Палітычнае жыццё мёртвых апазіцыянераў

 На фоне гісторыі з целам Аляксея Навальнага варта прыгадаць, што ўлады розных краін і раней баяліся сваіх праціўнікаў нават пасля іх смерці. А ў сучаснай Турцыі гэта цэлая дзяржаўная палітыка.

photo_2024_02_28_22_36_33.jpg

А вы ведаеце, што дагэтуль толкам ніхто не знае, дзе пахаваны арганізатары няўдалага путчу 14 снежня 1825 года ў Санкт-Пецярбургу, якіх прысудзілі да павешання. Цар Мікалай І вельмі баяўся, што іх магілы стануць месцам масавага паломніцтва. Настолькі, што нават загадаў закапаць целы дзекабрыстаў у строгай таямніцы. Мусіць, тымі ж матывамі кіраваліся расійскія чыноўнікі, якія схавалі цела Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, якіх таксама адправілі на шыбеніцу. Магілу беларускіх патрыётаў знайшлі толькі ў 2019 годзе.

Глядзіце таксама

Матывы такой параноі царскіх улад відавочныя: нават мёртвымі апазіцыянеры ўяўлялі пагрозу для рэжыму. Напрыклад, удзел людзей у пахаванні — гэта, мабыць, адзіная ва ўмовах тыраніі магчымасць прадэманстраваць незадаволенасць існуючым ладам.

І, на жаль, гэткая практыка працягваецца і па сёння. Турэцкія ўлады нават распрацавалі цэлую стратэгію ў дачыненні да мёртвых байцоў Рабочай партыі Курдыстана (RPK), якая вядзе партызанскую вайну супраць Анкары за незалежны Курдыстан з 1984 года.

Будзе дарэчным згадаць, што паўстанне курдаў успыхнула не раптоўна. Яму папярэднічаў дзяржаўны пераварот у Турцыі, пасля якога да ўлады прыйшлі генералы-нацыяналісты. Яны запусцілі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць курдскага этнасу. Нават тыя, хто проста казаў, публікаваў тэксты ці спяваў на курдскай мове, маглі быць арыштаваны і зняволены. Турэцкі ўрад, які адкрыта адмаўляў існаванне курдаў, пачаў практыкаваць гвалтоўнае перамяшчэнне асоб, знішчэнне курдскіх вёсак і г.д. Усё гэта і справакавала герылью, якая працягваецца да гэтага часу.

І, як на ўсіх войнах, падчас баёў, бамбёжак і дыверсійных актаў гінуць як турэцкія сілавікі, так і партызаны, чые мёртвыя целы часта трапляюць у рукі ворага. Паступова турэцкія ўлады распрацавалі цэлую стратэгію — як выкарыстоўваць трупы супернікаў для ціску на сем'і і грамадскую думку курдаў-патрыётаў.

Найперш турэцкія сілавікі вядуць вайну супраць памерлых, сістэматычна разбураючы надмагіллі і могілкі, дзе пахаваны партызаны. Калі партызаны былі забіты на падкантрольнай туркам тэрыторыі, тыя ўсяляк тармозяць выдачу целаў сваякам. Для гэтага часта целы партызан хаваюць у брацкіх магілах на могілках для невядомых асоб. У выніку сваякі гадамі спачатку шукаюць такія калектыўныя магілы, затым вядуць барацьбу за эксгумацыю цел, правядзенне экспертыз ДНК і дастойнае пахаванне. Гэтая працэдура можа часам працягвацца гадамі.

Калі нават цела сваяка ў калектыўнай магіле знойдзена, то гэта яшчэ не ўсё. Пахаваць нармальна яго ўсё роўна не дадуць. Пахаванне праходзіць выключна ў ачапленні паліцэйскіх і салдат. На цырымоніі дазваляецца прысутнічаць толькі самым блізкім сваякам.

Але гэта яшчэ не самая «жэсць». Улады часам вяртаюць блізкім астанкі паўстанцаў па пошце (!) у кардонных каробках і пластыкавых пакетах праз 5-7 гадоў пасля іх гібелі. Часцяком гэта выклікае ў сваякоў сапраўдны шок. Уласна кажучы, такія пасылкі і мусяць запалохваць курдаў. Але баяцца не ўсе.

Так, вялікую ўвагу грамадскасці прыцягнула гісторыя курдчанкі Халісы Аксой. Сын Халісы — курдскі патрыёт — загінуў ва ўзброеным сутыкненні фарміраванняў РПК і турэцкіх салдат у 2017 годзе.

Атрымаўшы «пасылку» з астанкамі сына, жанчына прыняла ўдзел у адной з жаночых канферэнцый, на якой абвінаваціла Анкару ў злачынствах супраць чалавецтва. «Хіба можа чалавек зрабіць гэта (даслаць астанкі сына маці)? Чалавек не можа рабіць такія рэчы. Калі яны не паважаюць нас (курдаў), яны павінны паважаць традыцыі ці нашы косці, але ў іх няма павагі і да гэтага», — так пракаментавала яна атрыманне пасылкі з косткамі сына. Гэтыя словы выклікалі буру ў турэцкай прэсе.

Глядзіце таксама

Літаральна на наступны дзень турэцкія ўлады абвінавацілі Халісу не толькі ў сувязях з курдскім тэрарыстычным падполлем, але і ў тым, што менавіта яна схіліла сына пайсці ў шэрагі партызан. Арыштаваная па падазрэнні ў гэтых злачынствах, жанчына да гэтага часу знаходзіцца за кратамі.

Як бачым, гісторыя мёртвых апазіцыянераў у Турцыі больш жудасная, чым у Расіі. Але, як прызнаюць праціўнікі Пуціна, «Турцыю мы імкліва даганяем, нават нягледзячы на тое, што партызан у нас пакуль не відаць».