Пратэсты ў Францыі: Падпалілі ратушу ў Бардо
У Францыі працягваюцца пратэсты супраць планаў урада павысіць пенсійны ўзрост.

Скрыншот відэа
Больш за мільён чалавек выйшлі на вуліцы па ўсёй Францыі ў чацвер, а 119 тысяч з іх — у Парыжы. Прынамсі, такія лічбы прыводзіць Міністэрства ўнутраных спраў краіны.
Паліцыя ўжыла слезацечны газ супраць дэманстрантаў у Парыжы, а 80 чалавек былі арыштаваны па ўсёй краіне, паведамляе ВВС.
Пратэсты былі выкліканы законам аб павышэнні на два гады пенсійнага ўзросту — цяпер ён наступае ў 64 гады.
Увечары ў чацвер, 23 сакавіка, пасля дня пратэстаў і сутыкненняў агонь ахапіў уваходныя дзверы ратушы ў паўднёва-заходнім французскім горадзе Бардо.
Незразумела, хто вінаваты ў пажары. Але агонь быў хутка ліквідаваны пажарнымі.

У Парыжы, паводле інфармацыі агенцтва «Reuters», у цэлым дэманстрацыі мелі мірны характар, аднак перыядычна ўсё ж адбываліся сутыкненні паліцыі з удзельнікамі беспарадкаў у масках, якія білі вітрыны, зносілі вулічную мэблю і нападалі на рэстаран «McDonalds».
Паліцыя ўжыла слезацечны газ, а пратэстоўцы закідалі яе прадметамі і феерверкамі, паведаміла агенцтва «AP». У французскай сталіцы былі арыштаваны 33 чалавекі.
У паўночным горадзе Руан была заўважана маладая жанчына, якая ляжала на зямлі пасля сур'ёзнай траўмы рукі. Відавочцы казалі, што яна страціла вялікі палец пасля таго, як у яе трапіла так званая граната «флэш-шар», якую паліцыя выпусціла для разгону дэманстрантаў.
Былі і іншыя сутыкненні ў заходніх гарадах Нант, Рэн і Лор’ян.
Пратэсты, якія ідуць ужо дзявяты дзень, таксама спынілі рух цягнікоў, нафтаперапрацоўчыя заводы і прымусілі настаўнікаў і рабочых парыжскага аэрапорта імя Шарля дэ Голя спыніць працу.
Французскія прафсаюзы заклікалі да дзясятага дня забастовак і пратэстаў у наступны аўторак. Гэта супадзе з апошнім поўным днём дзяржаўнага візіту караля Карла III у краіну.
Хваляванні адбыліся пасля рашэння ўрада прыняць закон аб павышэнні пенсійнага ўзросту без галасавання ў ніжняй палаце парламента, дзе не хапае абсалютнай большасці.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон ухваліў гэты крок і заявіў, што рэформа з'яўляецца неабходнасцю.
Прэм'ер-міністарка Францыі Элізабэт Борн сказала, што змены неабходны для прадухілення сур'ёзнага дэфіцыту сістэмы ў будучыні.