносінах з Захадам? Як ні парадаксальна, таксама так.

Бо ў пэўным моманце, калі Кітай задумаецца пра стварэнне рэальна магутных прадпрыемстваў у Беларусі, Пекіну будзе патрэбна адкрытасць з іншага боку.

Гэта будзе сігналам не толькі ўмоўнай Германіі ці камусьці яшчэ, што трэба паляпшаць адносіны з Беларуссю. Гэта, у пэўны момант (падкрэсліваю, не зараз), можа быць і сігналам афіцыйнаму Мінску, маўляў, хлопцы, вы загуляліся. Давайце закругляйцеся з пагрозамі сусветнай вайны і іншымі.

Цяпер адкрываецца вельмі цікавае акно магчымасцей для груп эліт, як у атачэнні Лукашэнкі, так і сярод ягоных супернікаў. Бо Пекін не ставіць на асобу, ён прыглядаецца, хто што прапануе, і працуе на больш доўгую перспектыву.

Калі мы гаворым пра дэмакратычную Беларусь, дакумент кшталту асноўнай канцэпцыі супрацоўніцтва з Кітаем у выпадку змены палітычнага ладу ў Беларусі — яўна тое, што зацікавіць кітайскіх дыпламатаў.

Калі дакумент сэнсоўны, аўтары, натуральна, зацікавяць Пекін. Тая ж гісторыя з атачэннем Лукашэнкі. Ён не вечны. КНР абазначыла свой інтарэс. То-бок, сярод іншага трэба адсочваць і кітайскі вектар.

У групу патэнцыйных пераемнікаў беларускай улады не патрапіць той, хто не з’ездзіць на агледзіны ў Пекін.