Сімвал нямецкай талерантнасці

2012 год абвешчаны ў Германіі годам караля Фрыдрыха Другога (Вялікага), вобраз якога за апошнія гады вельмі трансфармаваўся.



bd430257087f92e5322919c84dc99f32.jpg

2012 год абвешчаны ў Германіі годам караля Фрыдрыха Другога (Вялікага), вобраз якога за апошнія гады вельмі трансфармаваўся.
Спадчына Старога Фрыца, (так называюць караля немцы) на першы погляд супярэчлівая. Перш за ўсё асцярожны падыход да Фрыдрыха Вялікага, які нарадзіўся 24 студзеня 1712 года, звязаны з месцам, якое ён займаў у афіцыйнай прапагандзе Трэцяга рэйху. У Трэцім рэйху нацыянал-сацыялістычная прапаганда ператварыла вобраз прускага караля ў адзін з сімвалаў «нямецкага адраджэння». Такое ўшанаванне нацыстамі было звязана з роляю караля Прусіі ў гісторыі нямецкай дзяржаўнасці. Фрыдрых Вялікі ўсяго за 20 гадоў ператварыў Прусію з аднаго са шматлікіх маленькіх нямецкіх фармаванняў у адну з самых моцных дзяржаў Еўропы. Пазней менавіта Прусія выступіла полюсам працэсу аб’яднання Германіі.
Біяграфія Фрыдрыха ў часы панавання Гітлера стала асновай для шматлікіх фільмаў, спектакляў. Адначасова публікаваліся навуковыя працы і літаратурна-мастацкія творы. Фрыдрыха часта малявалі на паштоўках і плакатах. Па колькасці выяваў Фрыдрых, на думку гісторыкаў, мог бы паспрачацца з Гітлерам. Выканаўца роляў Фрыдрыха Вялікага ў кіно акцёр Ота Гебюр быў нават пазбаўлены права гуляць якія-небудзь іншыя ролі, паколькі гэта, на думку Гебельса, магло «дыскрэдытаваць» ужо створаны ім на экране вобраз «Вялікага Караля».
У той час лічылася, што гітлераўская канцэпцыя вайсковай стратэгіі шмат у чым пазычана ў Фрыдрыха. Як вядома, Фрыдрых праславіўся сваім авантурызмам. Ён кідаў выклікі самым вялікім сталіцам кантыненту і, на дзіва, вельмі часта аказваўся пераможцам. Так здарылася, напрыклад, у фінале Сямігадовай вайны, якую, здавалася, Прусія дакладна прайграе. Рускі корпус нават увайшоў у Берлін. І тут нечакана памерла Елізавета, а рускім імператарам стаў яе сын Пётр — фанат Фрыдрыха. Пётр спыніў ваенныя дзеянні, склаў мірны трактат з Прусіяй, вярнуў адваяваныя правінцыі і гарады, а таксама загадаў сваім войскам перайсці на бок былога суперніка. Гэта не кажучы пра тое, што Фрыдрых на полі бою літаральна лез у пекла.
Магчыма, у 1945 годзе Гітлер таксама разлічваў на нешта падобнае. У любым выпадку, падчас Другой сусветнай вайны было папулярна параўноўваць кампаніі Фрыдрыха з гітлераўскім бліцкрыгам. Варта таксама згадаць, што пачаткам устанаўлення нацысцкай дыктатуры лічыцца сумесная сустрэча прэм’ера Гітлера і прэзідэнта Гіндэнбурга 5 сакавіка 1933 года ў патсдамскай гарнізоннай царкве, дзе быў пахаваны Фрыдрых Вялікі. Менавіта пасля гэтай сустрэчы стары кансерватар Гіндэнбург даў нацыстам карт-бланш на расправу з левай і ліберальнай апазіцыяй і на антыяўрэйскае заканадаўства.
Варта таксама ўзгадаць удзел Фрыдрыха ў падзелах Рэчы Паспалітай. 70 працэнтаў Прусіі знаходзілася ў свой час на этнічнай тэрыторыі палякаў. Нарэшце, мадэль створанай Фрыдрыхам арміі стала сінонімам бязлітаснай муштры, якая, у сваю чаргу, выклікае асацыяцыі з салдафонскімі аўтарытарнымі рэжымамі.
Адным словам, малюецца дастаткова адмоўны вобраз, які абсалютна супярэчыць іншым учынкам Фрыдрыха Вялікага.
Кантрыбуцыі з захопленых Фрыдрыхам земляў, нарабаваныя сродкі ішлі на стварэнне фундаменту нямецкай нацыянальнай навукі і культуры. Пад патранатам караля ў Берліне адкрылася першае пасля працяглага перапынку пасяджэнне Акадэміі навук. Таксама ў Берліне быў пабудаваны новы оперны тэатр, тады адзін з самых прыгожых у Еўропе. На яго падмостках выступалі ў той час лепшыя артысты свету. Фрыдрыха часта называлі першым у гісторыі філосафам на троне.
