Пяць гадоў таму праваслаўныя ва Ўкраіне атрымалі незалежнасьць ад Крамля
У 2018 годзе Праваслаўная Царква Ўкраіны здабыла тое, аб чым беларусы могуць толькі марыць: уласную царкву, якою не кіруе Масква, Крэмль і ФСБ. Гістарычная падзея, здавалася, можа выклікаць грандыёзны раскол у грамадзтве. Што здарылася за першыя пяць гадоў самастойнасьці?
![Мітрапаліт ПЦУ Эпіфаній Мітрапаліт ПЦУ Эпіфаній](/img/v1/images/4_628.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мітрапаліт ПЦУ Эпіфаній
Што было ў 2018 годзе?
Шлях да незалежнай украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы быў складаным і доўгім. Першая спроба была зробленая 100 гадоў таму, падчас пэрыяду Гетманату і Дырэкторыі, якія спрабавалі зацьвердзіць сваю ўладу на тэрыторыі Ўкраіны.
Але акупацыя бальшавікоў перашкодзіла нараджэньню ўкраінскай царквы ў той час. Працэс быў адноўлены з пачаткам незалежнай Украіны, але на працягу шматлікіх гадоў Маскве ўдавалася блякаваць гэтую дзейнасьць. Толькі спроба 2018 году стала пасьпяховай: 11 кастрычніка Сінод сусьветнага патрыярхату абвесьціў, што «расейская праваслаўная царква страціла сваю юрысдыкцыю над кананічнай тэрыторыяй Украіны, а царквой-маці Ўкраіны зьяўляецца Канстантынопаль».
У выніку ў сьнежні таго ж году адбыўся аб'яднаны царкоўны сабор. На ім духавенства ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і УПЦ маскоўскага патрыярхату стварылі адзіную памесную праваслаўную царкву Ўкраіны, прынялі свой статут і абралі кіраўніка — мітрапаліта Кіеўскага і ўсёй Украіны Эпіфанія.
Прадстаўнікі ЎПЦ Маскоўскага патрыярхату ў асноўным адмовіліся прызнаць ПЦУ, але некаторыя парафіі адразу перайшлі пад уладу незалежнай ад Крамля Царквы.
![Мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны Эпіфаній і прэзідэнт Украіны Пётар Парашэнка падчас атрыманьня Томасу Мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны Эпіфаній і прэзідэнт Украіны Пётар Парашэнка падчас атрыманьня Томасу](/img/v1/images/2_779.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны Эпіфаній і прэзідэнт Украіны Пётар Парашэнка падчас атрыманьня Томасу
Пераход ад Крамля да Кіева
За першы месяц незалежнай царквы адбыўся пераход больш за ста супольнасьцяў. Парафіі пераходзілі па-рознаму. Часам супольнасьць парафіі самастойна вырашае гэтае пытаньне, часам да людзей далучаецца сьвятар і дапамагае зрабіць выбар. У некаторых выпадках вернікі дзеляцца на два лягеры і ня могуць пагадзіцца з тым ці іншым варыянтам.
З пачатку 2023 году 63 украінскія рэлігійныя супольнасьці перайшлі ў юрысдыкцыю Праваслаўнай царквы Ўкраіны з Украінскай праваслаўнай царквы маскоўскага патрыярхату, кананічна зьвязанай з Расеяй. З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейцаў ва Ўкраіну далучыліся да ПЦУ агулам 277 рэлігійных супольнасьцяў.
Амаль траціна цэркваў, якія зьмянілі сваю прыналежнасьць, адносяцца да Кіеўскага рэгіёну.
Згодна з папраўкамі ў «Закон аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях», якія набылі моц напярэдадні ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, рэлігійныя ўстановы павінныя адлюстроўваць іх адносіны з краінай-агрэсарам у назьве, але некаторыя цэрквы спрабуюць схаваць гэтыя дадзеныя. Рэгіёны з найбольшай колькасьцю цэркваў Маскоўскага патрыярхату не зьмяніліся з канца 2022 году. Гэта Данецкі рэгіён (683 рэлігійныя інстытуты), Хмяльніцкі (613) і Вінніцкі (563).
![Парафіі Маскоўскага патрыярхату на тэрыторыі Ўкраіны Парафіі Маскоўскага патрыярхату на тэрыторыі Ўкраіны](/img/v1/images/2_778.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Парафіі Маскоўскага патрыярхату на тэрыторыі Ўкраіны
Новая хваля пераходаў адбылася на фоне ператрусаў у будынках прарасейскай праваслаўнай царквы Ўкраіны і пасьля заяваў аб падазрэньні ў антыўкраінскай дзейнасьці некаторых сьвятароў Маскоўскага патрыярхату. Таксама пераходу парафіяў спрыяюць намаганьні ўкраінскіх уладаў вызваліць Лаўру у Кіеве ад манахаў УПЦ МП.
У студзені 2023 году кіраўнік ПЦУ Эпіфаній заявіў, што Праваслаўная Царква Ўкраіны мае больш за 8 тысячаў рэлігійных супольнасьцяў, а Маскоўскі патрыярхат згубіў каля 1700 прыходаў з моманту атрыманьня Томасу Ўкраінскай царквой. Па дадзеных УПЦ Маскоўскага патрыярхату, больш за 11 тысячаў парафіяў адносяцца да іх юрысдыкцыі, але некаторыя зь іх знаходзяцца на захопленых тэрыторыях Крыму і Данбасу.
