Вярхоўны суд не змяніў прысуд Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай
Скарга пакінутая без задавальнення, прысуд Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай — без зменаў. Ён набыў моц, і журналісткі неўзабаве выправяцца ў калоніі.
«31 ліпеня 2023 года апеляцыйным вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь прысуд Мінскага гарадскога суда ад 17 сакавіка 2023 года па крымінальнай справе ў дачыненні да Чэкінай Л.Ю. і Золатавай М. У. пакінуты без змены, а апеляцыйныя скаргі – без задавальнення. Прысуд уступіў у законную сілу», — гаворыцца ў паведамленні суда.
Нагадаем, у сакавіку Мінгарсуд вынес абвінаваўчы прысуд галоўнаму рэдактару партала TUT.BY Марыне Золатавай і дырэктару «ТУТ БАЙ медыя» Людміле Чэкінай. Ім прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 12 гадоў у калоніі агульнага рэжыму. Людміла Чэкіна дадаткова аштрафаваная на 1000 базавых велічынь (37 тысяч рублёў). Таксама ёй на 5 гадоў забаронена займацца дзейнасцю, звязанай з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
Па справе таксама праходзілі Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка. Яны не з'явіліся на судовы працэс, незадоўга да яго пачатку пакінуўшы Беларусь. Усіх траіх абвясцілі ў вышук.
Марына Золатава і Людміла Чэкіна былі затрыманыя раніцай 18 траўня 2021 года — і з таго часу знаходзяцца на «Валадарцы».
У той дзень увогуле затрымалі 15 чалавек: сілавікі прыйшлі дадому да некаторых супрацоўнікаў кампаніі і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый, а таксама ў офісы TUT.BY у Мінску і абласных цэнтрах. Допыты супрацоўнікаў партала ладзіў Дэпартамент фінансавага кантролю КДК. Некаторых з дому забралі ў статусе сведкі, а ўвечары таго ж дня яны былі ў ІЧУ на Акрэсціна як падазраваныя па крымінальнай справе.
У КДК паведамілі, што была распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Нібыта партал быў рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій і атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў.
Справу TUT.BY пачалі разглядаць 9 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме. Суд цягнуўся больш за два месяцы — агулам прайшло 37 пасяджэнняў.
Фігурантамі справы былі галоўная рэдактарка выдання Марына Золатава, былая генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна — яны знаходзіліся пад вартай, а таксама Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка — ім раней змянілі меру стрымання, на судзе іх не было, паколькі зараз яны за мяжой.
Як адзначаюць праваабаронцы, увечары 16 сакавіка па БТ паказалі «расследаванне» пра працу TUT.BY. Прапагандыстка Ксенія Лебедзева хацела распавесці гледачам, у чым вінаватыя супрацоўніцы парталу. Але, па сутнасці, іх абвінавацілі ў тым, што ў 2013-2014 гадах журналісты асвятлялі падзеі ва Украіне падчас Майдану, у 2010 годзе пісалі пра паслявыбарчыя акцыі пратэстаў у Беларусі, пра дэвальвацыі ў краіне, а таксама пра рэпрэсіі супраць мірных беларускіх пратэстоўцаў у 2020 годзе. Таму сутнасць прад'яўленых абвінавачванняў Золатавай і Чэкінай невядомая.
З нагоды прысуду з заявай выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў: «Справа супраць TUT.BY і прысуд калегам — жорсткая помста за праўду, якую TUT.BY даносіў да мільёнаў людзей.
Улады традыцыйна вырашылі разбіць люстэрка, а не выпраўляць жахлівую беларускую рэчаіснасць, якая ў ім карэктна і прафесійна адлюстравана. Паказальна, што на месцы TUT.BY паўстаў новы медыяпраект «Зеркало» («Люстэрка»), які працягнуў працу папярэднікаў, нягледзячы на рэпрэсіі.
Сёння за кратамі знаходзіцца 36 медыяпрацаўнікоў. Па колькасці супрацоўніц медыя, які пазбаўленыя волі, згодна з Рэпарцёрамі без межаў, Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы ў свеце».
Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе адмены прысуду і неадкладнага вызвалення Марыны Золатавай, Людмілы Чэкінай і ўсіх прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя, якіх на сёння трымаюць за кратамі.