Праклён маці салдата

У Казахстане здарылася серыя загадкавых смерцяў прадстаўнікоў спецслужбаў. Насельніцтва звязвае іх з праклёнам, які маці асуджанага радавога Уладзіслава Чэлаха наклала на суд. Пра падрабязнасці працэсу і пра тое, чаму казахскае грамадства стала верыць у забабоны, журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з казахскім праваабаронцам Андрэем Грышыным.



914361773.jpg

— 30 мая мінулага года ў СМІ з’явілася шакуючая навіна: на заставе «Арканкерген», што каля Алма-Аты, адбылося ЧП. Знойдзены абгарэлыя парэшткі 14 чалавек, у тым ліку труп егера. Якія версіі адпрацоўвала следства?

— У ліку першых версій таго, што здарылася, быў напад на заставу з мэтай захопу зброі. Аднак пазней улады заявілі, што зброю знайшлі на тэрыторыі заставы. Разглядалі версію пра тое, што злачынства магло быць здзейснена і на глебе нестатутных адносін. У выніку стрэлачнікам стаў 19-гадовы Уладзіслаў Чэлах, які збег з заставы і праз нейкі час здаўся ўладам. Ён прызнаўся ў забойстве 14 сваіх калегаў. Гэтае пакаянне адразу пракруцілі па ўсіх афіцыйных СМІ, назваўшы ўчынак Чэлаха праявай сіндрому Брэйвіка. Трэба сказаць, што ў вінаватасць Уладзіслава не верылі ні яго сваякі, ні многія грамадскія дзеячы, ні нават журналісты. У 19-гадовага хлопца ў руках быў пісталет камандзіра. Гэтым пісталетам ён страляе ў 15 чалавек. А што робяць іншыя 14, калі ён страляе ў першага? Тлумачэнне следства проста смешна чытаць: «Калегі Чэлаха пры накіраванні на іх зброі ўспрымалі гэта несур’ёзна».

— Ці былі альтэрнатыўныя версіі з боку незалежных журналістаў?

— Вельмі шмат. Пачнём з самых экзатычных. Вядомы сваёй жаўцізной канал «Рэн ТБ» увогуле зняў фільм пра тое, што казахскіх памежнікаў забілі іншапланецяне. Праўда, матывы іх злачынства канал не раскрыў.

Калі сур’ёзна, шмат хто палічыў, што галоўная праблема — грошы. Праз мяжу з Кітаем праходзіць кантрабанда. Заплаці памежнікам — і табе «зялёнае святло». Хутчэй за ўсё, чакалася пастаўка буйнога грузу, але генералы казахстанскай мытні не дамовіліся з кантрабандыстамі.

Мае права на існаванне версія пра тое, што забойства звязанае з пляменнікам Назарбаева, які фліртуе з ісламістамі. Быццам ён выкарыстоўваў заставу як яўку для сваіх сяброў, якія ўступілі ў канфлікт з вайскоўцамі. У гэтым плане цікавыя словы Нурсултана Назарбаева, які насуперак афіцыйная версіі пра Чэлаха нечакана ляпнуў: тое, што адбылося на заставе, «было актам тэрарызму, які адбыўся ў выніку ўнутраных канфліктаў».

Яшчэ адна версія звязаная з месцам знаходжання заставы. Яна стаіць побач з генеральскімі дачамі і дарагімі турбазамі, дзе адпачываюць бонзы казахскага рэжыму. Фактычна, памежны атрад выконваў функцыі аховы і мог папросту трапіць у нейкую п’яную разборку паміж гасцямі. Аматары гэтай версіі спасылаюцца на плёткі, паводле якіх каля заставы былі знойдзеныя трупы жанчын.

— Як вядома, Уладзіслаў Чэлах падчас працэсу адмовіўся ад папярэдніх паказанняў. Што ён сам распавядае наконт падзей на заставе?

— Так, падчас суду Чэлах прызнаўся, што нікога не забіваў, а следства на яго псіхалагічна ціснула: былі пагрозы арганізаваць згвалтаванне, абяцанні, што калі ён прызнаецца, то яму дапамогуць, што яму не дадуць пажыццёвае зняволенне і г.д. Па яго словах, на памежную заставу «Арканкерген» быў здзейснены напад. Аднак поўнай інфармацыі публіка ад яго так не дабілася. Ёсць думка, што ў турме салдата моцна катавалі. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што ўпершыню ён сустрэўся з адвакатам толькі праз даволі працяглы час пасля арышту. Таксама вядома, што ў турме Чэлах спрабаваў учыніць самагубства.

— Адкуль узялася байка пра праклён маці Чэлаха?

— 11 снежня 2012 года суд прызнаў памежніка Чэлаха вінаватым ў забойстве 15 чалавек і прысудзіў яго да пажыццёвага зняволення. Выходзячы з залы суда, Святлана Вашчанка (маці асуджанага) кінула ў дзяржабвінаваўцаў жменю маку і сказала: «Гніць вам да канца жыцця свайго». Паводле яе слоў, мак быў загавораны.

Гэты выпадак стаў вельмі вядомым у грамадстве, якое сачыла за працэсам і, як правіла, спачувала асуджанаму і яго сям’і. Спачатку пра гэта пісалі як пра кур’ёз. Аднак стаўленне да слоў маці змянілася, як толькі пачалася серыя дзіўных трагедый, звязаных з супрацоўнікамі памежнага ведамства: спачатку ў снежні разбіўся самалёт з кіраўніцтвам службы, прычым распавядаюць, што аднаму з генералаў напярэдадні прысніўся дзіўны сон, і ён доўга адмаўляўся садзіцца на борт. Пасля 31 студзеня гэтага года ў сваім кабінеце быў знойдзены мёртвым дырэктар Акадэміі памежнай службы генерал-маёр Есепаў. А 4 лютага пакончыў з жыццём Мурат Кадралінаў, намеснік начальніка адной з памежных застаў. Афіцыйныя паведамленні пра ўсе выпадкі даволі скупыя. Так, самагубства Кадралінава, быццам, адбылося «на глебе сямейнай спрэчкі».

Відавочна, публіку такімі заявамі ўжо не пераканаць. Тэма пра кару нябесную настолькі папулярная, што кіраўнік Камітэта нацыянальнай бяспекі Казахстана Нуртай Абыкаеў публічна аспрэчыў містычную сувязь паміж авіяцыйнай катастрофай і падзеямі на судзе.

— Ці можна зрабіць глабальныя высновы з гэтай незвычайна гісторыі?

— Па-першае, яна не закончаная, паколькі адвакат падаў апеляцыю, якую зараз разглядаюць. Увогуле, трэба быць вялікім фанатыкам містыцызму, каб паверыць у сувязь паміж учынкам маці Чэлаха і апошнімі падзеямі. Хаця б таму, што яе праклён быў адрасаваны суддзям і пракурору, а не памежнікам. Калі апусціць версію пра выпадковасць катастрофы і самазабойстваў, то, магчыма, гэта ліквідацыя сведак. На думку шэрагу экспертаў, сыход з жыцця афіцэраў, гібель кіраўніка памежнай службы Казахстана ў снежаньскай авіякатастрофе і масавая бойня на заставе «Арканкерген» года могуць быць ўзаемазвязаныя. Як бы тое ні было, папулярнасць версіі пра праклён добра сведчыць: казахі ў пошуках справядлівасці больш спадзяюцца на духаў, чым на Назарбаеўскую Феміду, што красамоўна кажа пра давер людзей да ўсёй сістэмы.