Згодна з апытаньнем Sapiens, па стане на сярэдзіну студзеня 2023 году, 69% украінцаў лічылі сябе праваслаўнымі, зь якіх 41% адносілі сябе да ПЦУ, 4% да УПЦ МП, а 24% не аднеслі сябе да ніводнага патрыярхату.
На сёньня ПЦУ мае каля 3800 уласных сьвятароў.
Верагодная забарона Крамлёўскай Праваслаўнай Царквы
![5_592.avif 5_592.avif](/img/v1/images/5_592.avif?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У жніўні 2023 году Вярхоўная Рады Ўкраіны у першым чытаньні падтрымала праэкт закону аб забароне на дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў, зьвязаных з Расеяй. Гэты закон, калі набудзе моц, можа спыніць дзейнасьць УПЦ Маскоўскага Патрыярхату ва Ўкраіне. Законапраэкт быў падрыхтаваны рашэньнем Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны.
Мітрапаліт ПЦУ Аляксандар Драбінка адзначыў, што рашэньне аб забароне УПЦ МП можа быць ўведзенае толькі пасьля таго, як будзе дадзеная царкоўна-кананічная ацэнка сувязяў УПЦ МП з цэнтрам у Маскве.
Глядзіце таксама
![Мітрапаліта Паўла адправілі пад хатні арышт Кіеўскі суд адправіў мітрапаліта Паўла пад хатні арышт на два месяцы](/img/v1/images/2816751.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ваенны час
Праваслаўная царква Ўкраіны распрацавала і прыняла закон аб капеланах, шмат хто зь іх сустрэўся з вялікай вайной, ужо на лініі фронту разам з УСУ, як апекуны арміі.
У 30-годзьдзе незалежнасьці Ўкраіна сустрэла Сусьветнага патрыярха з Канстантынопалю, які сядзеў на трыбуне побач з першымі асобамі дзяржавы, у той час як ваенны парад праходзіў на Хрэшчаціку.
Маскоўскі Патрыярхат ва Ўкраіне таксама сустрэўся з вайной. Але па-свойму. У першы ж дзень уварваньня Расеі каля Гастомелю быў затрыманы сьвятар УПЦ МП, які каардынаваў пасадку расейцаў. Сьвятар у якасьці прафэсійнага сабатажу забясьпечыў пасадку «вызваляльнікаў».
І агулам, паводле апошніх дадзеных СБУ, было распачата 69 крымінальных справаў супраць духавенства УПЦ МП. Сярод артыкулаў — дзяржаўная здрада, замах на тэрытарыяльную цэласнасьць, незаконная зброя, а таксама махлярства, распаўсюд дзіцячай парнаграфіі і іншае.
Рэформа каляндару
18 кастрычніка 2022 году Сьвяты Сінод ПЦУ ўпершыню дазволіў прыхаджанам праводзіць набажэнствы на Раство па новаюліянскім каляндары, гэта значыць 25 сьнежня.
А ўжо 24 траўня 2023 году было прынятае рашэньне аб пераходзе з 1 верасьня ПЦУ ў новаюліянскі каляндар. Гэты каляндар амаль ідэнтычны грыгарыянскаму, і толькі ў ХХІХ стагодзьдзі розьніца складзе адзін дзень. Дзеля прыкладу, у тым жа стагодзьдзі розьніца між грыгарыянкім і юліянскім складзе ўжо 19 дзён, замест сёньняшніх 13.
Глядзіце таксама
![ПЦУ пераходзіць на новы каляндар Украінскія праваслаўныя пераходзяць на новы каляндар](/img/v1/images/_129848094_dsc_5322.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Прызнаньне
![1_857.jpg 1_857.jpg](/img/v1/images/1_857.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
За пяць гадоў незалежнасьці Ўкраінскай царквы ад Масквы яе прызналі 4 з 14 іншых памесных праваслаўных цэркваў: Канстантынопальская, Александрыйская, Грэцкая і Кіпрская праваслаўныя цэрквы.
Акрамя таго Румынская, Балгарская праваслаўныя цэрквы, а таксама Праваслаўная царква Чэшскіх земляў і Славаччыны маюць некаторы (неканчатковы) узровень прызнаньня.
«Як сацыяльны псыхоляг, я магу сцьвярджаць, што ўзровень рэлігійнасьці павялічваецца. На вайне няма атэістаў, — кажа Алег Пакалчук, — але трэба разумець, што гэты працэс па ўсіх канфэсіях, па ўсіх дэнамінацыях. Мы ўбачым гэтую велізарную колькасьць людзей — як нованавернутых у хрысьціянства, так і тых, хто вярнуўся да веры пасьля крызісу».
«Мы — духоўны шчыт нашага народу, і зь ім, адзінай магутнай сілай, будзем супрацьстаяць нашаму ворагу. Разам мы павінны пераадолець і ўсе праблемы, як нутраныя, так і зьнешнія, таму што Царква — гэта душа ўкраінскага народу, безь якога нашая дзяржава, як цела без душы, ня можа існаваць», — напісаў мітрапаліт Эпіфаній з нагоды пяцігодзьдзя гістарычнай падзеі.