«Правы сектар»: выжыць і перамагчы (+ фотарэпартаж)

Апісваючы вайну ва Украіне, было б няправільным абмінуць увагай галоўную страшылку расійскай прапаганды — «Правы сектар». Бо менавіта ад яго прыходу нібыта абаранілі Крым, а зараз Данбас.



Супраць яго ў РФ узбуджаная крымінальная справа за «генацыд рускамоўнага насельніцтва Данецкай і Луганскай абласцей».

У Расіі часта рабілі выгляд, што ваююць не з украінскім народам, а з гэтай — надзвычай небяспечнай, ледзь не пагрозай для ўсяго чалавецтва — палітычнай арганізацыяй. Ідэолаг «Наваросіі» Сяргей Кургінян з пенай у рота неяк галасіў: «Я прашу, я малю бандэраўскае кіраўніцтва паслаць наперад для высвятлення адносін «Правы сектар». Мы чакаем вас. Вы хаваецеся за спіны нармальных салдат, якіх апалчэнцы не жадаюць забіваць».

Вось куля праляцела і ага

Хаваюцца за чые-небудзь спіны? Нічога падобнага. Байцы Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу (ДУК) «Правы сектар» знаходзяцца, напрыклад, у самай гарачай кропцы данбаскага фронту — Данецкім аэрапорце і прылеглым да яго паселішчы Пяскі. І дарэчы, за апошнюю ратацыю ў «Правага сектара» тут не было ніводнага забітага.

У мяне, як у чалавека, які правёў тры ночы ў Пясках, гэты факт выклікае вялікае здзіўленне. Бо калі мне два дні запар казалі, што транспарту адсюль не будзе, уяўляючы наступны дзень, я загадзя сябе хаваў. Мне падавалася, што пры такой шчыльнасці і частаце абстрэлаў выжыць проста немагчыма. У падвале ж не праседзіш увесь час, хаця б па малой патрэбе ды выберашся. Толькі ты выбраўся, расшпіліў рэмень і гузікі, ужо нешта бабухае, свішча або стракоча. Імчышся назад, спатыкаючыся, зашпільваючы на хаду ўсе свае рамяні і гузікі. Тую сваю патрэбу не справіўшы. Адзін раз не справіш, другі, на трэці ж падумаеш: «Ды гары яно гарам!» Устанеш цвёрда, ногі шырока расставіш, павольна расшпілішся і зробіш тое, што збіраўся, гледзячы сурова і непахісна ў той бок, адкуль страляюць.

peredovaja_200_logo.jpg

Тое ж самае, калі захочаш раптам перакусіць. Двойчы я ўцякаў у падвал: адзін раз з талеркай і лыжкай, другі — з талеркай, лыжкай і двума пакуначкамі локшыны хуткага прыгатавання. (Хлопцы смяяліся: «Глядзі-тка, беларусы свайго не ўпусцяць!») На трэці, заліўшы ў кухні локшыну кіпенем падчас зацішша, ужо не пабег, калі зноў пачалі шмаляць. Сеў і са смакам паснедаў, як тыя мушкецёры ў бастыёне Сэн-Жэрвэ. Сняданак пад кулямі? Хай усе варожыя артылерысты, мінамётчыкі і снайперы падавяцца. Ну, а потым і выкурыць цыгарэтку захочацца не похапкам, у медытатыўным рэжыме. Нарэшце табе надакучыць цягаць на сябе паўсюль бронікамізэльку і каску...

dobryi_logo.jpg

Шлем аднаго з байцоў з пазыўным

 

Унутраны настрой  — важная рэч. І страх, калі ён панічны, не працуе на самазахаванне, а наадварот. Але ж я далёкі ад думкі, што ўнутраны настрой можа кіраваць рэчаіснасцю настолькі, каб змяняць траекторыі куль і аскепкаў, якія лётаюць вакол у пошуках мякчэйшага цела. Тут, у Пясках, два салдаты калісьці загінулі, перакурваючы на лаўцы без бронекамізэлек і касак. «Вось куля праляцела і ага», як у той песні спяваецца.  

