Расія сыходзіць у акіян

Прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі карлікавай ціхаакіянскай краінай Науру выклікала значную цікавасць расійскага грамадства. Прапануем агляд каментараў на інтэрнэт-форумах.

Як сцвярджаюць крыніцы, Науру атрымала ад Масквы за прызнанне 50 мільёнаў долараў. Але ёсць такія расіяне, якія трактуюць падзею як вялікі поспех сваёй дыпламатыі. Вось іх аргументацыя.



e9b73bccd1762555582b513ff9d02492.jpg

Прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі карлікавай ціхаакіянскай краінай Науру выклікала значную цікавасць расійскага грамадства. Прапануем агляд каментараў на інтэрнэт-форумах.
Як сцвярджаюць крыніцы, Науру атрымала ад Масквы за прызнанне 50 мільёнаў долараў. Але ёсць такія расіяне, якія трактуюць падзею як вялікі поспех сваёй дыпламатыі. Вось іх аргументацыя.
“У гэтым і ёсць сутнасць геапалітыкі. Таму не варта іранізаваць з нагоды радаснай рэакцыі ўладаў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі на прызнанне іх незалежнасці яшчэ адной дзяржавай. Гэта заканамерная і адэкватная рэакцыя на новы міжнародны кантакт. Прапаную задумацца наконт іншага пытання: што ў выніку ўсяго гэтага можа атрымаць Расія? Часам здаецца, што Расія на міжнароднай арэне дзейнічае арыгінальна. Але не будзем забываць пра тое, што Расія разлічвае стаць адным з архітэктараў новага шматпалярнага свету. Імкнучыся да дасягнення гэтай мэты, Расія выбудоўвае новую, заснаваную на іншых прынцыпах сістэму міжнародных адносін, таму што ранейшая “мадэль апынулася недасканалай. Той факт, што вялікая роля ў гэтым працэсе адводзіцца новым каўказскім дзяржавам, відавочны нават дылетанту.
Аднак такая пазіцыя не вельмі папулярная. Большасць каментатараў адзначаюць, што гісторыя з Науру — сорам для расійскай дыпламатыі: “Мяне цікавіць такое пытанне: ці атрымаў спадар Лаўроў ад удзячных наурцаў які-небудзь ордэн за дыпламатычную перамогу? Хоць бы кольцы ў нос, высушаную галаву місіянера? Ці што-небудзь вырабленае з гуaно, адзінага экспартнага прадукту астраўка? Але, у прынцыпе, не смешна. Людзі апусцілі прэстыж дзяржавы ніжэй нізкага. Да такіх вось перамог на дыпламатычным фронце, ад якіх Андрэй Грамыка круціцца ў труне. У краіне бракуе грошай на трансплантацыю касцявога мозгу для дзяцей, якія паміраюць ад лейкіміі. Між тым, дзяржава дае грошы прайдзісветам, якія не толькі нашага сатэліта гатовыя прызнаць, але і чорта з рагамі. За наяўны разлік, зразумела, — піша адзін з блогераў.
Дадатковым фактарам сумнявацца ў поспеху МЗС РФ стала брудная гісторыя вакол прызнання кіраўніцтвам Науру незалежнасці Тайваню. У выніку той гісторыі Науру атрымала мянушку “прадажная дзеўка Ціхага Акіяну. Адзін з наведвальнікаў інтэрнэту нагадвае храналогію падзей:
“1980 год. За амерыканскую гуманітарную дапамогу Науру ўсталёўвае дыпламатычныя адносіны з Тайванем (і адначасова разрывае адносіны з Кітаем). 21 ліпеня 2002 года Рэспубліка Науру разрывае дыпламатычныя адносіны з Тайванем і ўсталёўвае адносіны з Кітаем пад абяцанне Кітая актыўна інвеставаць у эканоміку Науру і забяспечыць краіну шырспажывам. Кошт пытання — 60 мільёнаў долараў ЗША. 9 мая 2005 года Тайвань запатрабаваў аднавіць дыпламатычныя адносіны. Науру была не супраць, аднак патрабуе інвестыцый у сферу турызму. І атрымлівае іх.
Аўтар робіць выснову: “Науру ніколі не брала натурай, толькі грашыма. Калі туды сунуцца амерыканцы і прапануюць падтрымаць іх энергетыку, рэспубліка прадынаміць Расію.
Рашэнне Науру пра прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі выклікала ўздым шавіністычных настрояў і геапалітычных амбіцый. Далей за ўсіх пайшоў Сяргей Бялкоўскі, дырэктар Агенцтва палітычных навін (АПН). Ён прапанаваў увогуле выкупіць усе малыя астравы Ціхага Акіяну і перасяліць туды расійскую палітычную эліту.
Аўтар сыходзіць з такіх тэзісаў: Расія — прастора, якой з-за памераў немагчыма эфектыўна кіраваць; насельніцтва Расіі знаходзіцца ў стане псіха-гістарычнай дэпрэсіі; у Расіі вельмі дрэны клімат.
Адсюль неабходна «рашэнне пра перавод Расіі ў новае геаграфічнае месца» — на астравы Ціхага акіяну. Новаму праекту ўжо нават прыдумалі назву — Ціхаакіянская Расійская Федэрацыя (ТоРФ). Палітолаг, акрамя таго, склаў спіс дзяржаў, якія патэнцыяйна могуць стаць суб’ектамі ТоРФ: Вануату, Кірыбаці, Науру, Палау, Самоа, Тонга, Саламонавыя астравы, Тувалу, Мікранезія. І вылічыў, колькі будзе каштаваць для расійскага бюджэту іх набыццё. Атрымалася не так ужо і шмат — усяго прыкладна 5 мільярдаў долараў.
Што Расія атрымае, калі пераедзе ў Ціхі Акіян? Калі верыць Бялкоўскаму, шмат чаго: добры клімат (24–27 градусаў круглы год), працоўныя рукі ў выглядзе тубыльцаў. Як адзначае Бялкоўскі, абарыгены “п’юць не шмат.
Асобная тэма: як будзе вырашана праблема загадковай рускай душы. «Пераезд Расіі з Еўразіі ў Ціхі акіян дазволіць нам правесці карэкцыю генетычнай памяці. У трапічным клімаце малых выспаў фантомы ўзятых калісьці берлінаў, парыжаў не будуць трывожыць нашы душы. Расіяне нарэшце стануць нармальным народам». Застаецца дадаць, што ў ТоРФ Бялкоўскі прапануе перасяліць усяго 350 тысяч чалавек — самых лепшых грамадзян РФ.
Артыкул Бялкоўскага часам здаецца жартам, аднак шмат хто падтрымаў праект расійскага Ноевага каўчэга. У расійскім інтэрнэце можна сустрэць цікавыя думкі наконт таго, каго трэба браць на астравы, а каго пакінуць на гістарычнай радзіме.
“Сталіністаў, алкашой і мянтоў не браць, — раіць адзін з наведвальнікаў інтэрнэт-форуму.
Так ці інакш, можна сцвярджаць, што загадковая афера з прызнаннем Науру незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі вельмі моцна дэманціравала міфы расійскай дзяржаўнай прапаганды пра тое, што міжнародная супольнасць падтрымлівае сепарацыю Грузіі.