Пісьменнікі выступілі супраць увядзення дзяржаўнай ідэалогіі ў РФ
Шэраг пісьменнікаў і журналістаў Расіі выступілі супраць увядзення ў краіне дзяржаўнай ідэалогіі. Адпаведную заяву размесціў у Facebook пісьменнік Леў Цімафееў.

Сяргей Міронаў
Пісьменнікі і журналісты, якія падпісалі заяву, выказваюць заклапочанасць і непакой у сувязі з тым, што ў РФ «...адкрыта і нават дэманстратыўна абвешчана пра намер змяніць існы грамадскі і дзяржаўны лад або, інакш кажучы, здзейсніць дзяржаўны пераварот».
Таксама адзначаецца, што ўнясенне лідарам фракцыі «Справядлівая Расея" Сяргеем Міронавым у Дзярждуму РФ законапраекта пра дзяржаўную ідэалогію — спроба змяніць артыкул 13 Канстытуцыі РФ, у якім гаворыцца: «Ніякая ідэалогія не можа ўсталёўвацца ў якасці дзяржаўнай або абавязковай».
«Было б наіўна сумнявацца: калі ў Расеі будзе ўсталяваная адзіная дзяржаўная ідэалогія (нацыянал-патрыятычная або любая іншая), то кожны іншы погляд будзе прымацца як антыдзяржаўны — з усімі рэпрэсіўнымі наступствамі», – абвесцілі пісьменнікі і журналісты, якія падпісаліся пад заявай.
Аўтары праводзяць аналогію законапраекта з арт. 6 Канстытуцыі СССР, якая сцвярджала «адзіна правільнае вучэнне» ў якасці дзяржаўнай ідэалогіі.
«Змяніць такім чынам артыкул 13 дзейнай Канстытуцыі РФ — значыць здзейсніць дзяржаўны пераварот і зрабіць яшчэ адзін, можа быць, апошні, фатальны крок на шляху ператварэння сучаснай Расеі ў таталітарную дзяржаву», — гаворыцца ў заяве.
Пад заявай стаяць подпісы пісьменнікаў Людмілы Уліцкай, Святланы Алексіевіч, Уладзіміра Вайновіча, Льва Рубінштэйна, Аляксандра Падрабінека, Анатоля Курчаткіна, Ірыны Прохаравай і іншых.
Паводле Хартыі'97