Выжыць і перамагчы

Чаму ж у «правасекаў» параўнальна невысокія страты? На першы погляд, мусіла быць наадварот. Кампанія ў ДУК «Правы сектар» сабралася вельмі стракатая, але ўсе хлопцы з непалахлівых, часцяком нават празмерна абыякавыя да небяспекі. Такія, каму прыгінацца і хавацца ўнутраны стрыжань перашкаджае. Звыклыя ў поўны рост стаяць. Добрая якасць для таго, каб гераічна загінуць. Не самая лепшая, каб выжываць і перамагаць.

У «Правым сектары» не апяваюць смерць, не заклікаюць сказаць ёй «так!». Тут ставяць задачу выжыць, каб перамагчы.

«Вайна не можа проста скончыцца. Яе можна або прайграць, або выйграць. Натуральна, мы збіраемся яе выйграць. Не столькі геройствам, колькі цвярозай ацэнкай сітуацыі, уважлівасцю і ўпартасцю», — кажа Чорны, камандзір 5-га асобнага батальёну ДУК «Правы сектар», адзін са стваральнікаў «кібаргаў».

kombat_logo.jpg

Камбат Чорны

 

Асоба легендарная — ён сам здабыў сабе танк у баі пад аэрапортам. Сустрэўся я з ім цалкам выпадкова — Чорны ніяк не вылучаўся ў групцы розных людзей каля штабу, радавых салдатаў і валанцёраў, проста ў нейкі момант падключыўся да размовы. Потым ён патлумачыў, што гэта прынцыпова — не адасабляцца, падкрэсліваючы сваю «камандзірскасць».

«Увогуле, камандзір тады добры камандзір, калі ён камандуе «за мной!», а не «наперад!». Для гэтага трэба не шчокі надзімаць і казырыцца, а быць адным з салдатаў», — гаворыць камбат.  

Апроч таго, тут змаглі справіцца з п’янствам, якое на гэтай (і не толькі на гэтай) вайне прывяло да шматлікіх трагедыяў. А ў Пясках камандзір роты Серко яшчэ і загадвае байцам піць малако, каб не хварэлі.

«Я адмаўляюся выконваць злачынныя загады! Бо закалябаўся ўжо вугаль піць пасля вашага малака», — жартам абураецца адзін з байцоў, але кубачак сабе налівае.

Мяне ж Серко ледзь не выселіў з падвалу, самага бяспечнага месца ў Пясках, наверх, пад кулі і «Грады»: «Бо храпіш, як трактар. Дзесяць байцоў не высыпаюцца. А ім ад куляў суткі ў нарадзе ўхіляцца».

podval2_logo.jpg

Наш падвал

podval1_logo.jpg

На маіх вачах у Чорнага тройчы з агеньчыкам у вачах прасіліся ў аэрапорт. Адзін ажно падскокваў на месцы, так яму карцела хутчэй патрапіць у самую гарачую кропку. Чорны ўсім адмовіў. Пытаюся — чаму?

«Яны проста страцілі інстынкт самазахавання. Не разумеюць, куды просяцца. Мне там імпульсіўныя героі без патрэбы. Патрэбныя флегматыкі, якія будуць бясстрасна абкопвацца, умацоўвацца, трымаць пазіцыю. Ці ўзяць, напрыклад, таго хлопца, што прасіў прывезці ў аэрапорт групу з Харкава на пару дзён — абстраляцца. З глузду з’ехаў, ці што? Знайшоў стрэльбішча. Такія турысты — гэта адразу двухсотыя», — кажа камбат.

На прагулку ў лепшы свет

Атрымаў адлуп і я, толькі ад іншага камандзіра — з дзіўным пазыўным «Багема», у мірным жыцці — рэжысёра дзіцячага тэатра. Цяпер ён кібарг кібаргам.

«А дзе вашая бронекамізэлька, каска? Вы на прагулку ў лепшы свет мо сабраліся? Не з намі, калі ласка. Што гэта за безадказнасць такая?!», — накінуўся ён на мяне на базе перад адпраўкай у Пяскі.

bohiema_logo.jpg

"Багема"

Я і раней бываў у вельмі небяспечных месцах і сітуацыях, але бронекамізэльку і каску ніколі не апранаў. Мабыць, у цывільным чалавек падсвядома адчувае сябе па-за вайной і небяспекай. А ў касцы і бронекамізэльцы ты ўжо як быццам робішся яе часткай, трапляеш на мушку.

