«Рэпарцёры без межаў» падтрымалі Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну
Журналісты па ўсім свеце выступаюць за вызваленне сваіх беларускіх калег, якія зараз знаходзяцца ў турмах, у тым ліку і галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай і дырэктаркі выдання Людмілы Чэкінай.
Дзве з самых вядомых беларускіх журналістак — галоўная рэдактарка разгромленага ўладамі партала TUT.BY Марына Золатава і дырэктарка выдання Людміла Чэкіна — зноў паўсталі перад судом. Арганізацыя «Рэпарцёры без меж» (RSF) і яе офісы па ўсім свеце далучыліся да марафону салідарнасці з беларускімі палітвязнямі з мэтай заклікаць да вызвалення 35 журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні.
«Праз амаль тры гады пасля таго, як беларускія ўлады пачалі жорсткія рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, не відаць аніякіх прыкмет таго, што судовы пераслед СМІ спыніцца. Мы, RSF, разам з нашымі партнёрамі з «Беларускай асацыяцыі журналістаў» гэтай акцыяй падтрымліваем адважныя незалежныя СМІ краіны і заклікаем да неадкладнага вызвалення дзясяткаў журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі», — заяўляе Рэбека Венсан, дырэктарка арганізацыі «Рэпарцёры без меж».
Прадстаўнікі штаб-кватэры арганізацыі ў Парыжы і яе офісаў у Берліне, Бруселі, Дакары, Жэневе, Лондане, Рыа-дэ-Жанейра, Стакгольме, Тайпэі, Тунісе, Вене і Вашынгтоне ўзялі ўдзел у акцыі, запосціўшы фотаздымкі сваіх каманд з партрэтамі 35 зняволеных беларускіх журналістаў і журналістак у руках.
«Рэпрэсіі супраць СМІ, якія асвятлялі пратэсты ў Беларусі пасля выбараў у 2020 годзе, працягваюцца, нягледзячы на тое, што прайшло амаль тры гады з моманту іх закрыцця. Сёння прадстаўнікоў медыя па-ранейшаму кідаюць за краты, прысуджаюць да страшных тэрмінаў – да 14-15 гадоў пазбаўлення волі — толькі за выкананне прафесійных абавязкаў. Жорны рэпрэсій працягваюць круціцца. Але журналістыка — не злачынства. Злачынства — гэта рэпрэсіі супраць журналістаў», — гаворыць старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
Арганізацыя RSF запусціла глабальную кампанію ў сувязі са знакавай справай галоўнай рэдактаркі вядучага беларускага СМІ TUT.BY Марыны Золатавай. Яна і дырэктарка выдання Людміла Чэкіна ў выніку двухмесячнага працэсу, які праходзіў за зачыненымі дзвярыма, былі прысуджаныя 17 сакавіка да жахлівага тэрміну ў 12 гадоў пазбаўлення волі. Гэтыя дзве жанчыны сталі сімваламі свабоды прэсы ва ўмовах рэпрэсій супраць СМІ. Яны ўваходзяць у лік 35 журналістаў (сярод іх — 10 жанчын), якія цяпер утрымліваюцца за кратамі ў Беларусі.
Беларусь займае 57-е месца са 180 краін свету ў сусветным індэксе свабоды прэсы RSF за 2023 год.
Нагадаем, у сакавіку Мінгарсуд вынес абвінаваўчы прысуд Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай. Ім прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 12 гадоў у калоніі агульнага рэжыму. Людміла Чэкіна дадаткова аштрафавана на 1000 базавых велічынь (37 тысяч рублёў). Таксама ёй на 5 гадоў забаронена займацца дзейнасцю, звязанай з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
Апеляцыйная скарга на прысуд, пададзеная адвакатамі Золатавай і Чэкінай, пакінута без задавальнення, а прысуд Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай — без змен. Такое рашэнне вынес сёння Вярхоўны суд. Такім чынам, прысуд, вынесены Мінскім гарадскім судом 17 сакавіка, набыў моц. А гэта значыць, што хутка журналісткі будуць накіраваны ў калонію.