Саўгас атакуе Крэмль
Фронтмэнам антыпуцінскай апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2018 года нечакана можа стаць Павел Грудзінін, камуніст, які кіруе саўгасам імя Леніна, што знаходзіцца пад Масквой.
Грудзінін прайшоў шлях ад загадчыка механічнай майстэрні да дырэктара саўгаса. Ён размаўляе з электаратам на простай мове ды ўжывае папулісцкую рыторыку. Дастаткова згадаць папулярны раскручаны ў СМІ выраз Грудзініна: «Сіла краіны вызначаецца не колькасцю танкаў, а колькасцю дзіцячых калысак».
Саўгас Грудзініна — гэта сапраўдны эканамічны феномен, які называць «выспай сацыялізму». Паводле статуту, гэта звычайнае закрытае акцыянернае прадпрыемства, дзе акцыянерамі выступаюць працоўныя саўгасу. Пры гэтым дывідэнды не выплачваюць, а ўвесь прыбытак накіроўваюць на павышэнне заработнай платы работнікаў і сацыяльную сферу. Для працаўнікоў саўгаса 50% кошту жылля аплачвае прадпрыемства, другую палову работнік выплачвае на працягу 15 гадоў — натуральна, без працэнтаў і пераплаты.
З іншага боку, некаторыя лічаць, што эканамічны геній Грудзініна — міф. Асноўная крыніца багацця саўгаса імя Леніна, маўляў, — геаграфія прадпрыемства. Саўгасныя землі практычна на вагу золата, паколькі знаходзяцца адразу за МКАД.
Дасюль не зразумела, што натхніла Грудзініна ісці ў прэзідэнты. Хаця дырэктар саўгаса даўно носіць дэпутацкі значок, яго больш ведалі як паспяховага прадпрымальніка. Такая пасіўнасць не падаецца дзіўнай, з улікам таго, што камуністы — кішэнная партыя Зюганава, які з 1996 года манапольна прадстаўляе партыю на выбарах кіраўніка дзяржавы.
Трамплінам у кандыдаты для Грудзініна стаў праймерыз прадстаўніка левых сілаў, які ўвосень абвясціў герой супрацьстаяння на Балотнай плошчы Сяргей Удальцоў, што быў вызвалены ўлетку з турмы. Дзіўным чынам ініцыятыва выклікала інтарэс. Удзельнічаць у праймерыз запісаліся практычна ўсе больш-менш вядомыя крытыкі пуцінскага рэжыму злева — ад эканамістаў да анархістаў.
Яшчэ больш дзіўнай сталася развязка. У фінал выйшлі не аксакалы левай палітыкі, а той жа Юрый Болдыраў, больш вядомы як адзін з экс-лідараў ліберальнай партыі «Яблоко». Праўда, у выніку Болдыраў прайграў Грудзініну 8 пунктаў.
Поспех дырэктара саўгаса стаў сігнальнай ракетай для антызюганаўскай апазіцыі ўнутры Кампартыі. Некаторыя філіі прынялі рэзалюцыі ў падтрымку кандыдатуры Грудзініна. «Грудзінін — гэта прыклад эфектыўнага кіраўніка народнага прадпрыемства той формы, за якую мы сёння выступаем», — гаворыцца ў рэзалюцыі алтайскай секцыі КПРФ. Важнай падзеяй стала нечаканая публікацыя ў цэнтральнай партыйнай газеце «Советская Россия», якая заклікала Зюганава даць шанец для новых асобаў.
Акрамя таго, першыя інтэрв’ю пераможцы паказалі, што Грудзінін можа пашырыць лагер сваіх прыхільнікаў. Ён, з аднаго боку, настальгуе па часах СССР, а з другога — крытыкуе дзяржаўную палітыку адносна бізнесу. «Мы павінны плаціць падаткі. Але падаткі гэтыя празмерныя, і прадпрымальнік, каб выжыць, пачынае іх «аптымізаваць». А потым прыходзіць улада і кажа: за тое, што ты не хацеў шмат плаціць, цяпер ты аддасі ўсё. У сучаснай Расіі ніякіх гарантый вашай уласнасці не існуе. Дзяржава ў нашай краіне — гэта галоўны рэйдэр», — абураецца Грудзінін у адным з інтэрв’ю.
Падабаецца яго імідж і палітычным тэхнолагам. «Міф Грудзініна можна добра прадаваць і сярод традыцыйнай базы партыі, і сярод жыхароў буйных гарадоў. Выступае і палемізуе ён добра. У адрозненне ад Ксеніі Сабчак і многіх іншых кандыдатаў у кандыдаты, пакідае ўражанне шчырага чалавека, які кажа тое, што думае. А ў наш час сімулякраў — гэта важная перавага», — мяркуе адзін з піяршчыкаў на старонках выдання «Федеральная пресса».
Засталося толькі адно пытанне: ці рызыкне сам Грудзінін ісці ў прэзідэнты аўтаномна ад Зюганава, для якога фурор дырэктара саўгаса — гучная аплявуха? Варта адзначыць, што кіраўнік КПРФ не патрапіў нават у дзясятку па выніках праймерыз.
Наконт магчымай балаціроўкі Грудзініна дасюль узнікаюць спрэчкі. Напрыклад, палітолаг Павел Сметанкоў кажа пра наяўнасць фактаў вельмі блізкіх прыватных адносін паміж Зюганавым і Грудзініным. На яго думку, максімум, што можна чакаць ад Грудзініна, — удзел у камандзе падтрымкі «дзядзькі Гены».
А вось левы публіцыст Ілля Будрайціс у каментары «Новаму Часу» сказаў, што Гудзілін абавязкова з’явіцца ў выбарчых бюлетэнях, бо яго будзе прасоўваць Крэмль:
— Відавочна, што Зюганаў не здольны падняцца на ўзровень хаця б 10% на сакавіцкіх выбарах. Стары ўжо, не можа прывесці на ўчасткі свой так званы «пратэстны электарат». Тады як Крамлём ясна пастаўленая задача падцягнуць яўку. У гэтых умовах, вядома, магчымы варыянт з новым «народна-патрыятычным» кандыдатам, які будзе рэзка атакаваць «ліберастаў», амерыканскі імперыялізм і заклікаць да аднаўлення Савецкага Саюза. Такі кандыдат мог бы пазмагацца за другое месца з Жырыноўскім, і ў цэлым захаваць вартае месца КПРФ у пуцінскай сістэме «імітацыйнай дэмакратыі». На жаль, у цяперашняй сітуацыі толькі рэальны правал КПРФ можа паставіць пытанне пра неабходнасць новай, ні арганізацыйна, ні ідэалагічна не звязанай з гэтым жывым трупам левай палітычнай сілай у краіне. Трэба, каб гэтыя выбары рэальна сталі для КПРФ і ўсяго «народна-патрыятычнага» паскуддзя апошнімі.