Калі мяне апранулі ў бронекамізэльку і каску, я адчуў сябе няўтульна. Дакладней, як герой фільма «Валасы» — хіпі Джордж Бергер, калі ён пастрыгся, пераапрануўся ў форму вайскоўца і пайшоў на ваенную базу, каб падмяніць сябра, Клода Букоўскі, даць яму магчымасць сустрэцца з каханай. І там яго забіраюць па трывозе ў самалёт, які адпраўляецца ў В’етнам. Джордж маршыруе ў калоне салдатаў і спявае, прыціскаючы руку да сэрца: «Я веру ў Бога, і веру, што Бог верыць у Клода. А гэта я. Не, гэта ён. Гэта я. Не, гэта ён…».

Нешта такое, кшталту «гэта не я, мяне тут няма», мармытаў я пра сябе, калі мы імчаліся ў камандзірскай машыне апошнія некалькі дзясяткаў кіламетраў да Пяскоў. Усе размовы змоўклі, толькі вецер свішча ў адчыненыя вокны, машына ашчацінілася выстаўленымі вонкі аўтаматамі. Абапал дарогі скалечаныя снарадамі дрэвы, спаленыя машыны, падбіты танк… І ты ў гэтых дэкарацыях — як нягеглая рухомая мішэнь.

«Калі машыну атакуюць, адчыняеце дзверы, вывальваецеся, толькі глядзіце, каб не галавой аб асфальт, хаваецеся за заднім колам і слухаеце каманды», — тлумачыць мне баец з пазыўным «Майсей», з якім мы разам ехалі з Крывога Рогу, і ягоныя словы аддаюцца гулкім рэхам у маіх вушах.

Пазней , калі мы ехалі праз вёску Краснае, дзе нарадзіўся Сяргей Пракоф’еў, Майсей разрадзіў абстаноўку, спытаўшыся, хто гэта такі — Пракоф’еў. Яму наспявалі мелодыю «Танец рыцараў»: «Туру-ту-ту туру-ту-ту  туру-ту-тум-тум».

«Ха-ха, выбачайце, у мяне жыццё няпростае было. Але, бач ты, гэта я ведаю. Значыць, музыку ён пісаў? А песні не пісаў? Ну, я зразумеў. Напіша музыку, а потым вы спявайце, як сабе хочаце. І як яго толькі занесла сюды, у зону АТА, Пракоф’ева таго», — смяецца Майсей.

kibarhi_6_logo.jpg

Машына, на якой мы выязджалі з Пяскоў

 

Раптам на дарогу, адлучыўшыся ад падгулялай кампаніі, выходзіць маладая жанчына, расстаўляючы рукі ў бакі, каб спыніць нашу машыну. Усе нервуюцца, перасмыкваюць затворы, спрачаюцца, ці варта спыняцца. Багема, які сядзіць за стырном, вырашае спыніцца. Майсей шыпіць, што гэта вар’яцтва, тут можа быць пастка.

«Хлопчыкі, вы на фронт? Я, гэта, проста хацела вам сказаць, што я за Украіну, вось», — гаворыць жанчына. Усе з палёгкай уздыхаюць, скорагаворкай прамаўляць «добра, добра», хутка рухаемся далей. 

Былы пасёлак

Пяскі — гэта былы пасёлак, у якім, згодна з перапісам 2001 году, пражывала дзве тысячы з гакам чалавек. Перад пачаткам вайны, мабыць, іх было значна болей, паколькі тут актыўна сяліліся прадстаўнікі данецкай эліты. Тут ёсць звычайныя вясковыя хаты, некалькі кварталаў тыпавой забудовы з трохпавярховікаў, а ёсць катэджная частка з вельмі дарагімі дамамі. Дзіўна, але катэджы, на першы погляд, ад абстрэлаў сепаратыстаў пацярпелі найменей.

