Расія блакуе VPN ад «экстрэмістаў», а пацярпела — World of Tanks
«Роскамнагляд» пачаў блакаваць шэсць VPN-сервісаў, якія, на яго думку, парушаюць заканадаўства. Але ў выніку паўсталі праблемы не толькі ў заблакаваных VPN, а і ў шэрагу іншых праграмаў, уключна з прадукцыяй беларускага паходжання — гульнёй World of Tanks.
«Роскамнагляд» адмаўляе, што праблемы звязаныя з яго дзеяннямі. Аператары тым часам лічаць, што прычына ў абсталяванні, якое рэгулятар усталяваў у рамках закону аб «суверэнным рунэце», піша Радыё Свабода.
Як паведамляе «Коммерсантъ», апошнія пяць дзён карыстальнікі скардзяцца на працу FlashScore (стрымінгавы сэрвіс для анлайн-трансляцый футбольных турніраў), Avito, гульняў World of Tanks і World of WarShips, Twitch (найбуйнейшы сервіс для стрымінгу гульняў) і BitTorrent. У звароце World of WarShips да карыстальнікаў гаворыцца, што праблемы паўсталі з прычыны блакавання VPN-сервісаў, у працэсе якога «было закранута мноства UDP-партоў, у тым ліку тыя, якія выкарыстоўваюцца ў гульні». Гэта прыводзіць «да немагчымасці ўвайсці ў гульню і адключэння ад сервера падчас збою», дадалі ў World of WarShips.
«Роскамнагляд» не звязвае недаступнасць рэсурсаў са сваімі абмежаваннямі. «Пры рэалізацыі мерапрыемстваў па блакаванні VPN названыя UDP-парты не блакаваліся», — заявілі «Коммерсанту» у ведамстве.
Крыніцы выдання ў тэлефонных аператараў расказалі, што тэставалі ўласныя сеткі і прычынай збояў лічаць ТСПУ (тэхнічныя сродкі процідзеяння пагрозам), якое «Роскамнагляд» усталяваў на сетках у рамках закону аб «суверэнным рунэце». Па словах аднаго з суразмоўцаў «Коммерсанта», аператары некалькі дзён таму звярнуліся ў падуладны «Роскамнагляду» Галоўны радыёчастотны цэнтр з просьбай патлумачыць сітуацыю, але адказу не атрымалі.
Афіцыйна найбуйнейшыя аператары не сталі каментаваць збоі. «Вымпелком» толькі адзначыў, што «на сеткі па законе ўстаноўлены іншыя тэхнічныя сродкі», якія «могуць уздзейнічаць на пропуск трафіку». Невялікі аператар у Пскоўскай вобласці «Март» паведаміў карыстальнікам, што недаступнасць шэрагу сэрвісаў звязана са спробамі «Роскамнагляду» заблакаваць VPN.
Нагадаем, калі «Роскамнагляд» спрабаваў заблакаваць Telegram, часова недаступнымі сталі IP-адрасы Google, «ВКонтакте», «Яндекса», Twitter, Facebook, «Одноклассников», Yahoo, Liveinternet і мноства іншых сервісаў. Telegram пры гэтым працягваў працаваць. Пасля таго, як «Роскамнагляд» вырашыў запаволіць Twitter, упалі сайты Крамля, Дзярждумы, Следчага камітэту, Савету Фэдэрацыі і самога «Роскамнагляду».