Прафсаюзы — апора дэмакратаў
10 сакавіка на разгляд кангрэсу ЗША паступіў законапраект, які радыкальна пашырае правы прафсаюзаў.
Так сталася, што словазлучэнне «прыхільнік партыі дэмакратаў», сёння ў ЗША выклікае асацыяцыю з прадстаўнікамі ліберальнай інтэлігенцыі, яўрэйскай, чарнаскурай грамады, сексуальных
меншасцяў, феміністкамі. А быў час, калі галоўным касцяком электарату партыі «аслоў» (сімвал дэмакратаў) былі працоўныя, арганізаваныя ў прафсаюзы.
10 сакавіка на разгляд кангрэсу ЗША паступіў законапраект, які радыкальна пашырае правы прафсаюзаў.
Так сталася, што словазлучэнне «прыхільнік партыі дэмакратаў», сёння ў ЗША выклікае асацыяцыю з прадстаўнікамі ліберальнай інтэлігенцыі, яўрэйскай, чарнаскурай грамады, сексуальных
меншасцяў, феміністкамі. А быў час, калі галоўным касцяком электарату партыі «аслоў» (сімвал дэмакратаў) былі працоўныя, арганізаваныя ў прафсаюзы.
Максімальнага ўплыву прафсаюзы дасягнулі пасля вайны, калі ў іх шэрагах быў кожны трэці амерыканскі рабочы. Крызіс прафсаюзаў пачаўся ў 80-я падчас прэзідэнцтва Рэйгана, які дабіўся прыняцця шэрагу
заканадаўчых актаў на карысць прадпрымальнікаў. Адпаведна, колькасць сяброў арганізацый скарацілася на дзесяць працэнтаў. Зараз толькі сем працэнтаў амерыканскіх працоўных запісаныя ў
прафсаюзы.
Цяпер, магчыма, добрыя часы прафсаюзаў вяртаюцца. 10 сакавіка на разгляд Кангрэсу паступіў законапраект Employee Free Choice Act (EFCA).
«Я падтрымліваю біль, паколькі неабходна аднавіць адчуванне таго, што мы сумесна валодаем багаццем краіны і маем гарантыі сацыяльнай бяспекі. Мы павінны дапамагчы амерыканцам рэалізаваць
свае правы арганізаваць прафсаюзы і дамагацца шляхам калектыўных перамоваў належнай ім часткі багацця, якую яны самі стварылі», — казаў яшчэ сенатар Абама падчас першых дэбатаў
вакол EFCA.
«Смяротная пагроза амерыканскім прынцыпам свабоды», — так называе ідэю
EFCA Ньют Гінгрыч, сенатар ад рэспубліканцаў. Рэндл Джонсан, прадстаўнік гандлёвай палаты, пайшоў яшчэ далей, назваўшы законапраект «Армагедонам».
Армагедон заключаецца ў тым, што ў выпадку рэформы будуць змененыя правілы фармавання прафсаюзных арганізацый на прадпрыемствах.
Адпаведна цяперашнім законам, каб стварыць прафсаюз і пачаць перамовы з адміністрацыяй пра калектыўную дамову, працоўным трэба прайсці здавалася б прымітыўную працэдуру: большасць супрацоўнікаў
прадпрыемства павінны падпісацца пад заявай аб стварэнні прафсаюзу.
Аднак справа не такая простая. Адміністрацыя ў такім выпадку можа адмовіцца ад перамоваў з прафсаюзнай дэлегацый і патрабаваць правядзення таемнага галасавання па пытанню, ці патрэбны прафсаюз. І тут
пачынаецца самае цікавае. Адпаведна статыстцы, толькі 20 працэнтаў падобных плебісцытаў заканчваюцца на карысць прыхільнікаў прафсаюзаў. Тыя, хто ўчора быццам быў не супраць прафсаюзу, галасуюць
супраць.
Прычына феномену банальная. Як толькі калектыў пачынае патрабаваць стварэння прафсаюзнай ячэйкі, адміністрацыя мабілізуецца і пачынае кампанію супраць прафсаюзных актывістаў. Тэхнічная арганізацыя
галасавання патрабуе нейкага часу, за які самых актыўных прафсаюзных лідэраў могуць папросту звольніць.
Яшчэ можна не пускаць прафсаюзных агітатараў на тэрыторыю завода або фірмы. Нарэшце, самы дзейсны спосаб: распаўсюдзіць чуткі, што ў выпадку стварэння прафсаюзу кіраўніцтва пачне працэс зачынення
прадпрыемства. Як дэманструе статыстыка, гэта працуе.
EFCA радыкальна спрашчае працэс стварэння прафсаюзу. Адразу пасля таго, як большасць працоўнага калектыву падтрымлівае ідэю прафсаюзу, на прадпрыемстве ствараецца прафсаюзны аргкамітэт. І як толькі
які-небудзь буйны прафсаюз прызнае яго сваёй суполкай, прафсаюзная секцыя праз дзесяць дзён можа пачаць перамовы з адміністрацыяй.
Калі дырэкцыя і прафсаюз на працягу 90 дзён не дасягнулі згоды па калектыўнай дамове, на прадпрыемства едзе арбітр з федэральных структур. Ён дапамагае абодвум бакам знайсці кампраміс.
Дэмакраты маюць большасць у абедзвюх палатах парламента, аднак эксперты кажуць, што працэс прыняцця EFCA зацягнецца надоўга. Кансерватыўная фракцыя дэмакратаў не хоча прыняцця закону. Але прафсаюзныя
бонзы ўжо святкуюць перамогу. У кіраўніцтве самага буйнога прафсаюзу АФТ-КПП ужо працуюць над праграмай стварэння сеткі прафсаюзаў. Паводле апытанняў, палова працоўных ЗША хацелі б быць сябрамі
прафсаюзаў.
Апаненты законапраекту кажуць пра тое, што EFCA падрывае адзін з інстытутаў амерыканскай дэмакратыі — «таемнае галасаванне». Праект надае занадта вялікія правы чыноўнікам з
цэнтру, што можа прывесці да таго, што яны пачнуць улазіць у працу прадпрыемства і тармазіць яе.
Аднак галоўная супярэчнасць зменаў, на думку скептыкаў, у тым, што прадпрыемствы змянілі сваю мадэль арганізацыі. Часы буйных заводаў і фабрык прайшлі. Цяпер дамінуюць маленькія кампаніі, склад якіх
— не больш за сто чалавек. Паспяховая мадэль звычайнай фірмы — гэта карпаратыўнае адзінства ўсіх супрацоўнікаў. У выніку прафсаюзы на такіх фірмах вельмі лаяльныя. Калі рабочыя і
менеджмент у такім маленькім калектыву пачнуць сварыцца, кампанія доўга на рынку не пратрымаецца, і тады ўсе стануць беспрацоўнымі.
Пажывем — пабачым.
Застаецца дадаць, што EFCA — практычна копія закону, які быў прыняты ў 1935 годзе, калі іншы прэзідэнт-дэмакрат Франклін Рузвельт змагаўся з наступствамі вялікай дэпрэсіі.