Праца толькі для добранадзейных?
Роўна 50 гадоў таму ў ФРГ быў выдадзены закон, які патрабаваў браць на дзяржаўную працу выключна палітычна лаяльных кандыдатаў.
Самае пікантнае ў гэтай гісторыі тое, што канцлер Вілі Брандт, які падпісаў згаданы закон, патэнцыйна таксама мог мець праблемы з-за яго. Справа ў тым, што ў маладосці ён паспеў засвяціцца ў шэрагах левай фракцыі эсдэкаў і нават сімпатызаваў трацкістам. Менавіта супраць гэтай публікі, якая актывізавалася на мяжы 1960-х і 1970-х, і быў накіраваны закон.
Хаця афіцыйная версія заканатворчай ініцыятывы была іншая. Калі верыць кіраўніцтву эсдэкаў і лібералаў, якія фармавалі тады ў ФРГ урад, новая прававая норма спатрэбілася з мэтай забеспячэння палітычнай бяспекі ў краіне па ходзе ратыфікацыі «ўсходніх дамоваў». Гутарка пра пакет дыпламатычных пагадненняў з краінамі Усходняга блока, які прадугледжваў прызнанне новых усходніх межаў Германіі. Нямецкія правыя сапраўды актыўна пратэставалі супраць таго, каб Данцыг (цяперашні Гданьск) або Брэслаў (зараз Уроцлаў) адышлі да той жа Польшчы.
Аднак падчас правядзення закона ў жыццё правых экстрэмістаў асабліва не чапалі. Улады нават заплюшчвалі вочы на тое, што тыя мелі персанальны зуб на канцлера. У колах правых і былых нацыстаў Вілі Бандта адкрыта называлі «баязліўцам». Яму не маглі прабачыць, што падчас вайны ён, узяўшы імя Герберт Фрам, выехаў у Нарвегію і здрадзіў роднаму фатэрланду.
Што да сутнасці закона, які ў прэсе празвалі Radikalenerlass, то ў двух словах ён патрабаваў праверкі прэтэндэнтаў на дзяржаўную службу на прадмет іх лаяльнасці канстытуцыі. З гэтага часу перад прыёмам на працу, а таксама ў ходзе пераафармлення дзеючых працоўных адносін кіраўніцтва ўстановы было абавязана накіраваць ва Упраўленне па абароне Канстытуцыі спецыяльны запыт. Прэтэндэнт, які быў заўважаны ў «антыканстытуцыйнай дзейнасці», не прымаўся на працу або мог быць адхілены ад службы.Такі падыход абурыў грамадскасць. Праціўнікі дэкрэта лічылі, што ён «з'яўляецца забаронай на ўдзел у палітычным жыцці» для цэлых катэгорый працаўнікоў. У некаторых прафесіях усе ці амаль усе працоўныя месцы знаходзіліся ў дзяржаўным сектары. Асабліва гэта датычылася настаўнікаў, бо школы амаль заўсёды былі муніцыпальнымі і рэдка прыватнымі, а таксама паштовых і чыгуначных працоўных.
Гучалі асцярогі, што Заходняя Германія, як у свой час Веймарская рэспубліка, разгортваецца да аўтарытарызму.
Нацыянальныя і міжнародныя арганізацыі і ўстановы, такія як Міжнародная арганізацыя працы і Еўрапейскі суд па правах чалавека, расцанілі прафесійныя забароны як парушэнне міжнароднага права і парушэнне Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека на свабоду выказвання меркаванняў і асацыяцый.
Пасля ўвядзення закона супраць урада Брандта выступілі нават партнёрскія сацыял-дэмакратычныя партыі. Далей за ўсіх пайшлі французскія сацыялісты. Пры ўдзеле іх лідара Франсуа Мітэрана ў 1976 годзе быў створаны «Французскі камітэт за свабоду слова і супраць прафесійных забарон у ФРГ». На яго акцыях прысутнічалі знакамітасці накшталт Жан-Поль Сартра.
Рэзалюцыямі абурэння справа не абмежавалася. Звальненні педагогаў у нямецкіх ВНУ суправаджаліся забастоўкамі. Самая буйная адбылася ў Свабодным універсітэце Берліна, дзе баставалі каля чатырох тысяч чалавек. Яна, дарэчы, была паспяховай. Адхіленне ад працы групы выкладчыкаў было адменена.
Ужо неўзабаве самі аўтары закона, у тым ліку Вілі Брандт, прызналі яго памылкай. Прычым памылкай фатальнай. Як пісалі палітолагі, забарона на прафесію атруціла палітычны клімат і выключыла прынамсі частку пратэснай моладзі з дыскусіі аб будучыні краіны.
У выніку ў грамадскім жыцці ў ФРГ панавала не гармонія, а канфрантацыя. Менавіта на гэты час прыпадае пік левага тэрарызму, які рэкрутаваў новыя кадры за кошт моладзі.
Палітыкі пачалі думаць пра адмену закона. Але зрабілі яны гэта вельмі хітра. Спачатку ў 1979-м яго асудзілі. А ў 1985 годзе закон страціў статус федэральнага. Такім чынам, рашэнне аб яго прымяненні перадавалася на разгляд мясцовых парламентаў, якія паступова яго скасоўвалі. Апошняй зямлёй, якая адмовілася ад праверак на палітычную лаяльнасць, стала ў 1991 годзе Баварыя.
Закон быў адменены, аднак, як гаворыцца, «асадак застаўся». Пачынаючы з 1972 года, па ўсёй краіне было праверана агулам 3,5 мільёна чалавек. У выніку праверкі не былі прыняты на працу 1250 настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ. Плюс яшчэ каля 260 чалавек былі звольненыя з-за палітычных прычын.
Няма сумневаў, што за кожным такім выпадкам стаяла асабістая трагедыя. Шмат для каго гэта фактычна быў крыж на кар'еры. Паліцыя часта сачыла за тымі, хто не прайшоў праверку, аж да таго, што рабіла ператрусы.
Не дзіўна, што ў Германіі да гэтага часу актыўны рух за выплату кампенсацый для ахвяр і іх поўнай рэабілітацыі. У 2016 годзе Ніжняя Саксонія была першай федэральнай зямлёй, якая стварыла камісію «для разгляду лёсу людзей, якія пацярпелі ад прафесійных забарон».
Змест каментароў цяперашняй нямецкай прэсы, прысвечаных юбілею Radikalenerlass, паказвае, што працэс рэабілітацыі дакладна працягнецца.