Расія. Да і пасля Балотнай плошчы

Мітынг 10 снежня на Балотнай плошчы, нягледзячы на знешнюю бяззубасць, можа стаць вяхой у сучаснай гісторыі Расіі. Прапануем агляд расійскай аналітыкі.

Нагадаем, што акцыя, у якой узялі ўдзел каля 40–50 тысяч чалавек, закончылася прыняццем рэзалюцый з шэрагам патрабаванняў да ўлады. У тым ліку маніфестанты патрабавалі правесці новыя парламенцкія выбары і лібералізаваць закон аб партыях, каб у выбарах маглі ўзяць удзел нефармальныя арганізацыі.



979a3f14bae523dc5101c52120c535e9.jpg

Мітынг 10 снежня на Балотнай плошчы, нягледзячы на знешнюю бяззубасць, можа стаць вяхой у сучаснай гісторыі Расіі. Прапануем агляд расійскай аналітыкі.
Нагадаем, што акцыя, у якой узялі ўдзел каля 40–50 тысяч чалавек, закончылася прыняццем рэзалюцый з шэрагам патрабаванняў да ўлады. У тым ліку маніфестанты патрабавалі правесці новыя парламенцкія выбары і лібералізаваць закон аб партыях, каб у выбарах маглі ўзяць удзел нефармальныя арганізацыі.
Такі “папяровы вынік стаяння на Балотнай шмат каго расчараваў. З’явілася шмат каментараў наконт таго, што Балотная плошча стала сімвалам канца надзеяў на перамены. Агульную думку выказаў ліберальны інтэрнэт-партал “Грани: “Улада не ўбачыла нічога, акрамя вялікай тусоўкі. Гэта тусоўка не была гатовая сядзець на плошчы да выканання сваіх патрабаванняў, таму што там айпад зарадзіць няма дзе. Так што рэвалюцыі не будзе.
Сапраўды, чаканні адносна 10 снежня ў грамадстве былі каласальныя. Напярэдадні тых падзей “Газета. Ру пісала: “Трэба зразумець, што пратэстная актыўнасць расійскіх грамадзян перайшла ў новую якасць. Але не меней важна іншае: здаецца, упершыню за дваццаць гадоў столькі людзей выйшлі не патрабаваць памяншэння тарыфаў, падвышэння заробкаў, а адстойваць закон і свае грамадзянскія правы. Выйшлі не апазіцыянеры, не рэвалюцыянеры, выйшлі дзясяткі тысяч грамадзян. Упершыню масава выйшла моладзь. Людзі, якія ўзурпавалі ўладу ў краіне, не могуць рабіць выгляд, што нічога не заўважаюць. Гэта стварае ўнікальную магчымасць прымусіць іх да перамоў. І калі гэты шанец будзе ўпушчаны, такой магчымасці не будзе яшчэ шмат гадоў.
Свой унёсак у гіпербалізацыю значэння 10 снежня ўнесла і ўлада. Па афіцыйных СМІ пачала гуляць інфармацыя пра тое, што на суботу апазіцыя, за якой быццам стаіць Дзярждэп ЗША, прызначыла ці штурм Крамля, ці лівійскую рэвалюцыю. У сеціве быў нават змешчаны сцэнар рэвалюцыі, якую назвалі белай з-за цяперашняй зімы.
Вось галоўныя этапы белай рэвалюцыі: “Задоўга да выбараў пачынаецца праект “Навальны. Ён павінен быў сабраць разнастайныя сілы. Лібералаў, нацыяналістаў, папросту незадаволеных. Да раскруткі яго ў інтэрнэце падключыліся спецыяльна створаныя падраздзяленні ЦРУ. Такім чынам Навальны апынаецца ў “топах сацыяльных сетак. Пачынаецца новы этап — кансалідацыя. Навальны кідаецца то да лібералаў, то да нацыяналістаў. Перад выбарамі Навальны і яго кампанія раскручвае тэрмін “партыя жулікаў і злодзеяў і г.д..
Не дзіўна, што пасля такіх жахаў усе чакалі мітынг як нешта фенаменальнае. Аднак нічога надта незвычайнага, як было сказана вышэй, не адбылося. Хіба што фінал Балотнай плошчы выклікаў новую серыю скандалаў у апазіцыйным полі. Яго рэзідэнты пачалі шукаць стрэлачнікаў.
Некаторыя каментатары павесілі ўсіх сабак на арганізатараў-апартуністаў. “Ключавая памылка была здзейснена за некалькі дзён да акцыі, калі народная ініцыятыва пратэставаць у непасрэднай блізкасці ад Крамля і Дзярждумы была спрытна падменена стаяннем на Балотнай. І па форме і па зместу гэта было самае сапраўднае махлярства. Ніякія аргументы пра “не падстаўляць народ пад дубінкі не вытрымліваюць крытыкі. Або вы змагаецеся за свабоду, або трываеце гэты рэжым. “Той, хто аддае сваю свабоду за бяспеку, не атрымлівае ні таго, ні іншага. І не важна, Джэферсан ці Франклін гэта сказаў (“Грани).
