Польшча. Канвенцыя супраць гвалту непатрэбная і небяспечная?

Польскі парламент пагадзіўся ратыфікаваць Канвенцыю аб супрацьдзеянні гвалту ў дачыненні да жанчын ды гвалту ў сям'і.



05872c2.jpg

Ніжэйшая палата польскага парламенту (Сейм) ухваліла ў пятніцу законапраект, які дазваляе ратыфікаваць Канвенцыю Рады Еўропы аб папярэджанні і барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын і гвалтам у сям’і. Галасаванню папярэднічала вострае абмеркаванне. Праціўнікі дакументу сцвярджалі, што для Польшчы Канвенцыя непатрэбная і небяспечная. Асабліва моцны супраціў яна выклікала ў правых колах. Ратыфікаваць Канвенцыю заклікалі жаночыя арганізацыі, якія адстойваюць правы чалавека і займаюцца аказаннем дапамогі ахвярам гвалту ў сям'і.

Сейм пагадзіўся ратыфікаваць Канвенцыю Рады Еўропы аб папярэджанні і спыненні гвалту ў адносінах да жанчын і гвалту ў сям’і. Над гэтым міжнародным дакументам працавала 47 краін. 

Канвенцыя закліканая абараняць жанчын ад усіх формаў гвалту і дыскрымінацыі. Яна грунтуецца на ідэі, што крыніцай гвалту ёсць няроўнасць, а пераадольваючы стэрэатыпы і дыскрымінацыю лягчэй прадухіляць гвалт. 

Польская апазіцыя, якая прадстаўляе правыя погляды, абураная. З пачатку працы над Канвенцыяй шмат засцярогаў да гэтага дакументу мела партыя „Права і справядлівасць”. Яе прадстаўніца Беата Шыдла пасля галасавання заявіла, што дэпутаты прынялі вельмі дрэнны законапраект, які дазволіць ўвядзенне небяспечнай практыкі. 

Б.Шыдла: "Палякаў ашукалі. Усе тыя, хто сцвярджае, што гэты дакумент вырашае праблемы гвалту ў дачыненні да жанчын, не гавораць праўды".

Большасць дэпутатаў кіроўнай „Грамадзянскай платформы” выказаліся за падтрыманне Канвенцыі. Міністр адміністрацыі Анджэй Галіцкі прызнаў, што ў парламенцкіx дэбатаx над гэтым дакументам дамінавала дэмагогія.

А. Галіцкі: "Што б ні казалі, канвенцыя не з'яўляецца крыніцаю права ў Польшчы. Гэта дырэктыва, дакумент міжнароднага рангу, які павінен улічвацца ў нашым заканадаўстве. Але моцы, каб быць вышэй за канстытуцыю, у яго няма".

На вастрыню дыскусіі, якая адбылася перад галасаваннем, са здзіўленнем звярнула ўвагу Малгажата Фушара, упаўнаважаная ўраду па пытаннях гендэрнай роўнасці. Для яе незразумелая пазіцыя кансерватыўных дэпутатаў.

М. Фушара: "Усе закіды надуманыя. Яны вынікаюць з таго, што хтосьці не дачытаў дакументу або яго не зразумеў, або праяўляе злую волю. Тут не было дэбатаў над істотай справы. Ёсць людзі, якія выступаюць за ратыфікацыю канвенцыі, а іншыя адхіляюць яе толькі таму, што яе прасоўвае ўрад, і, як апазіцыя, кажуць „не”. Што б ні было напісана ў канвенцыі, яны скажуць „не”.

"Рашэнне дэпутатаў, якія прагаласавалі за закон аб ратыфікацыі Канвенцыі, — гэта сігнал, што для іх не з'яўляюцца прыярытэтнымі дабро сужонства, сям’і і дэмаграфічнай будучыні Польшчы,” — напісалі ў адозве польскія біскупы.

Прэсавы сакратар Канферэнцыі польскіх біскупаў ксёндз Юзэф Клёх выказаў перакананне, што гвалт па сваёй прыродзе супярэчыць прынцыпам хрысціянскай веры і павінен быць выключаны з узаемаадносін паміж людзьмі. Ён лічыць, што Канвенцыя Рады Еўропы не ўносіць нічога новага ў барацьбу з гвалтам. 

Ю. Клёх: "Канвенцыя Рады Еўропы звязвае гвалт з традыцыяй, з рэлігіяй, з сужонствам, з сям’ёй, а не заўважае крыніц гвалту там, дзе яны насамрэч праяўляюцца. Іх параджаюць чалавечая слабасць і памылкі. Вось крыніцы гвалту. У польскім праве існуюць інструменты для барацьбы з гвалтам, таму ў Канвенцыі Рады Еўропы няма неабходнасці".

Біскупы лічаць, што Канвенцыя абмяжоўвае польскі суверэнітэт у пытаннях этыкі і абароны сям'і. Цяпер еўрапейскія эксперты будуць вызначаць стандарты прававой палітыкі, адукацыі і выхавання, чым могуць адводзіць палякаў ад традыцыйнай мадэлі грамадства, папярэджваюць святары. 

Першае чытанне законапраекту адбылося напрыканцы жніўня мінулага году; у другім чытанні ў верасні ў дакумент былі ўнесеныя папраўкі, таму праект быў накіраваны зноў у камітэт. Апазіцыйныя дэпутаты, якія выступаюць супраць ратыфікацыі, неаднаразова патрабавалі прызнаць Канвенцыю супярэчнай Канстытуцыі Польшчы.

Пасля ўхвалення Сеймам у пятніцу згоды на ратыфікацыю Канвенцыі, цяпер па гэтым пытанні пазіцыю зойме вышэйшая палата парламенту — Сенат, а затым законапраект будзе накіраваны на подпіс прэзідэнту. 

Ратыфікаваць Канвенцыю заклікаюць жаночыя і праваабарончыя арганізацыі, супраць выступаюць польскі епіскапат і правыя кансерватыўныя колы.
 

www.radyjo.net