«Былы», бо цяпер месцам для пражывання людзей пасёлак Пяскі не назавеш. Гэта — поле бою, на якім вымушаны заставацца людзі. Без газу, святла, працы, і ўсяго іншага, што мы ўспрымаем, як неад’емную частку цывілізаванага жыцця. На свой страх і рызыку адна жанчына трымае краму ў сваёй кватэры, куды прыходзяць атаварыцца мясцовыя жыхары і байцы.

ya_logo.jpg

Зміцер Галко даследуе пасёлак Пяскі

 

У мяне было ўсяго некалькі гадзін зацішша, каб даследаваць пасёлак. Недзе пісалі, быццам тут засталося трое чалавек. Я бачыў колькі дзясяткаў, хлопцы кажуць пра сотню-іншую жыхароў. У асноўным гэта або самотныя старыя, або людзі, якія апякуюцца ляжачымі старымі. Аднак ёсць і сям’я з малымі дзецьмі. Яны кажуць, што пры Януковічы іх унеслі ў «расстрэльны спіс», бо яны актыўна змагаліся супраць мясцовай «эліты», дык цяпер ім тут нават спакайней, нягледзячы на пастаянныя абстрэлы.

Хто з мясцовых жыве бліжэй да месцаў размяшчэння байцоў, даўно з імі наладзілі стасункі, прыходзяць па дапамогу. Як тая сям’я з дзецьмі — па прадукты, сродкі гігіены ды іншае. Ці дзядуля, які на сваёй вуліцы застаўся адзін. Яна пастаянна абстрэльваецца, яго было раніла, ён прыйшоў і папрасіў зрабіць яму перавязку. Усе яны пытаюцца: «Калі вы тую навалач нарэшце прагоніце?».

dzied_logo.jpg

Мясцовы дзед, які прыходзіў на перавязку

 

Тыя, хто жыве далей, ставяцца насцярожана. Група жанчынаў з дэманстратыўнай бадзёрасцю павіталася пры сустрэчы з намі: «Слава Украіне!». У адной з іх быў цэлафанавы пакет яшчэ з мінулага жыцця з надпісам «Януковіч — наш прэзідэнт!». Баец, з якім мы разам гулялі, звярнуў маю ўвагу, усміхнуўся, я хацеў быў сфатаграфаваць жанчыну з тым пакетам. Дык яна спужалася, пачала аўпраўдвацца, маўляў, не пабачыла надпіс, проста кінула аб’едкі для сабак у першы-лепшы пакет, але гэта нічога не значыць.

«Слухай, мне ажно няёмка стала, лепей бы я не заўважаў таго пакету», — шапнуў мне баец, змяніўшыся ў твары, і пачаў запэўніваць жанчыну, што нам няма ніякай справы да таго, што ў яе там на пакеце напісана. Яна, сама ўжо немаладая, застаецца з 80-гадовай ляжачай маці ў адным з трохпавярховікаў. Ехаць няма куды і няма як. Прыцягнула ў дом печку, топіць трэскамі.

md_5__logo.jpg

"Модны" дом

 

У катэджным пасёлку ёсць дом, які хлопцы паміж сабой называюць «модны». Вельмі дарагі, але даволі густоўна зроблены. Там унутры шмат такіх сіне-белых пакетаў з мінулага жыцця. Мабыць, гаспадар «моднага дому» адорваў суседзяў тымі пакетамі.    

pazicya_logo.jpg

Баявая пазіцыя

 

Байцы размяшчаюцца ў кінутых дамах, але іхныя баявыя пазіцыі знаходзяцца на ўскраінах пасёлку, далёка ад жылля. Пры гэтым пасёлак абстрэльваецца ўвесь. З кожным днём ацалелых дамоў застаецца ўсё меней. Падчас майго знаходжання ў пасёлку пад абстрэлам загінуў мясцовы жыхар.

Беспрытульных сабак у Пясках значна болей, чым людзей. Камбат Чорны казаў, што адсюль яны бегаюць пад’ядацца ў аэрапорт. Так, трупным мясам. Пры магчымасці іх тады адстрэльваюць.

«Я паважаю ворага, пагатоў загінулага ворага. Дый сабаку, які пакаштаваў чалавечыны, проста небяспечна пакідаць у жывых», — тлумачыць ён.  