Валерыя Навадворская лічыць, што акцыя правалілася з-за ідэйнай мазаічнасці апазіцыі. “Люты 1917 года на сучасным парадыйным узроўні. Белыя шарыкі і белыя стужачкі, мабыць, азначалі капітуляцыю перад логікай, разумным сэнсам і добрым густам. У лютым 1917-га па плошчах не бегалі нацыяналісты з чарнасоценных арганізацый, а тут і яны ўліліся ў агульныя рэвалюцыйныя шэрагі. Над пляцам прагучаў савецкі гімн (гэта як калі б у лютым 1917-га рэвалюцыянеры спявалі “Боже, Царя храни!). Хоць як лёгка было сабраць прыстойных людзей для прыстойнай рэзалюцыі! Проста даць мітынгу слоган: “Вяртанне да канстытуцыйных нормаў ельцынскага дэмакратычнага дзесяцігоддзя. Ці: “Далоў чэкісцкую хунту, не жадаем назад у СССР, хочам у Еўропу і ў NАТО. Усё. Чырвонае і карычневае паскуддзе разбягаецца з дзікімі крыкамі. У бой ідуць адны дэмакраты. А так атрымаўся цырк.
Дарэчы, на прапуцінскіх сайтах неаднароднасць мітынгоўцаў ставяць у заслугу спецслужбаў.
“Улады стварылі ўсе ўмовы для таго, каб як мага больш жадаючых змагло патрапіць на мітынг, размываючы тым самым адзіную арганізацыю і адзіны настрой у арганізатараў. У выніку публіка абсвіствала аратараў. Адны ненавідзелі лібералаў на чале з Касьянавым і Нямцовым за тое, што тыя “прадаліся амерыканцам. Іншыя ненавідзелі ліберал-нацыяналістаў, трэція... Ну і гэтак далей. І мітынг скончыўся нічым. Мабыць, нездарма мы плацім падаткі. І нашы спецслужбы, паліцыя і іншыя дзяржаўныя структуры не дарма ядуць свой хлеб (“По существу).
Сустракаюцца і проста катэгарычныя высновы: “Народ не гатовы да рэвалюцый. Менавіта таму любыя рэвалюцыйныя і экстрэмісцкія лозунгі, вымаўленыя са сцэны мітынгу Нямцовым, Крыловым, Касьянавым і іншымі радыкальнымі “лідарамі апазіцыі былі асвістаныя (Лента.ру).
Зараз апазіцыя знаходзіцца ў стане апатыі. Амбіцыі яе вельмі сціплыя. “Хуткаспелая “рэвалюцыя цяпер паставіць нас перад сумным фактам адсутнасці лідараў, структуры і падтрымкі насельніцтва. Наша галоўная задача на дадзены момант — атрымаць магчымасць рэгістрацыі нацыяналістычнай партыі, легальная прапаганда нашых ідэй сярод насельніцтва, — піша “Русская линия, адзін з рэсурсаў рускіх нацыяналістаў. Некаторыя апазіцыйныя сайты ўжо канстатуюць, што сабраць два мільёна подпісаў для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах (так патрабуе закон аб выбарах прэзідэнта) не пад сілу ніводнаму кандыдату “з вуліцы.
Аднак не ўсё так сумна. Як ні парадаксальна, аднак цяпер суб’ектам рэвалюцыі становіцца ўлада. Пры ўсіх правалах апазіцыі 10 снежня Крэмль не можа ігнараваць той факт, што на вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч людзей, прычым тое былі не палітыкі, а звычайныя грамадзяне, абражаныя несправядлівасцю ў падліку іх галасоў. Гэта патрабуе змены дыскурсу ўлады, які на працягу 10 гадоў будаваўся на тэзісе пра ўсенародную любоў да Пуціна. Пытанне — у якім накірунку будуць рэформы? Лібералізацыя? Удасканаленне маніпуляцый? Імпарт беларускай мадэлі?
Пакуль Крэмль трымае паўзу. Аднак кожны з такіх зігзагаў здольны парушыць баланс сіл і інтарэсаў сярод чыноўнікаў і спарадзіць незадаволеныя фракцыі ў вертыкалі. І галоўнае, пад пагрозай апынуўся пакт Мядзведзеў — Пуцін праз ракіроўку. Менавіта гэтая дамова выклікае абурэнне простых людзей, якім не падабаецца тое, што за іх усё вырашылі.
Як піша “Независимая газета: “Пасля суботніх мітынгаў Расія моцна змянілася. Не ў тым сэнсе, што жыццё заўтра можа пайсці нейкім іншым шляхам. У гэтым плане ўсё, застаецца, па-ранейшаму: кармушкі захаваны і чакаюць, калі да іх прысмокчуцца тыя палітычныя сілы, што былі паспяховыя на выбарах 4 снежня. Аднак пытанні, якія заставаліся нязменнымі на працягу шматлікіх гадоў, сёння паўстаюць зусім па-іншаму.