За адзінаццаць гадоў Фрыдрых паспеў рэфармаваць прускую юрыдычную сістэму. Да відавочных дасягненняў яго рэжыму можна аднесці ўстанаўленне роўнасці перад законам прадстаўнікоў усіх саслоўяў і нацый, стварэнне незалежнага ад адміністрацыі суда. Фрыдрых быў, магчыма, першым з манархаў, хто адмовіўся ад кантролю над прэсай. Цэзура СМІ абмяжоўвалася трыма забаронамі: нельга было пісаць супраць Бога, супраць таемстваў хрысціянскай царквы і супраць гонару народа.
Такая супярэчнасць асобы Фрыдрыха, на думку псіхолагаў, звязаная з псіхічнай траўмай, якую ён перажыў у юнацтве. Стаміўшыся ад бясконцых здзекаванняў і насмешак з боку бацькі, у 18 гадоў малады Фрыдрых зрабіў няўдалую спробу збегчы з бацькаўскага дому ў Англію. Наступствы былі самымі суровымі: Фрыдрых быў адпраўлены ў крэпасць, полк прынца быў распушчаны, экіпажы адабраныя, любімыя кнігі спаленыя, а найбліжэйшы сябар адпраўлены на смерць. Прычым прысуд павінен быў быць прыведзены ў выкананне на вачах у прынца, які не вытрымаў сцэны і страціў прытомнасць. Гэта стала своеасаблівым рубіконам у жыцці нашчадка. Пасля ён падпарадкаваўся аўтарытэту бацькі, каналізуючы агрэсію ў вайсковую справу.
Адсюль, як лічыцца, і бярэ свой пачатак амбівалентнасць асобы караля. З аднаго боку, ён выступае за ідэі свабоды і роўнасці, захапляецца паэзіяй, грае на флейце, піша санеты і арыі. І адначасова дэманструе сябе заўзятым салдафонам — да смерці збівае рэкрутаў і вядзе часам бессэнсоўныя войны, якія ў выніку знеслі больш за мільён чалавечых жыццяў. Нядзіўна, што смерць караля выклікала ціхую радасць сярод немцаў. Ім надакучыла ваяваць.
У 1806 годзе Прусію акупаваў Напалеон, і вакол фігуры Фрыдрыха ў народзе нараджаецца сапраўдны міф. Складаюцца шматлікія анекдоты, выдаюцца аповесці пра подзвігі Старога Фрыца і г.д. Кульмінацыя культу прыходзіцца на час войнаў за аб’яднанне Германіі. Адначасова яго імя ўсё ахвотней пачынае выкарыстоўваць дзяржава — спачатку кайзераўская Германія, пасля Вейрмарская рэспубліка і нарэшце Гітлер. Гэтая лінія прыпынілася толькі пасля вайны. Улады як ФРГ, так і ГДР бачылі ў гэтым крыніцу рэваншызму.
Цяпер інтарэс да Фрыдрыха ІІ вяртаецца, прычым у самым незвычайным ракурсе. Фігура Фрыдрыха стала папулярнай сёння сярод прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў. Яны на поўным сур’ёзе сцвярджаюць, што манарх быў гомасэксуалістам. Канкрэтнай інфармацыі ў архівах на гэты конт няма. Адзінае, што вядома, тое, што кароль і яго жонка сапраўды жылі паасобку, яны ледзь пераносілі адзін аднаго. Часам кароль прасіў у каралевы дазволу павячэраць разам з ёю. Яны сыходзіліся моўчкі, паважна раскланьваліся адзін з адным, садзіліся за стол і з такой жа цырымоніяй пасля абеду разыходзіліся...
Нечакана кампліменты на адрас Фрыдрыха ІІ пачалі адпускаць палякі. Прызнаецца, што падзел Рэчы Паспалітай быў знешнепалітычным агрэсіўным актам. Аднак у перспектыве, як кажа ў інтэрв’ю «Tageszeitung» польскі гісторык Гжэгаш Падручны (Grzegorz Podruczny), інкарпарацыя палякаў у нямецкае грамадства мела плён. У Польшчы хутчэй развіваўся капіталізм і, адпаведна, грамадзянскае сумленне.
Калі сёння паглядзець на электаральную карту польскіх выбараў, можна лёгка заўважыць — цытадэль лібералаў з партыі «Грамадзянская платформа» знаходзіцца менавіта на землях, якія ў свой час уваходзілі ў склад Прусіі. У гэтым плане не дзіўна, што адным з цэнтраў ушанавання юбілею Фрыдрыха Вялікага з’яўляецца нямецка-польскі ўніверсітэт у Франкфурце-на-Одэры.
У гэтым плане цікавай з’яўляецца нататка ў правым нямецкім выданні «Junge Freiheit». Аўтар лічыць, што цяперашні юбілей і шуміха вакол Фрыдрыха Вялікага — каварная змова левых інтэлектуалаў. Так здарылася, што галоўныя ролі ў гісторыі немцаў гулялі правыя палітыкі — Бісмарк і Адэнаўэр. Канкураваць з імі здольны выключна Стары Фрыц. Такім фантастычным чынам улюбёнец Гітлера стаў сімвалам нямецкай нацыянальнай і нават сэксуальнай талерантнасці.