Прэзідэнт Нігера, якога зрынулі вайскоўцы, папрасіў выратаваць Афрыку ад Расіі і ПВК Вагнера

У сталіцы Нігера, горадзе Ніямей, прайшоў мітынг у падтрымку перавароту — з плакатамі «Няхай жыве Пуцін».

Дэманстрацыя ў горадзе Ніамей, сталіцы Нігера, у падтрымку ваеннага перавароту. 3 жніўня 2023 года. Фота Djibo Issifou / dpa / picture-alliance / Scanpix / LETA

Дэманстрацыя ў горадзе Ніамей, сталіцы Нігера, у падтрымку ваеннага перавароту. 3 жніўня 2023 года. Фота Djibo Issifou / dpa / picture-alliance / Scanpix / LETA

Праз тыдзень пасля вайсковага перавароту ў Нігеры зрынуты прэзідэнт краіны Махамед Базум апублікаваў у газеце The Washington Post калонку, у якой заклікаў ЗША і сусветную супольнасць аднавіць канстытуцыйны лад у краіне, а таксама засцерагчы афрыканскі рэгіён ад уплыву Расіі праз ПВК Вагнера, піша meduza.io

Махамед Базум назваў сябе закладнікам — і «толькі адным з сотняў грамадзян», незаконна затрыманых падчас перавароту.

Па адкрытым запрашэнні змоўшчыкаў і іх рэгіянальных саюзнікаў увесь цэнтральны рэгіён Сахеля можа трапіць пад уплыў Расіі праз ПВК Вагнера, чый жорсткі тэрор выявіўся ў поўнай меры ва Украіне.

«Бока харам» і іншыя тэрарыстычныя рухі, безумоўна, скарыстаюцца нестабільнасцю ў Нігеры, і выкарыстаюць краіну ў якасці плацдарма для нападу на суседнія дзяржавы і падрыву бяспекі і свабоды ва ўсім свеце.

«У гадзіну патрэбы я заклікаю ўрад ЗША і ўсю міжнародную супольнасць дапамагчы нам аднавіць канстытуцыйны лад», — напісаў Махамед Базум.


Глядзіце таксама

ПВК Вагнера актыўна дзейнічае ў Малі і Буркіна-Фасо — суседніх з Нігерам краінах. Неўзабаве пасля перавароту ў Нігеры стала вядома, што вайскоўцы, якія здзейснілі яго, пабывалі ў Малі — ёсць версія, што мэтай візіту было заручыцца падтрымкай ПВК Вагнера. Нагадаем, вагнераўцы ўжо год знаходзяцца ў Малі, дзе здзяйсняюць масавыя забойствы і рабуюць мірных жыхароў.

CNN на спасылкай на малійскія ўлады піша, што вайскоўцы абмяркоўвалі «спосабы ўмацавання супрацоўніцтва краін у галіне бяспекі».

У горадзе Ніямей, сталіцы Нігера, пасля перавароту адбылася вулічная акцыя ў яго падтрымку. Некаторыя дэманстранты прыйшлі на яе з расійскімі сцягамі і плакатамі «Няхай жыве Пуцін».

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, адказваючы на пытанне аб звароце прэзідэнта Нігера да сусветнай супольнасці, заявіў, што «наўрад ці ўмяшанне нейкіх пазарэгіянальных сіл здольнае гэтую сітуацыю змяніць да лепшага».

Глядзіце таксама


Нагадаем, як пісаў НЧ, ваенны пераварот у Нігеры адбыўся 26 ліпеня. Прэзідэнцкая гвардыя адхіліла Махамеда Базума ад улады, абвясціла аб закрыцці мяжы, увядзенні каменданцкай гадзіны і прыпыненні працы ўсіх устаноў. Генерал Абдурахман Тчыяні, які ўзначальвае прэзідэнцкую гвардыю, абвясціў сябе новым кіраўніком дзяржавы.

Краіны Захаду запатрабавалі неадкладна вызваліць Базума. Еўрасаюз увёў санкцыі супраць Нігера, а таксама прыпыніў фінансавую падтрымку краіны (каля 40% бюджэту Нігера забяспечваюць замежныя донары) да аднаўлення законнага ўрада. Такое ж рашэнне прыгразілі прыняць ЗША — адзін з галоўных донараў Нігера, піша Reuters.

Эканамічная супольнасць заходнеафрыканскіх дзяржаў, якая аб'ядноўвае 15 краін Заходняй Афрыкі, увяла санкцыі, якія ўключаюць спыненне ўсіх камерцыйных аперацый з Нігерам, замарожванне актываў краіны ў рэгіянальным цэнтральным банку і прыпыненне ўсёй фінансавай дапамогі. 

Энергетычная кампанія Нігера заявіла, што Нігерыя спыніла пастаўкі электраэнергіі, што прывяло да паўсюдных адключэнняў святла. Сама Нігерыя гэтыя звесткі не пацвердзіла, зазначае ВВС.

Як паведаміла 29 ліпеня агенцтва Associated Press, Афрыканскі саюз, які аб'ядноўвае 55 краін кантынента, высунуў вайскоўцам у Нігеры ультыматум з патрабаваннем вярнуць уладу законнаму ўраду на працягу 15 дзён. Неўзабаве з падобным патрабаваннем выступіла Эканамічная супольнасць заходнеафрыканскіх дзяржаў — і папярэдзіла пра магчымае прымяненне сілы. Пры гэтым прадстаўнік супольнасці па палітычных справах Абдэль-Фатау Муса падкрэсліў, што вайсковае ўмяшанне — гэта самы крайні варыянт урэгулявання канфлікту.

Генерал Абдурахман Тчыяні заявіў, што «адмаўляецца паддавацца любому ціску», адкуль бы ён ні зыходзіў. Ён назваў санкцыі супраць Нігера «цынічнымі і беззаконнымі» і дадаў, што іх галоўная мэта — «зняважыць» сілы бяспекі Нігера і зрабіць краіну некіравальнай.

У падтрымку перавароту выступілі Малі і Буркіна-Фасо (дзе актыўна дзейнічае ПВК Вагнера). Гэтымі краінамі кіруюць вайскоўцы, якія прыйшлі да ўлады ў выніку пераваротаў цягам апошніх некалькіх гадоў. Яны абвясцілі, што «любое ваеннае ўмяшанне ў справы Нігера будзе раўнасільна абвяшчэнню ім вайны», і дадалі, што «інтэрвенцыя ў Нігер можа дэстабілізаваць увесь рэгіён».