Паўночная Карэя зноў няўдала спрабавала запусціць ракету
31 мая КНДР здзейсніла чарговую няўдалую спробу запусціць балістычную ракету. Папярэднія тры выпрабаванні такіх ракет таксама былі няўдалымі.
"Паўночная Карэя паспрабавала здзейсніць запуск ракеты з раёна паблізу Вонсан. Але ён не прынёс поспеху", — цытуе заяву Паўднёвай Карэі агенцтва "Рэнхал".
Тып ракеты не ўдакладняецца, аднак паведамляецца аб магчымай падрыхтоўцы КНДР да запуску балістычнай ракеты тыпу "Мусудан" сярэдняга радыусу дзеяння. У красавіку Пхеньян тры разы спрабаваў правесці выпрабаванне такой ракеты, аднак усе спробы аказаліся няўдалымі.
Нагадаем, ракета пад умоўнай назвай "Мусудан" была ўпершыню паказана на ваенным парадзе ў Пхеньяне ў 2010 годзе. На думку заходніх экспертаў, яна магла быць распрацавана на аснове савецкай вадкаснай балістычнай ракеты Р-27 для падводных лодак, якія ўжо знятыя з узбраення, адзначае ТАСС. Гэтая сістэма, на думку спецыялістаў, патэнцыйна можа нанесці ўдар па ўсёй тэрыторыі Японіі, уключаючы амерыканскія ваенныя базы на востраве Акінава, а таксама па востраву Гуам, што належыць ЗША. Лічыцца, што на ўзбраенні Карэйскай народнай арміі знаходзяцца каля 30 ракет такога тыпу.
Японія лічыць спробу запуску ракеты ў КНДР сур'ёзнай правакацыяй, якая накіравана супраць сусветнай супольнасці. Пра гэта паведаміў у аўторак, 31 мая, на прэс-канферэнцыі міністр замежных спраў краіны Фуміа Кісіда, паведамляе ТАСС.
"Запускі ракет, якія працягваюцца ў КНДР, — гэта сур'ёзныя правакацыйныя дзеянні ў дачыненні да ўсёй сусветнай супольнасці, у тым ліку Японіі", — сказаў ён. Па словах міністра, такія дзеянні Пхеньяна з'яўляюцца "абсалютна непрымальнымі".
Сітуацыя на Карэйскім паўвостраве абвастрылася пасля таго, як КНДР 6 студзеня правяла ядзернае выпрабаванне. 7 лютага Паўночная Карэя запусціла ракету-носьбіт са штучным спадарожнікам Зямлі ў парушэнне рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН, што забараняе КНДР усялякія выпрабаванні балістычных ракет, нагадвае ВВС. У адказ Рада Бяспекі аднагалосна прыняла рэзалюцыю аб узмацненні жорсткасці санкцый у дачыненні да КНДР.