Ад «кібаргаў» будуць разбягацца хто куды

Пяскі — гэта дарога на аэрапорт, адзіны канал забеспячэння ягоных абаронцаў. З пасёлку ўсяго якіх-небудзь 500 метраў да ўзлётнай паласы. Адсюль жа вядзецца артылерыйская падтрымка «кібаргаў». Можна сказаць, што ў вайсковым сэнсе Пяскі складаюць з аэрапортам адно цэлае.

daroha_logo.jpg

Тая самая дарога да аэрапорта, па якой 500 метраў да ўзлётнай паласы

 

Не ўсе разумеюць, дзеля чаго вядуцца такія бязлітасныя баі за ўжо разбіты ў хлам аэрапорт. Ці не прасцей было б адтуль адыйсці, падарваўшы ўзлётную паласу? Каб пазбегнуць магчымага «катла» (Ілавайск яшчэ ўсім вельмі баліць).

«Па-першае, ён мае вайскова-стратэгічнае значэнне. Гэта неацэнная вышыня для будучага вызвалення Данецка. Я вельмі спадзяюся, што аднойчы з’явіцца палітычная воля на тое, каб яго распачаць. На мой погляд, магчымасці ў нас для гэтага ёсць. Каб узяць гэтую вышыню, адкуль выдатна можна здзяйсняць артылерыйскую падтрымку наступу, праціўніку спатрэбіцца кінуць туды сілы, якія ў дзесяць разоў пераўзыходзяць нашы. Па-другое, сімвалічнае значэнне. Калі б не гераічная абарона аэрапорта, Ілавайскі кацёл ды іншыя катастрафічныя паразы не далі б нам ачуняць. Яны б дэмаралізавалі і байцоў, і народ. Цяпер жа ў нас з’явіўся свой гонар — «кібаргі». Калі стане вядома, што дзе-небудзь у атаку пайшлі кібаргі, ворагі проста разбягуцца хто куды. Нарэшце, аэрапорт выкоўвае па-сапраўднаму баяздольнае вайсковае падраздзяленне. Якое можа стаць у будучыні ўкраінскім спецназам», — гаворыць Чорны, камандзір 5-га асобнага батальёна ДУК «Правы сектар».

Яны трымаюць «Неба» і «Зямлю»

У мяне няма жалезабетонных палітычных поглядаў, любы артадаксальны прыхільнік якой-небудзь ідэалогіі адмовіцца прызнаць мяне аднадумцам. Але тыя, што ёсць, вельмі далёкія ад поглядаў правага спектру, не кажучы ўжо аб ультра-правым. На фашызм у мяне моцная алергія, і я, як любы алергік, востра адчуваю прысутнасць свайго алергену. Калі б «Правы сектар» хаця б напалову адпавядаў створанаму расійскай прапагандай вобразу, я б не тое што некалькі дзён, некалькі гадзін не вытрымаў бы ў яго гушчы.

Калі пад «фашыстам» мець на ўвазе не проста каго-небудзь, хто нам вельмі не падабаецца, а прыхільніка пэўнай палітычнай ідэалогіі, ён жа мусіць сваю прыхільнасць неяк праяўляць? Так ці іначай з яго мусіць вылезці гнілое нутро — у першую чаргу жаданне расправіцца нарэшце з якой-небудзь нацмешасцю, пасля чаго жыццё мае наладзіцца. Ён павінен дэманстраваць і ахоўваць нацыянальную чысціню.

Трэба сказаць, да «Правага сектара» я патрапіў выпадкова. Вечарам заўважыў у стужцы фэйсбука запіс свайго знаёмага валанцёра, што нехта збіраецца ехаць з Крывога Рогу ў Пяскі і аэрапорт, папрасіў іх кантакты, перакінуўся слоўцам, а ў пяць гадзін раніцы ўжо сядзеў у машыне з трыма крыварожцамі, адной жанчынай і двума мужчынамі. Жанчына — каталічка з польскімі каранямі. Адзін з мужчынаў — з габрэйскімі каранямі і шматлікімі сябрамі сярод сванаў, бо сванкай была яго першая жонка. Другі — з высмажаным, але вясёлым тварам пралетара, у якога, паводле Маркса, няма айчыны. Мы выехалі пад каталіцкую малітву, ехалі пад грузінскія і габрэйскія песні, а таксама пад кароткія і важкія заўвагі чалавека, які двума нагамі стаіць на зямлі. Усе трое размаўлялі на рускай мове.

