СААЗ склікае тэрміновую нараду праз успышку новай хваробы ў Еўропе

Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ) збіраецца правесці экстраную нараду для абмеркавання малпавай воспы. Ужо зарэгістравана больш як 100 хворых, паведамляе «Reuters» са спасылкай на крыніцы.

33389.jpg


У нарадзе прыме ўдзел група STAG-IH, якая кансультуе Сусветную арганізацыю аховы здароўя (СААЗ) пра інфекцыйныя рызыкі, што могуць уяўляць пагрозу для глабальнай аховы здароўя.

Малпавая воспа: што вядома

Паводле звестак на сайце СААЗ, упершыню арганізацыю паінфармавалі пра новае захворванне 7 траўня — тады ў Вялікабрытанію з Нігерыі прыехаў чалавек, заражаны воспай. З таго моманту новыя выпадкі захворвання сталі фіксаваць і ў іншых краінах. Праз тыдзень, 16 траўня, лекары выявілі яшчэ чацвярых хворых.
Ідэнтычныя выпадкі распаўсюду воспы ёсць і ў Партугаліі. Колькасць хворых сягае ад 5 да 20 чалавек. Усе інфікаваныя — мужчыны, якія стаяць на ўліку ў клініках па лячэнні ЗППП.
Трэцяй краінай, якая прызнала наяўнасць заражаных малпавай воспай, стала Іспанія. Паводле іспанскіх медыкаў, вірус перадаваўся праз пацалунак.
Таксама апошнія новыя выпадкі былі зарэгістраваныя ў Францыі, Італіі, Швецыі і Аўстраліі. Пад падазрэнне таксама патрапілі Германія, ЗША і Канада.

Што за малпавая воспа

Гэты від воспы перадаецца чалавеку ад жывёл, найболей верагодна — ад грызуноў і прыматаў. Сустракаецца, у асноўным, у аддаленых раёнах Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі. Вакцыны ці лекаў ад малпавай воспы няма, але лекары сцвярджаюць, што рэгулярная вакцынацыя ад натуральнай воспы змяншае рызыку заражэння воспай малпаў.
Тры асноўных сімптомы малпавай воспы:

  • ліхаманка;
  • характэрны сып на целе;
  • пухіры.

У большасці выпадкаў захворванне праходзіць у лёгкай форме і знікае самастойна за некалькі тыдняў. Часам назіраецца і цяжкае цячэнне хваробы, дзе працэнт смерці вар’іруецца ад 1 да 15%. Найбольш складана пераносяць гэтае захворванне дзеці.
Малпавая воспа перадаецца кантактным і паветрана-кропельным шляхам, але для заражэння неабходны цесны кантакт з хворым чалавекам.
Каб знізіць рызыку захворвання, СААЗ рэкамендуе:

  1. пазбягаць кантактаў з хворымі прыматамі;
  2. устрымлівацца ад ужывання ў ежу мяса дзікіх жывёл;
  3. рэгулярна праводзіць санітарную апрацоўку рук;
  4. захоўваць асабістую гігіену;
  5. засцерагацца падчас палавога акта;
  6. цесна не кантактаваць з незнаёмымі людзьмі ці вандроўцамі.