Калі б на адной з заправак па дарозе вайсковец не спытаў у маіх спадарожнікаў, з якога яны падраздзялення, і яны б не сказалі, што з «Правага сектару», я б да канца дарогі мог не здагадацца, што яны маюць да яго нейкае дачыненне.  

Што аб’ядноўвала іх траіх? Толькі адно — жаданне спыніць знешняга ворага, а з часам перамагчы ўнутранага. І гэта зусім не «рускамоўнае насельніцтва Данецкай і Луганскай абласцей», а карумпаванае чынавенства, якое разглядае Украіну ў якасці сваёй кармавой базы.

Ядзвіга, тая самая жанчына з польскімі каранямі, у мінулым служыла ў войску, потым працавала аператыўным работнікам, напярэдадні Майдану збіралася эміграваць, бо лічыла, што Украіну ўжо нічога не ўратуе — яе дашчэнту выгрызе знутры карумпаваны чыноўнік. Майдан змяніў яе планы, бо з’явілася надзея, што весці рэй у краіне нарэшце пачнуць патрыёты, людзі з дзяржаўным, а не тарбахвацкім мысленнем.

Пазнейшае знаёмства з некалькімі дзясяткамі байцоў пацвердзіла абсурднасць абвінавачвання «Правага сектару» у жаданні здзейсніць «генацыд рускамоўнага насельніцтва Данецкай і Луганскай абласцей». Хаця б таму, што пераважная большасць байцоў самі былі рускамоўнымі (часам я заставаўся адзіным у кампаніі, хто размаўляў па-украінску), а некаторыя — жыхарамі тых самых шматпакутных абласцей. Што да абласцей, «Правы сектар» аказаўся зусім не партыяй заходніх рэгіёнаў, суадносіны выхадцаў адтуль там прыкладна такія самыя, як у цэлым па Украіне. Прычым заходнікі скардзіліся мне на «куркульскае» мысленне сваіх землякоў, якія не разумеюць, што яны забылі на Данбасе. Маўляў, не да нас жа бяда прыйшла, чаго табе немаведама куды цягнуцца.

Баец з пазыўным «Ксёндз», вясковец, які ў Пясках знайшоў кінутую карову і далучыў яе да вайсковай гаспадаркі, на гэта адказваў вельмі проста, з гумарам: «Гэта што ж, прыйдзе да нас вось такі самы «шчыры бандэравец», як я, і кароўку маю забярэ? Не, дружа, не трэба».

ksiondz_logo.jpg

«Ксёндз»са сваёй "карамулькай"

 

Забаўна, але сярод заходнікаў, якія трапляліся мне ў «Правым сектары», якраз было шмат такіх, хто прыйшоў абараніць «сваю кароўку». Тады як ідэйных, якія мыслілі ў катэгорыях давядзення да ладу кіраўніцтва краінай, болей сустракалася сярод жыхароў іншых рэгіёнаў.

Як на мой погляд, «Правы сектар» — гэта нешта кшталту адрэналіна, які выпрацаваў грамадскі арганізм у патрэбны момант. Пры ўмове, калі цяперашнія ўлады зробяць сапраўдную працу над памылкамі сваіх папярэднікаў, узровень адрэналіну заканамерна знізіцца.

А пакуль тое, яны трымаюць «Неба» і «Зямлю» (умоўнае пазначэнне ў перамовах па рацыі двух баявых пазіцый) у Пясках і гартуюць сталь у Данецкім аэрапорце.

«Мы точно знаем, что такое страх

Мы знаем вкус земли, наш вечный спутник — холод

Мы потерялись в днях и вечерах

И перестали различать, кто стар из нас, кто молод

Наш окоп — наша крепость и наш гроб

Но мы пришли сюда не погибать, а выжить...»

Гэта верш байца з пазыўным «Сатыр», які сказаў пра сябе: «Бацька ў мяне рускі, маці з Луганска, а я першы ў нашым родзе бандэравец».